Знаёмцеся – яжовік каралападобны! — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Знаёмцеся – яжовік каралападобны!

23 сентября 2018 - ALIAKSANDAR MIALIK
article4197.jpg

 

Сёння ўжо ў нікога не выклікае сумневу, што гэты год, нягледзячы на засушлівы пачатак лета, парадаваў усіх нас багатым ураджаем садавіны і гародніны, а таксама лясных дароў – ягад і грыбоў. Багатыя на грыбы гады заўсёды дораць шмат прыемных імгненняў не толькі аматарм ціхага палявання, але і прафесійным навукоўцам, якія займаюцца даследаваннем прыроды. Так, на днях, у нашых лясах быў знойдзены новы від грыбоў для Івацэвіцкага раёна, занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь – яжовік каралападобны.

Гэты від, вядомы таксама пад назвай герыцыум каралападобны (Hericium  coralloides (Scop.) Pers.), мае III  ахоўную катэгорыю, паколькі з’яўляецца даволі рэдкім і ўразлівым. Яго высокі ахоўны статус пацвярджаецца і тым, што грыб уключаны ў Чырвоныя кнігі нашых суседзяў – Украіны, Літвы, Польшчы, Латвіі і Расіі.

Пладовае цела яжовіка каралападобнага знаходзіцца на мясістай кароткай ножцы, шмат разоў каралападобна разгалінавае і ў агульным выглядзе мае сферычную форму. Яго памеры могуць дасягаць да 30 см у папярочніку, мякаць грыба валакністая, снежна-белага або жаўтаватага (пры старэнні) колеру. Характэрная прыкмета грыба – знешні выгляд, вельмі падобны да каралаў. Шматлікія галінкі пладовага цела густа пакрыты накіраванымі ўніз шыпікамі даўжынёй да 1 см, што надае яму незвычайную прыгажосць. Акрамя высокай дэкаратыўнасці яжовік каралападобны з’яўляецца і мала вядомым ядомым грыбам з нядрэннымі харчовымі якасцямі.

Расце гэты грыб амаль па ўсім Свеце, яго арэал ахоплівае ўмераныя шыроты Еўропы, Каўказ, Сібір і Далёкі Ўсход, Паўночную Амерыку, а таксама паўднёва-ўсходнюю Азію і нават Аўстралію. Спарадычна ён сустракаецца па ўсёй Беларусі, а на тэрыторыі Брэсцкай вобласці да гэтага часу быў дакладна вядомы толькі з Белавежскай пушчы і Брэсцкага раёна. Сустракаецца ён у дубровах, ельніках і хвойніках, дзе прысутнічае бяроза. З’яўляецца індыкатарам стараўзроставых і мала парушаных лясоў. Пладовыя целы ўтварае ў чэрвені – верасні на паваленых ствалах старых дрэў, у дуплах, на карэннях і пяньках. З’яўляецца сапратрофам, паколькі жывіцца за кошт адмерлай драўніны лісцевых парод – вольхі чорнай, граба звычайнага, дуба і бярозы. Выклікае белую гніль драўніны, але да шкоднікаў лесу не адносіцца. Сустракаецца звычайна адзінкавымі асобінамі ў малой колькасці, таму вельмі ўразлівы да гаспадарчай дзейнасці чалавека. Найбольшую шкоду яму наносяць высечкі лясоў і збор пладовых цел насельніцтвам.

У Івацэвіцкім раёне яжовік каралападобны быў знойдзены ў ваколіцах вёскі Вулькі-Целяханскай, лясы якой увогуле багаты шматлікімі іншымі рэдкімі відамі раслін, грыбоў і жывёл. Месца вырастання гэтага грыба знаходзіцца ва ўрочышчы Мэераў Хутар пасярод хваёвага лесу. Цікавасць знаходкі заключаецца ў тым, што на адным паваленым і распілаваным ствале бярозы адначасова знаходзіцца 7 пладовых цел яжовіка каралападобнага. Хаця ў літаратуры звычайна трапляюцца звесткі пра знаходкі адзінкавых пладовых цел у некранутых стараўзроставых лясах.

Такім чынам, дзякуючы гэтай знаходцы спіс ахоўваемых раслін, жывёл і грыбоў Івацэвіцкага раёна папоўніўся яшчэ адным цікавым відам. Хочацца дадаць, што апісаную вышэй знаходку нельга лічыць адзінай для ўсяго раёна. Верагоднасць таго, што гэты грыб, як і шэраг іншых рэдкіх відаў раслін, можна знайсці і ў іншых месцах Івацэвіччыны, даволі высокая. Таму, калі каму-небудзь з чытачоў трапіць на вочы што-небудзь цікавае і незвычайнае, не лянуйцеся зрабіць фотаздымак і накіраваць яго спецыялістам. Тады мы будзем не толькі ведаць значна больш пра нашу прыроду, але і зможам зрабіць усё магчымае, каб яе скарбонка не збяднела.

Аляксандр Мялік

 

Рейтинг: 0 Голосов: 0 2346 просмотров
Комментарии (0)
Добавить комментарий