Упершыню ў фінале конкурсу “100 ідэй для Беларусі” — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Упершыню ў фінале конкурсу “100 ідэй для Беларусі”

19 января 2018 - Administrator
article3666.jpg

 У пачатку студзеня  прайшоў абласны этап маладзёжнага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”,  у якім упершыню ўдзельнічалі прадстаўнікі Івацэвіцкага раёна – вучаніцы восьмага класа  СШ №4 г. Івацэвічы Таццяна Бацура, Елізавета Быско і Яўгенія Пашкевіч пад кіраўніцтвам настаўніка біялогіі Алены Мікалаеўны Сарока (на здымку). І трэба сказаць, што першы вопыт аказаўся вельмі паспяховым. 

“100 ідэй для Беларусі” – рэспубліканскі конкурс, арганізатарам якога з'яўляецца ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Гэта асаблівая платформа для маладзёжных ініцыятыў і стартапаў. 

Прадстаўленыя на выстаўцы інавацыйныя прапановы ахопліваюць розныя сферы і напрамкі. Тут былі праекты, прысвечаныя біяразнастайнасці, рацыянальнаму прыродакарыстанню і экалогіі, бяспецы жыццядзейнасці, інклюзіўнай прасторы, работы, якія тычацца інфармацыйна-камунікацыйных, энергаэфектыўных, прамысловых і аграпрамысловых тэхналогій і вытворчасці.
Сярод 50 маладзёжных ініцыятыў прафесійнае журы вылучыла на рэспубліканскі тур усяго 15 работ, у тым ліку і праект івацэвіцкіх школьніц “Біяіндыкацыя якасці паветра ў г. Івацэвічы па плошчы ліставой пласціны ў драўняных раслін”. 

– Гэтая тэма нам блізкая таму, што школа наша размешчана побач з праезнай часткай, дзе заўсёды актыўны рух. Хацелася высветліць, якая ўвогуле экалагічная абстаноўка ў горадзе, – адзначыла куратар праекта, настаўніца Алена Мікалаеўна Сарока. – Таму для даследавання выбралі некалькі зон: стары стадыён каля ААТ “Івацэвічдрэў”, скрыжаванне вуліцы Клютко і 60 год Кастрычніка, дзіцячую пляцоўку па Дэпутацкай, двор жылога шматкватэрнага дома па вул. Танка і як кантрольную зону – лес каля Шыбельнай гары. Даследаванне праводзілі простым марфалагічным спосабам, які даступны нават шасцікласніку. Дзяўчынкі з энтузіязмам узяліся за справу, кожная адчувала адказнасць. На падрыхтоўку праекта нам спатрэбілася больш за чатыры месяцы – спачатку збіраліся даныя, потым мы іх апрацоўвалі, рабілі вынікі і ўжо пасля афармлялі работу. 
 
Мэта праекта івацэвіцкіх вучаніц – вызначыць тыя зоны ў райцэнтры, паветра якіх больш забруджана, каб потым прыняць меры па паляпшэнні экалагічнай абстаноўкі. Тым больш, вызначыць гэта можна вельмі проста. 
– Журы адразу зацікавілася нашай тэмай. Сталі задаваць пытанні. Пэўна, тэма экалогіі зараз хвалюе многіх, асабліва ў вялікіх гарадах. Але кожны можа ўнесці свой уклад у паляпшэнне экалагічнай сітуацыі. Напрыклад, наша школа кожны год здае макулатуру і на атрыманыя сродкі высаджвае новыя дрэўцы, каб паветра, якім дыхаюць вучні, станавілася ўсё чысцейшым. Таму кожны жыхар райцэнтра можа палепшыць экалагічную абстаноўку ў сваім двары, для гэтага трэба так мала – пасадзіць дрэўца – адзначылі вучаніцы Таццяна Бацура, Елізавета Быско і Яўгенія Пашкевіч. 
 
Трэба адзначыць, што дзяўчынкі былі самымі юнымі ўдзельніцамі абласнога этапа маладзёжнага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”, іх канкурэнтамі, у асноўным, былі студэнты, навучэнцы каледжаў і нават прадстаўнікі працуючай моладзі. Але гэтая акалічнасць ніколькі не перашкодзіла ім годна прэзентаваць свой праект і атрымаць заслужаную ўзнагароду. Зараз дзяўчынкі рыхтуюцца да рэспубліканскага тура. Яны адзначаюць, што для іх выхад “на рэспубліку” – ужо вялікая перамога. І плануюць, якую  тэму будуць даследаваць у наступным годзе. Магчыма, такім жа спосабам даследуюць паветра ў суседніх райцэнтрах і на падставе атрыманых даных, параўноўваючы з рэзультатамі івацэвіцкіх даследаванняў, зробяць аналіз экалагічнай абстаноўкі ў Брэсцкай вобласці.
Ганна Ільяшэвіч, фота з архіва Івацэвіцкага РК ГА "БРСМ". 
Комментарии (0)
Добавить комментарий