“Колас” – з мікраскопам і шмат іншым… — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


“Колас” – з мікраскопам і шмат іншым…

20 марта 2013 - Administrator
article223.jpg

Навуковае таварыства школьнікаў “Колас” ДУДА “Цэнтр дзіцячай творчасці г.п.Целяханы” сапраўды ўнікальнае. Мала таго, што навуковыя работы дзяцей маюць рэдкую і каштоўную спецыфіку, дык дзякуючы яго кіраўніку Леаніду Аляксеевічу Жыцянёву, тут падрастаюць, па вялікім рахунку, будучыя навукоўцы. Сёлета таварыства целяханскіх школьнікаў за свае дасягненні адзначана на самым высокім узроўні. Яно адзінае ў вобласці атрымала фінансавую падтрымку на суму 48,8 мільёна рублёў са спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

 

І вось з Целяхан прыйшла навіна, што за гэтыя грошы матэрыяльна-тэхнічная і метадычная база “Коласа” ўмацавалася новым высокадакладным мікраскопам з магчымасцю запісу відэа і захаваннем даных, электроннымі лабараторнымі вагамі, тэлевізарам ЖК, ламінатарам і перфабіндэрам, лічбавым фотаапаратам “Кэнан”, многафункцыянальнай устаноўкай, мультымедыйнай устаноўкай… Закуплена вучэбна-метадычная, прыкладная літаратура, энцыклапедыі, серыя кніг па садаводстве і агародніцтве і нават “выцягнулі”, далажыўшы крыху сваіх сродкаў, камп’ютарны стол.

 

Як адзначыла дырэктар ДУДА “Цэнтр дзіцячай творчасці г.п.Целяханы” Ганна Літвінава (на здымку з новым абсталяваннем), для навукоўцаў доследная работа намнога аблегчыцца, рабяты са сваім кіраўніком змогуць з новым абсталяваннем весці назіранні і фіксіраваць усе стадыі развіцця доследнага матэрыялу. На больш высокім узроўні можна будзе рыхтавацца да конкурсаў, праводзіць семінары.

 

Работа, якую вядуць юныя навукоўцы складаная, карпатлівая, але хлопчыкі працуюць з задавальненнем, мэтанакіравана. Асабліва хочацца адзначыць стараннасць Жэні Савуціна, Андрэя Драгуна, брат якога таксама займаўся ў Леаніда Аляксеевіча Жыцянёва, Влада Струнеўскага, Кірыла Фядковіча, Багдана Каржаневіча, Сашы і Уладзіслава Арцюхоў.

Валянціна БОБРЫК. Фота аўтара 

Комментарии (1)
Добавить комментарий RSS-лента RSS-лента комментариев