Афганістан: памяць і боль — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Афганістан: памяць і боль

16 февраля 2018 - Administrator
article3747.jpg

 У дзень 15 лютага – асаблівая пашана, увага мужчынам, жыхарам раёна, хто служыў у Афганістане, іх у нашым раёне зараз пражывае каля 170 чалавек; за пасляафганскі перыяд больш за 50 воінаў-інтэрнацыялістаў з нашага раёна памерла, многія хварэюць і пакутуюць ад ран, хвароб, кантузій, псіхічных узрушэнняў… 

 


 
Мерапрыемствы, прысвечаныя 29-й гадавіне вываду савецкіх войск з Рэспублікі Афганістан, пачаліся 15 лютага ў 8.30 у храме іконы Божай Маці “Дзяржаўная” ў Івацэвічах, дзе прайшло богаслужэнне, а ў 10.20 пачалося шэсце калоны да помніка воінам-інтэрнацыяналістам. У складзе калоны – воіны-інтэрнацыяналісты, кіраўніцтва Івацэвіцкага раёна, прадстаўнікі дэпутацкага корпуса, прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў Івацэвічаў і раёна. Яны прайшлі ад райваенкамата да помніка воінам-інтэрнацыяналістам. Пачынаецца мітынг.

– Вайна ў Афганістане сваім чорным крылом зачапіла тысячы сем’яў, пакінула пасля сябе цынкавыя труны, пакалечаных, цяжка хворых маладых людзей, – адзначыў у сваім выступленні старшыня Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандр Грыцук. – Нялёгкімі дарогамі Афганістана прайшлі і вы, нашы землякі, дастойна выконваючы ўскладзеныя на вас задачы. І зараз вы лепш за іншых разумееце і падтрымліваеце міралюбівую палітыку Рэспублікі Беларусь. Таму выказваю шчырую падзяку ўсім воінам-інтэрнацыяналістам за чэснае і добрасумленнае выкананне воінскага доўгу, за ўдзел у выхаванні моладзі, за актыўную грамадзянскую пазіцыю.   
 
        

Аб’яўляецца хвіліна маўчання... Пачынаецца цырымонія ўскладання вянкоў і кветак да помніка. Першымі ад імя раённай улады вянок ускладаюць старшыня райвыканкама Аляксандр Грыцук і старшыня райсавета Аляксандр Сарока. Затым кветкі ўскладаюцца ад воінаў-інтэрнацыяналістаў, сілавых структур, ад працоўных калектываў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў Івацэвічаў і раёна, ад грамадскіх арганізацый… 
Урачыста гучыць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. Усе ўдзельнікі запрашаюцца ў Івацэвіцкі ГДК, дзе для воінаў-інтэрнацыяналістаў быў дадзены святочны канцэрт.   
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий