Кандыдаты будуць абавязаны прадставіць дэкларацыі — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Кандыдаты будуць абавязаны прадставіць дэкларацыі

15 декабря 2017 - Administrator
article3610.jpg
Кандыдаты ў дэпутаты на выбарах у мясцовыя Саветы 28-га склікання абавязаны будуць прадставіць дэкларацыі аб даходах за 2016 год. Размова аб гэтым ішла  на пасяджэнні Цэнтрвыбаркама Беларусі.

 Як адзначалася, у Цэнтральную камісію часта паступаюць звароты, звязаныя з растлумачэннем правіл дэкларавання даходаў і маёмасці асобамі, якія збіраюцца вылучацца кандыдатамі ў дэпутаты абласных, Мінскага гарадскога, раённых і гарадскіх, гарадоў абласнога падпарадкавання Саветаў. Менавіта гэта катэгорыя кандыдатаў абавязана ў адпаведнасці з заканадаўствам дэклараваць свае даходы і маёмасць пры вылучэнні на выбарную пасаду. У праекце пастановы, якая прынята на пасяджэнні ЦВК, змешчана палажэнне аб тым, што кандыдаты павінны дэклараваць свае даходы за 2016 год, а не за 2017-ы. Гэта абумоўлена некалькімі прычынамі. Па-першае, тым, што перыяд вылучэння на мясцовых выбарах пачаўся ў снежні 2017 года і заканчваецца 8 студзеня 2018 года. У сувязі з гэтым Цэнтрвыбаркам лічыць няправільным, каб адны кандыдаты прадстаўлялі дэкларацыю за 2016 год, а другія дэкларавалі свае даходы за 2017-ы. У Выбарчым кодэксе Беларусі замацаваны прынцып роўнасці ўсіх удзельнікаў выбарчага працэсу, у тым ліку – кандыдатаў у дэпутаты, адзначалася на пасяджэнні. Яшчэ адзін аргумент на карысць дэкларавання даходаў за 2016 год у тым, што многія грамадзяне атрымліваюць зарплату за снежань месяц у студзені. Акрамя таго, па выніках года работнікі могуць атрымліваць узнагароджанне, якое выплачваецца таксама пасля 1 студзеня. Гэта значыць, на момант прадстаўлення дэкларацыі яны могуць не бачыць гэтых сродкаў, але пры праверцы падатковымі органамі гэта розніца будзе бачная і можа мець негатыўныя наступствы для прэтэндэнта на дэпутацкую пасаду. На пасяджэнні ЦВК прынята пастанова, якая датычыцца фарміравання кандыдатамі ўласных выбарчых фондаў. Яны могуць быць утвораны ў наступных памерах: кандыдаты ў дэпутаты абласных, Мінскага гарадскога Саветаў – да 30 базавых велічынь (Br690); кандыдаты ў дэпутаты іншых Саветаў – да 10 базавых велічынь (Br230). Фонд можа фарміравацца за кошт уласных сродкаў кандыдата, за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян Беларусі і Расіі (калі яны пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі). Пры гэтым памер ахвяравання грамадзяніна не можа перавышаць 2 БВ (Br46). Яшчэ адна крыніца паступлення – добраахвотныя ахвяраванні юрыдычных асоб (не можа перавышаць 5 БВ, што складае Br115). Для фарміравання ўласнага выбарчага фонду кандыдат мае права адкрыць у падраздзяленні Беларусбанка толькі адзін спецыяльны рахунак. 


Пры ЦВК Беларусі на мясцовых выбарах акрэдытаваны сем нацыянальных наглядальнікаў 
Пры Цэнтральнай камісіі для работы на мясцовых выбарах акрэдытаваны сем нацыянальных наглядальнікаў, якія прадстаўляюць палітычныя партыі і грамадскія аб'яднанні Беларусі. Аб гэтым паведаміла  старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына.
 Гэта, у прыватнасці, прадстаўнікі Рэспубліканскага праваабарончага грамадскага аб'яднання “Беларускі Хельсінкскі камітэт”, Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання “Белая Русь”, грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын”, Ліберальна-дэмакратычнай партыі, Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, а таксама грамадскага аб'яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

 На мясцовых выбарах пры ЦВК створаны кансультатыўны савет па разглядзе спрэчак, звязаных з выкарыстаннем СМІ 
Пры ЦВК Беларусі на мясцовых выбарах створаны грамадска-кансультатыўны савет па разглядзе спрэчак, звязаных з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі.

Як адзначыла на пасяджэнні ЦВК сакратар Цэнтрвыбаркама Алена Дмухайла, такі орган упершыню быў створаны яшчэ пры правядзенні парламенцкіх выбараў у 2000 годзе і папярэднія гады называўся па-рознаму. “На гэты раз вырашана, што назва такога савета павінна адпавядаць яго кампетэнцыі на мясцовых выбарах, і больш правільна будзе назваць яго грамадска-кансультатыўным саветам па разглядзе спрэчак, звязаных з выкарыстаннем СМІ, пры правядзенні выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў 28-га склікання”, – расказала яна. 
На пасяджэнні зацверджаны і персанальны склад гэтага савета. Узначаліць яго першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Ігар Луцкі. У склад савета таксама ўвойдуць спецыялісты ў галіне рэдакцыйна-выдавецкай дзейнасці і СМІ. 

Як паведамлялася, 10 снежня ў Беларусі стартавала вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў 28-га склікання. Гэты перыяд прадоўжыцца па 8 студзеня 2018 года ўключна. Вылучацца на мясцовых выбарах можна трыма традыцыйнымі спосабамі – шляхам збору подпісаў, ад палітычных партый і ад працоўных калектываў. Грамадзянін мае права вылучацца па адной з выбарчых акруг у мясцовы Савет кожнага тэрытарыяльнага ўзроўню (у абласны, раённы і сельскі). Мясцовыя выбары пройдуць у Беларусі 18 лютага, будзе размеркавана ў агульнай колькасці крыху больш як 18 тыс. мандатаў.
Па матэрыялах БелТА.
Комментарии (0)
Добавить комментарий