Абыякавасць не ў модзе — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Абыякавасць не ў модзе

12 февраля 2018 - Administrator
article3732.jpg

 У аўторак, 6 лютага, байцы маладзёжнага атрада аховы правапарадку (МААП) “Ягуар” установы адукацыі “Івацэвіцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці” наведалі раённую бальніцу, дзе загадчык аддзялення хуткай дапамогі УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” Аляксандр Гуліс правёў для іх майстар-клас па аказанні першай дапамогі. Ён паказаў, як праводзіцца базавая сардэчна-лёгачная рэанімацыя, расказаў пра правілы аказання першай дапамогі пры розных відах траўмаў, крывацёках, утапленні, пры ўкусах змей і насякомых, пра транспарціроўку пацярпелых, правілы правільнага накладання павязак і іншае.


– Памятайце, вы – байцы атрада аховы правапарадку, а гэта значыць, што вам нельга быць абыякавымі. Бо кожная хвіліна дарагая, калі мы гаворым пра чалавечае жыццё. Абыякавасць – гэта не модна зараз, – адзначыў Аляксандр Гуліс. – Трэба выразна разумець, як дапамагчы чалавеку ў той ці іншай надзвычайнай сітуацыі, каб сапраўды дапамагчы, а не нашкодзіць. Будзьце асцярожнымі, каб медыкам не давялося ратаваць вас абаіх. Мы, медыцынскія работнікі, спадзяёмся, што вы зробіце ўсё, што ў вашых сілах, бо ў чаканні ратавальнікаў і медыкаў губляецца каштоўны час, за які можна выратаваць жыццё чалавека. Гэта вельмі цяжкая і высакародная місія.

Усе ўдзельнікі “Ягуара” разбіліся на пары і змаглі самастойна на манекене патрэніравацца ў аказанні першай дапамогі – аднавіць дыханне чалавека з дапамогай мяшка Амбу; задавалі пытанні аб тым, на які прамежак часу накладваюць жгут, якую дапамогу аказваць пацярпелым ад апёкаў, абмаражэння і пра самыя распаўсюджаныя траўмы ў зімовы галалёд – удары, пераломы і  чэрапна-мазгавыя траўмы. Хлопцы не толькі атрымалі навыкі аказання першай дапамогі, але абавязкова распаўсюдзяць свае веды сярод сваіх аднагодкаў па прынцыпе «роўны навучае роўнага». 
Дарэчы, майстар-клас атрымаўся святочным, бо 6 лютага па ўсёй краіне адзначаецца Дзень маладзёжных атрадаў аховы правапарадку.

Выконваючая абавязкі першага сакратара раённага камітэта ГА “БРСМ” Аляксандра Гардзейка павіншавала ўсіх прысутных і разам з Аляксандрам Гулісам уручыла маладым людзям членскія білеты байцоў МААП. Яна адзначыла, што ідэя аднаўлення маладзёжных дружын атрымала шырокую падтрымку сярод моладзі краіны, у тым ліку і ў нашым райцэнтры. Маладзёжны атрад аховы правапарадку “Ягуар” становіцца ўсё папулярней сярод навучэнцаў установы адукацыі “Івацэвіцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці”, і ў перспектыве колькасць удзельнікаў атрада можа значна павялічыцца. 


– Зараз вядзецца работа па павышэнні прэстыжу байца МААП. Распрацаваны цэлы план мерапрыемстваў з удзелам байцоў “Ягуара”, – падкрэсліла Аляксандра Гардзейка. – Зусім нядаўна ва УА “Івацэвіцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці” праходзіла гутарка за круглым сталом на тэму “Закон і парадак”, на якой выступіў з лекцыяй начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Івацэвіцкага РАУС Міхаіл Корзан. Там былі вызначаны прыярытэты работы ў 2018 годзе. Хутка плануем правесці заняткі па самаабароне для 
МААПаўцаў, сумесны рэйд з супрацоўнікамі РАУС, майстар-клас “Выратаванне на вадзе” ад супрацоўнікаў райаддзела па НС. Гэты год для байцоў МААП будзе вельмі насычаным. 
Ганна Ільяшэвіч, фота аўтара. 
Комментарии (0)
Добавить комментарий