Час Калядаў – час рабіць дабро — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Час Калядаў – час рабіць дабро

17 января 2018 - Administrator
article3664.jpg

 Цуды павінны быць у нашым жыцці. Маленькія ці вялікія. І тым больш яны павінны быць у жыцці дзяцей. Светлыя, радасныя. Няхай тое будзе прыемны падарунак, візіт добрых гасцей. Ці – вось такое цуда, якое надарылася з дзецьмі-выхаванцамі Целяханскай школы-інтэрната – незапланаваная раней, нечаканая і таму такая цікавая і незвычайная паездка. З Целяхан – у Івацэвічы. І не куды-небудзь – у сапраўдны дзіцячы гарадок, дзе іх чакалі не толькі воля і нябачаныя раней прыстасаванні і магчымасці для гульняў, але і радасная сустрэча з вясёлым аніматарам, які раптоўна стаў для іх такім блізкім і дарагім…


А ўсё пачынаецца нават не з жадання, а з таго моманту, калі раптоўна раскрываюцца вочы на тыя рэчы, якія раней быццам і не заўважаліся, хоць ты і ведаў пра іх існаванне, з той мінуты, калі сэрца адгукнулася спагадай і спачуваннем да чужых праблем.
– Да мяне аднойчы сапраўды прыйшла такая сям’я – маці і дзіця-інвалід, – расказвае жыхар Івацэвічаў, індывідуальны прадпрымальнік Юрый Канановіч. – І вось я пабачыў, колькі радасці, захаплення было ў вачах дзіцяці, якім непадробным шчымлівым шчасцем свяціліся вочы маці. Тады я паразмаўляў з нашымі спецыялістамі. І даведаўся, што ў раёне агулам каля сотні дзетак, для каго наведванне дзіцячай пляцоўкі па той ці іншай прычыне – праблематычнае. Яны могуць вырасці, а так і не паспытаць задавальнення ад гульні тут. Тады прыняў найперш рашэнне аб увядзенні зніжак для дзяцей-інвалідаў і дзяцей са шматдзетных сем'яў на трэць…

Гульнёвы лабірынт “КошкіМышкі” пачаў працаваць у Івацэвічах у гандлёвым цэнтры на перасячэнні вуліц Механізатараў і М. Танка ў красавіку мінулага года. Гэта – сучасны гульнёвы дзіцячы комплекс. Абсталяванне – усё сертыфіцыраванае. Дарэчы сказаць, заканадаўства не патрабуе сертыфікатаў на многія з дэталяў пляцоўкі, але Юрый вырашыў: няхай усё будзе толькі самым якасным, правераным. Гэта каштавала яму амаль напалову больш грошай, чым можна было патраціць. Затое пасля не ўзнікала пытанняў пры рэгістрацыі і адкрыцці пляцоўкі: справа была абсалютна новая для нашых службаў. 

Гульнёвая пляцоўка – гэта звычайнае памяшканне, куды можна прыйсці з дзецьмі і пакінуць іх на нейкі час, пакуль вы, да прыкладу, будзеце рабіць пакупкі ў “Еўраопце” у гэтым жа цэнтры. У вялікіх гарадах краіны такія цэнтры – даўно не рэдкасць. У нас жа – першы…
– З цягам часу я зразумеў, што мой праект больш “сацыяльны”, чым  эканамічны, – усміхаецца Юрый. – Увогуле, рызыкоўна вельмі весці бізнес на такіх вось дзіцячых паслугах, ён не можа прынесці вялікага прыбытку, і я яго не маю. Нашым людзям пакуль нязвычна заплаціць колькі тых капеек за час дзіцячай гульні. 
А на самай справе кошт вялікай бутэлькі піва – гэта амаль гадзіна незабыўнага задавальнення для вашага дзіцяці. Можна ж раз на тыдзень зрабіць выбар на карысць дзіцяці, ці няпраўда?
На жаль, “балаваць” дзяцей вось такой вольніцай у гульнявым атракцыёне мы не прывучаныя.  І вельмі шкада.
Думка пра тое, што ёсць вельмі многа дзяцей у раёне, для якіх наведванне гульнёвага лабірынта “КошкіМышкі” без чыёйсьці дапамогі практычна немагчымая нарэшце рэалізавалася ў Юрыя Канановіча ў рашэнне правесці спецыяльныя дні запрашэнняў сюды такіх дзяцей. Акрамя бясплатнага прадстаўлення пляцоўкі былі падрыхтаваныя і падарункі дзецям. А яшчэ ад Івацэвіцкай раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” да дзяцей прыйшла аніматар Алена Свідуновіч. І атрымалася сапраўднае свята – вясёлае, цікавае, незабыўнае.



– Снежань мы спрацавалі з невялікім прыбыткам, вось і з’явілася магчымасць рэалізаваць свае задумы, – кажа Юрый Канановіч. – Звярнуўся я да некаторых прадпрымальнікаў, нехта адгукнуўся, нехта паабяцаў адгукнуцца пазней. Усяго ў нас пабывае тры групы, разам сорак дзяцей. Дапамаглі мы і з вырашэннем транспартных пытанняў. Вельмі б хацелася, каб такая ідэя стала для горада традыцыяй…
Канешне, гэта павінна стаць традыцыяй –  каляднай, светлай і добрай. Каб удзел у гэтых дзіцячых святах прымала многа людзей, здольных ахвяраваць частку сваіх сродкаў дзеля дзіцячай радасці. Калі яшчэ, у які час рабіць дабро, як не ў Каляды?



Гульнёвы лабірынт у гандлёвым цэнтры па вуліцы Танка ў Івацэвічах размешчаны на другім паверсе. Ёсць пакой (ён яшчэ будзе абсталёўвацца больш) для гульняў падлеткаў у плэйстэйшэн. Яшчэ адна асаблівасць гульнёвай пляцоўкі: тут можна адзначаць 
і дні нараджэння сваіх дзяцей. І ўжо было такое: весяліліся дзеці, а калі прытаміліся – для іх дарослыя маглі накрыць там, у гульнёвай зоне салодкі стол – месца пазваляе і ўсё неабходнае ёсць: стол, стулы, антураж. 

Да таго ж, любы дзіцячы ўрач вам скажа, што гульнёвы лабірынт – не толькі цікава праведзены час, але і карысць для дзіцяці. Яго канструкцыя і перамяшчэнні ў ёй развіваюць памяць, каардынацыю рухаў, прасторавае уяўленне. Акрамя таго, як і любая фізічная актыўнасць, гульня дазваляе бесперашкодна выплюхнуць лішак энергіі. Пераадольваючы розныя перашкоды, дзіця развівае сваю сілу і спрыт. А “кубікі”, з якіх можна складаць розныя канструкцыі, развіваюць фантазію і ўменне канструяваць.
Працуе гульнявы лабірынт ва ўсе дні тыдня, без перапынкаў на абед з 11.00 да 21.00. 
Прыходзьце самі, прыводзьце дзяцей – і ведайце, што вы заплаціце не толькі за час гульні свайго дзіцяці, але і за тых дзетак, за гульню якіх заплаціць ці няма каму, ці няма надта з чаго.

Хрыстос, які нарадзіўся ў гэтыя дні, казаў, што з яго нараджэннем час цудаў з неба мінуў. І гэта значыць толькі адно: цуды цяпер ствараць нам самім. І ведаць, што бескарыслівае дабро ў наш прагматычны час – сапраўдны цуд.
Валерый ГАПЕЕЎ, 
фота Валерыя МІСКЕВІЧА.
Комментарии (0)
Добавить комментарий