Па добрай школьнай традыцыі — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Па добрай школьнай традыцыі

1 февраля 2018 - Administrator
article3706.jpg

 У мінулую суботу, 27 студзеня, у ДУА “Сярэдняя школа №4” па добрай традыцыі прайшла урачыстая цырымонія ўшанавання пераможцаў і прызёраў алімпіяд па вучэбных прадметах, навукова-даследчай канферэнцыі, лепшых спартсменаў і актывістаў “Школа запальвае зоркі”. 

У актавай зале школы не было дзе яблыку ўпасці – тут сабраліся бацькі, бабулі і дзядулі, настаўнікі і вучні, а таксама ганаровыя госці, каб ва ўрачыстай абстаноўцы павіншаваць лепшых з лепшых. 

Распачалося свята з выканання гімна школы. З прывітальным словам перад прысутнымі выступіў дырэктар школы Алег Васільевіч Раўчэня. Ён дзякаваў вучням за іх намаганні, веды і працу, якія дапамаглі ім дасягнуць высокіх вынікаў, і пажадаў ім новых перамог, дасягнення самых высокіх мэтаў і поспеху ў будучым.
Першымі на сцэну падняліся пераможцы алімпіяд па вучэбных прадметах. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Тэрэза Тадэвушаўна Лінцэвіч, якая ўзнагароджвала іх памятнымі падарункамі, асобна дзякавала бацькам, якія заўсёды падтрымліваюць сваіх дзяцей, бо без іх падтрымкі такіх поспехаў было б цяжка дасягнуць. Яна адзначыла, што бацькі вельмі цесна супрацоўнічаюць з настаўнікамі, таму ў школы і атрымліваецца выхаваць цалкам гарманічную асобу.

На сцэну некаторыя хлопцы і дзяўчаты за ўзнагародамі ўзнімаліся некалькі разоў запар, што яшчэ раз падкрэслівае выраз: таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Іх віншавала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ірына Леанідаўна Русак, якая  нагадала пра ўклад педагогаў у школьныя перамогі, дала наказ вучням цаніць, помніць і быць удзячнымі настаўнікам, якія ў сваіх вучняў укладваюць душу. 
Пераможцы XV раённай даследчай канферэнцыі  “Дзеці. Творчасць. Інтэлект” атрымалі свае ўзнагароды з рук выконваючай абавязкі першага сакратара РК ГА “БРСМ” Аляксандры Гардзейка.

Не засталіся без увагі і пастаянныя актывісты школы, якіх віншавала галоўны спецыяліст сектара па ахове дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама  Алена Мархель. Таксама яна ўручыла дырэктару школы Алегу Васільевічу Раўчэне Грамату аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і дзякавала за тое, што мерапрыемства “Школа запальвае зоркі” стала прыгожай і добрай традыцыяй, яно годна прадстаўляе ўстанову адукацыі і яе таленавітых вучняў. 
 
Лепшых спартсменаў ВСУ “ДЮСШ Івацэвіцкага раёна”, членаў зборных раёна па футболе, лёгкай атлетыцы, дзюдо, удзельнікаў рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў, вучняў, якія выканалі  дзяржаўны фізкультурна-аздараўленчы комплекс Рэспублікі Беларусь “Алімпійскія надзеі”, віншавалі дырэктар ВСУ “ДЮСШ Івацэвіцкага раёна”  Аляксей Саскевіч, дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву г. Івацэвічы Сяргей Васілевіч, член юніёрскай зборнай Рэспублікі Беларусь па футболе Ілья Васілевіч, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Пятроўскі. Ганаровыя госці казалі, што вучні, якія ўздымаліся на сцэну – гэта сапраўдная гордасць раёна, так бы мовіць, спартыўная будучыня Беларусі, і калі яны будуць працаваць старанна і аддана, не баяцца ніякіх перашкод, то сапраўды дасягнуць поспехаў у спартыўнай кар’еры.

Апладысменты ў зале гучалі і ў гонар самых блізкіх людзей, якія дапамагаюць маладым талентам у пераадоленні розных вяршыняў – іх бацькоў. Алег Васільевіч Раўчэня ўручыў лісты падзякі ўсім бацькам пераможцаў і прызёраў алімпіяд навучальных, навукова-даследчай канферэнцыі, лепшых спартсменаў і актывістаў.
Няхай жа фонд таленавітай моладзі ў ДУА “Сярэдняя школа №4 г. Івацэвічы” з кожным годам папаўняецца, а дзецям – новых перамог і дасягнення ўсіх пастаўленых мэтаў!    
Ганна Ільяшэвіч, фота аўтара.
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий