Падарожжа на рэтра-аўтамабілях — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Падарожжа на рэтра-аўтамабілях

6 августа 2018 - Administrator
article4099.jpg

Каля паўсотні рарытэтных аўтамабіляў самых розных марак і пакаленняў з шэрага гарадоў Беларусі былі прадстаўлены жыхарам Івацэвіччыны ў мінулую суботу, 4 жніўня. На плошчы каля райвыканкама прайшла выстаўка рэтра-аўтамабіляў “Берасцейскі шлях”, мерапрыемства арганізавалі члены клуба аматараў рэтра Брэста.


Адна з умоў – удзел у выстаўцы аўтамабіляў да 1990 года выпуску. Тут, канешне, можна было ўбачыць савецкія аўто – “Масквічы”, “Волгі”, “Чайкі”, “Запарожцы”, якім 40-60 гадоў, тут былі і “опелі”, “фольксвагены”, якіх дакладна не ўбачыш на нашых аўтадарогах сёння. Выстаўка выклікала значны інтарэс: дарослых і асабліва дзяцей проста немагчыма было адцягнуць ад аўто. Жадаючыя маглі сфатаграфавацца на тут і нават, з дазволу ўласнікаў, пасядзець за рулём. Гэтай магчымасцю многія з наведвальнікаў з вялікім жаданнем скарысталіся, асабліва дзеці.


Знамянальна, што “Берасцейскі тракт” здзяйсняе ваяж па гістарычных месцах Івацэвіччыны – мемарыяльны комплекс партызанскай славы “Хаваншчына”, мемарыяльны музей-сядзіба імя Т. Касцюшкі, “Гасціны двор” у Няхачава. Падчас адкрыцця мерапрыемства намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Велікаселец адзначыў, што падобныя мерапрыемствы раённая ўлада падтрымлівала і будзе падтрымліваць і што можна не сумнявацца: уражанні ў гасцей будуць самыя цёплыя.

І вось пелатон рэтра-аўтамабіляў накіроўваецца ў шлях, яны праехалі па Івацэвічах, пасля накіраваліся на “Хаваншчыну”, дзе для гасцей нашага краю правялі экскурсію.


Сапраўдны фурор выклікала прыбыццё такой вялікай колькасці аўтамабіляў на тэрыторыю музея-сядзібы імя Т. Касцюшкі. У гэты суботні дзень тут, як звычайна, многа адпачывае маладажонаў з гасцямі, якія скарысталіся магчымасцю “неафіцыйна” пабыць на выставе, пазнаёміцца з рэтра-легкавікамі, сфатаграфавацца. Апошнім пунктам прыпынку для ўдзельнікаў “Берасцейскага тракта” стаў Гасціны двор.

 


Як ацэньваеце маршруты Івацэвіцкага раёна і ўвогуле наш раён? З такім пытаннем супрацоўнік “ІВ” звярнуўся да аматараў аўтамабільнага рэтра – да Уладзіміра Ланскога з Наваполацка і Аляксандра Быкава з Жабінкі:

– Паўнавартаснае жыццё ў жыхароў вашага раёна! Нават не чакалі – столькі аб’ектаў, столькі артэфактаў! “Хаваншчына” – гэта так крэатыўна і незвычайна. А Косаўскі замак! Такая веліч у правінцыі! Вам ёсць што паказаць, чым ганарыцца…

Аляксандр ГОРБАЧ (фота аўтара).  

Комментарии (0)
Добавить комментарий