Асцярожна – інтэрнэт! — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Асцярожна – інтэрнэт!

8 декабря 2017 - Administrator
article3588.jpg

 Колькі б мы ні пісалі пра махляроў сярод нас, ніколі не будзе мала, бо з развіццём тэхналогій з’яўляюцца новыя і новыя схемы падману, у якіх пакутуюць нашы грамадзяне ці то з-за сваёй легкавернасці, ці то з-за бяспечнасці.


Сёлета, як паведаміў начальнік аддзела па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій упраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама Андрэй Рокаць, ужо зафіксавана больш за паўсотню крымінальных спраў, якія датычацца махлярства ў інтэрнэце.

Махлярствы з банкаўскай карткай
Цяпер многія маюць банкаўскія карты тыпу Маэстра, Віза і іншыя, якімі акрамя іншага, можна карыстацца пры куплі нечага ў інтэрнэт-магазінах. Калі вы  куплялі з дапамогай такой карты, то ведаеце, што неабходна ўвесці дадзеныя карткі з аднаго боку – нумар і прозвішча, час дзеяння, а пасля вас папросяць увесці спецыяльны сакрэтны код, які размешчаны на другім баку карткі. Вось за гэтымі трыма лічбамі і цікуюць злачынцы.
Вам варта ведаць, што калі нават у злачынцы не будзе вашай карткі ў руках, але ён ведае яе ўсе рэквізіты, у тым ліку і сакрэтны код, то ён без цяжкасцей зробіць пакупку ў інтрэнэт-магазіне на любую суму, якая ёсць на вашым балансе.
Таму: ні ў якім разе не давайце картку ў рукі чужым людзям, не дэманструйце яе. І ні ў якім разе не паведамляйце нікому сакрэтны код. Запомніце: гэты код патрэбны толькі для інтэрнэт-плацяжоў. І толькі!

А вось схема дзеяння злачынцы. Ён узломвае нейкі акаунт “Вконтакте” ці “Одноклассниках”, пасля пачынае рассылаць усім знаёмым ад імя той асобы просьбу: маўляў, мне павінны перавесці грошы, але картка заблакіраваная, выручы: хай грошы перавядуць на тваю. Вы зга-
джаецеся, бо верыце, што гэта – менавіта ваш знаёмы. Далей ён просіць рэквізіты вашай карткі. І тут дадае ў просьбе, каб вы паведамілі і той самы сакрэтны код, маўляў, ён трэба. Вы згадзіліся і далі – усё, вашай карткай, лічыце, завалодаў злачынца. Такі выпадак нядаўна быў зафіксаваны ў Пінску, узбуджана крымінальная справа.
Што магло б не дапусціць  страту? Ды самы элементарны званок... 

Вымагальніцтва
Нядаўні выпадак у Брэсце: маладой дзяўчыне прыйшло паведамленне: мы маем доступ да вашых файлаў у сеціве, дзе вы захоўваеце свае пікантныя фотаздымкі. Калі не хочаце, каб здымкі выклалі ў адкрыты доступ, заплаціце… Дзяўчына звярнулася ў міліцыю, і гэта яе ўратавала.
Часам здараецца, што сеціўнымі сэрвісамі (Яндэк-дыскам, Гуглам-дыскам) карыстаюцца многія для захоўвання там асабістых фотоздымкаў ці запісаў, іншых дакументаў, якія вельмі непажадана бачыць яшчэ некаму. Дык вось, рэгістрацыя ў Гугле дае доступ для некалькіх сервісаў: і пошта, і дыск, і ютуб-канал… І ўсё гэта – з адным паролем. Цяпер уявіце: зламыснік атрымаў доступ да вашага акаунта. Уся вашая асабістая перапіска – у яго руках, усе вашыя магчымыя тайны…

Канечне, найперш у такіх сітуацыях трэба звяртацца ў міліцыю, хоць варта помніць, што як бязмежны інтэрнэт, так не маюць межаў і злачынцы у інтэрнэце. Найбольш верагодна, што яны будуць з нейкіх іншых краін…
З гэтых двух выпадкаў можна зрабіць адзін вывад: як мага больш адказна стаўцеся да сваіх логінаў і пароляў! Прыдумвайце складаныя паролі, з лічбамі, загалоўнымі і прапіснымі літарамі.

“Табе прыйдзе СМС-ка, скажы мне…”
Зноў жа, злачынства магчыма, калі ўзламаны акаунт вашага сябра ці знаёмага. Раптам вам прыходзіць паведамленне: “Дружа, выручай! У мяне заблакіравалі тэлефон (закончыліся грошы на ім, не працуе тэлефон), а тут трэба тэрмінова разблакіраваць маю пошту. То зараз табе прыйдзе СМС-ка, ты мне  напішы пасля код, які дашлюць…”

Вы верыце, бо ж гэта, вы думаеце, ваш знаёмы. СМС-ка вам сапраўды прыходзіць, вы яе ў “ВКонтакте”  адпраўляеце сябру, надта не дзівячыся, што там за тэкст. А  пасля з вашага мабільнага рахунка знікаюць грошы…
Справа ў тым, што зламыснік устанаўлівае на вашым тэлефоне паслугу. Напрыклад, “МТС-грошы”. Ён рэгіструецца пад вашым нумарам тэлефона на сайце, у пацвярджэнне рэгістрацыі вам і прыходзіць СМС-ка, код якой вы паведамляеце злачынцу. Той заходзіць у “Асабісты кабінет” на сайце – і распараджаецца грашыма на вашым рахунку, робіць плацяжы…

“Фейкавыя старонкі”
Зламыснікі часта скарыстоўваюць іншы прыём, без узлому акаунтаў. Яны рэгіструюцца ў сацыяльных сетках, скарыстоўваючы іншамоўнае напісанне літар  пры напісанні імя і прозвішча вашага сябра. Пасля зламыснік ставіць на сваю “фейкавую” старонку ўсе фотаздымкі сапраўднай старонкі, капіруе тэксты… І аднойчы вы атрымліваеце ад яго нейкі ліст з просьбай пра нешта – хоць пра картку, хоць пра СМС-ку, хоць пра што іншае. У любым выпадку, калі вы не будзеце ўважлівым, калі вы не перазвоніце, каб упэўніцца, што гэты ваш “сябра” – сапраўды сябра, вы – трапілі на кручок зламысніка. І пацерпіце. 

А калі шчыра, дык кідайце вы гэты занятак – бавіць час у сацсетках. Па сутнасці, няхай яны застаюцца як сродак камунікавання між сябрамі і роднымі. Чым больш часу вы ў сацсетках – тым больш вы рызыкуеце. Гэта аксіёма.
Падрыхтаваў Валерый ГАПЕЕЎ.
Комментарии (0)
Добавить комментарий