Задача дэпутата – выслухаць чалавека, — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Задача дэпутата – выслухаць чалавека,

16 февраля 2018 - Administrator
article3746.jpg

 зразумець яго праблему і дапамагчы яе вырашыць

У аўторак, 13 лютага, у Івацэвіцкім райвыканкаме адбылася “прамая тэлефонная лінія” з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Івацэвіцкай выбарчай акрузе №11, намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Анатоліем  Ткачуком. 

 

За гадзіну да дэпутата па тэлефоне звярнуліся чатыры чалавекі. Звароты паступілі з Івацэвічаў, Косава, Волькі і Вулькі-Аброў-
скай. Таксама ў гэты час на прыём да дэпутата прыйшлі два жыхары райцэнтра.
Пытанні, з якімі звярнуліся да Анатолія Ткачука, тычыліся розных тэм. Большасць з іх мела асабісты характар. 

 Пенсіянерка з райцэнтра прасіла дэпутата пасадзейнічаць  ў далейшым працаўладкаванні, улічваючы складаную жыццёвую сітуацыю. Мужчыну з Вулькі-Аброўскай турбуе небяспечнае скрыжаванне непадалёку ад будынка былога мясцовага ФАПа, дзе назіраецца ажыўлены аўтамабільны рух. На думку мясцовага жыхара, каб вадзіцелі зніжалі хуткасць і звярталі ўвагу на бяспеку, тут неабходна ўсталяваць штучную няроўнасць. Яшчэ два жыхары з Івацэвічаў звярнуліся да дэпутата: аднаго турбуе пытанне па функцыянаванні гарадскіх лазняў, а другі занепакоены несвоечасовай уборкай адходаў драўніны на пляцоўках, якія рыхтуюцца для загатоўкі торфасыравіны. Жыхарка Косава прасіла патлумачыць пытанне атрымання субсідыі на пагашэнне крэдыта, а жанчына з былога ваеннага гарадка (цяпер вуліца Рэгіноўская  Волькі) цікавілася аб долевым удзеле ў будаўніцтве жылля і пытаннях устанаўлення арэнднай платы.

На ўсе пытанні Анатолій Ткачук даў кампетэнтныя тлумачэнні, некаторыя з іх патрабуюць дэталёвага вывучэння і адказы на іх грамадзяне атрымаюць пазней. 
– У апошні час назіраецца актыўнасць выбаршчыкаў, – кажа Анатолій Уладзіміравіч. – Людзі прыходзяць на прыём з рознымі пытаннямі. Сёння, напрыклад, усю першую палову дня я працаваў у Бярозаўскім раёне, правёў прыёмы грамадзян у Пескаўскім, Першамайскім і Малечскім сельвыканкамах, дзе да мяне звярнуліся дзесяць чалавек. 15 лютага, у чацвер, будуць ладзіцца прыёмы грамадзян у Целяханскім і Аброўскім сельвыканкамах.  Як ужо казаў, пытанні задаюць розныя, нехта прыходзіць з асабістай просьбай, а нехта прадстаўляе інтарэсы пэўнага кола людзей. І мая задача, як у прынцыпе і задача дэпутата любога ўзроўню, выслухаць чалавека, зразумець яго праблему і дапамагчы яе вырашыць. 
Трэба адзначыць, што некаторыя з тых, хто звярнуліся да дэпутата ў гэты дзень, дзякавалі Анатолію Ткачуку за вырашэнне тых пытанняў, з якімі яны звярталіся да яго раней. Актыўнасць выбаршчыкаў і словы падзякі ў адрас дэпутата гавораць самі за сябе.

У сваю чаргу, Анатолій Уладзіміравіч выказаў упэўненасць, што жыхары Івацэвіцкага раёна, як і заўсёды, прымуць актыўны ўдзел у выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў 28-га склікання, якія адбудуцца 18 лютага 2018 года, а новаабраным дэпутатам пажадаў плённай працы на карысць раёна і яго жыхароў.
Аляксандра ДЖЭЖОРА, 
Ганна Ільяшэвіч  (фота).
Комментарии (0)
Добавить комментарий