Ці навучыла навальніца даставаць вілкі з разетак? — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Ці навучыла навальніца даставаць вілкі з разетак?

3 мая 2018 - Administrator
article3922.jpg

Больш сотні пашкоджаных і сапсаваных электрапрыбораў за адну ноч

 

Што ні кажыце, а прывыкае хутка чалавек да бяспечнага жыцця. Помню з дзяцінства: як пачынае грымець, спяшаецца бацька выключыць усё, што уключана, дастаць вілкі з разетак, кабель тэлевізійны выцягнуць з тэлевізара і ў вазон кветкавы з зямлёй апусціць. Бо тады ж антэны тэлевізійныя ставілі высокія, і, здаралася, біла ў іх маланка.

 

Навальніца апошніх дзён красавіка ў нашым раёне (ды і ва ўсё Брэсцкай вобласці) нагадала нашым бяспечным грамадзянам: бяспечнасці яна не даруе. Хай і доўжылася яна начной парой не так многа часу, але маланкі палілі з хмар несупынна. І траплялі ў электрычныя слупы. Пасля чаго разрад імкліва разносіўся па правадах, і гаспадары і гаспадыні ўскаквалі ад выбухова згараючых прыбораў.

Раніцай 30 красавіка жыхары шматклікіх населеных пунктаў Івацэвіччыны дзяліліся навінамі: што ў каго згарэла. Сярод пералічанага былі і тэлевізары, і халадзільнікі, і бойлеры, і катлы (электроннае начынне). Найбольш пацярпела невялікае абсталяванне: прыёмнікі спадарожнікавых антэн, мадэмы для інтэрнэту і інтэрактыўнага тэлебачання “Залы”, прыстаўкі для “Залы”.

 

У сераду ў сервісным цэнтры раённага вузла электрасувязі стаяла чарга: неслі і неслі мадэмы і прыстаўкі. Добра тут: “Белтэлекам” сапсаванае абсталяванне мяняе бясплатна, бо яно ж даецца чалавеку ў арэнду. Калі майстар выязджае па выкліку да вас дадому, то тут ужо заплаціць трэба, але ж толькі за сам выклік. 

Як паведаміў нам начальнік раённага вузла электрасувязі Сяргей Снітко, найбольш пацярпела абсталяванне ў вёсках Амяльная, Выганашчы, Горталь, гарадскім пасёлку Целяханы… Колькасць выпадкаў набліжаецца да сотні.

 

А вось што тычыцца тэлевізараў і іншай тэхнікі, то тут толькі прадстаўніцтва Дзярстраху можа дапамагчы кампенсаваць страты ў выпадку, канечне, калі тэхніка была застрахаваная.

Элементарнае, жыццём і навальніцай пацверджанае не аднойчы правіла: калі ідзе навальніца, адключайце электрапрыборы, дастаючы вілкі з разетак. І тым больш, калі вы жывяце ў сельскай мясцовасці…

 

І адзін момант: у дагаворы, які падпісваецца карыстальнікам і “Белтэлекамам” сказана пра тое, што гаспадар павінен клапаціцца пра абсталяванне. Сувязісты ідуць сёння насустрач нашым пацярпелым грамадзянам, мяняючы абсталяванне бясплатна. Але не да бясконцасці такое будзе…

Валерый ГАПЕЕЎ.

Комментарии (0)
Добавить комментарий