Ліцэйскі баль – душы цудоўныя парывы… — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Ліцэйскі баль – душы цудоўныя парывы…

4 декабря 2018 - Administrator
article4307.jpg

 30 лістапада ў ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна” адбыўся традыцыйны баль ліцэістаў, падчас якога 75 дзесяцікласнікаў давалі клятву быць дастойнымі пераемнікамі братэрства ліцэістаў. І кожны раз гэта вельмі хвалюючае свята, свята года, якое пачынаецца з выхаду пар маладых людзей у касцюмах і дзяўчат у пышных бальных сукенках, свята, на якім вядучыя звяртаюцца да прысутных спачатку: “Дамы и господа”. 


Урачыстасць прысвячэння вучняў 10-х класаў у дружную каманду ліцэістаў праходзіць абавязкова пад вальс г. Свірыдава, напісаны па творы А. С. Пушкіна “Мяцеліца”, пад класічнае музыкальнае афармленне той эпохі, разам з якой згадваюцца знакамітасці той пары, бурны росквіт мастацтва… 
Але вернемся ў ХХІ стагоддзе, у першую ў Івацэвіцкім раёне навучальную ўстанову новага тыпу для адораных дзяцей – ліцэй Івацэвіцкага раёна.
“За 19 гадоў існавання ліцэя пуцёўку ў жыццё атрымалі 1779 выпускнікоў, разумных і таленавітых маладых людзей, якія працуюць і прымнажаюць сёння дабрабыт нашай дзяржавы, – казала на цырымоніі адкрыцця балю дырэктар Святлана Алегаўна Гарайнава. – Штогод ліцэісты становяцца студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў Беларусі, бліжняга і дальняга замежжа. Па выніках мінулага года болей за 95 працэнтаў выпускнікоў паступілі ў прэстыжныя ВНУ”.

Адчувалася, што ліцэістам неабыякавы час, праведзены ў сценах ліцэя, што яны ганарацца гісторыяй роднай навучальнай установы, дзе з года ў год атрымліваюць дзеці дастойны ўзровень ведаў, становяцца пераможцамі і дыпламантамі алімпіяд і конкурсаў, а сем выпускнікоў сталі стыпендыятамі Прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі. Дырэктар ліцэя назвала пераможцаў сёлетняга раённага этапа прадметных алімпіяд: Сяргей Юзэфовіч, які заняў першае месца па гісторыі і геаграфіі, Дар’я Дзянісік – першае месца па хіміі і другое – па геаграфіі, Яна Басалай – другое месца па хіміі і трэцяе месца па рускай мове і літаратуры, Вадзім Валанцэвіч – другое месца па біялогіі, Мікіта Еўтух – трэцяе месца па біялогіі, Віктар Цяслюк – трэцяе месца па фізіцы, Віталій Кот – трэцяе месца па хіміі, Паліна Касавец – трэцяе месца па нямецкай мове. І заўтра алімпіяды прадоўжацца, а значыць, будуць новыя перамогі. Поспехаў, мэтанакіраванасці, энтузіязму, веры ў сябе і нястомнага жадання перамагаць, каб дабіцца тых мэт, якія ставяць перад сабой вучні ліцэя, жадала дырэктар ліцэя. “Так, гэта будзе няпроста. Так, гэта будзе цяжка, але разам мы справімся і разам мы гонар ліцэя не ўронім, – казала Святлана Алегаўна, а потым звярнулася да настаўнікаў: – У нашых руках самае каштоўнае – нашы дзеці, і мы дапаможам ім самазацвердзіцца і зрабіць правільны прафесійны выбар”. 

Успаміналіся бацькі, як самыя верныя сябры ліцэя, і спонсары – дырэктар ЦБП №111 філіяла ААТ “ААБ Беларусбанк” г. Івацэвічы Таццяна Кульгавеня і генеральны дырэктар ААТ “Івацэвічдрэў” Аляксандр Ільніцкі, не чужыя праблемы ліцэя намесніку райвыканкама Аляксандру Велікасельцу, які заўсёды цікавіцца поспехамі ліцэістаў. 
Пасля гімна ліцэя, які спявалі ліцэісты і настаўнікі стоячы, па свецкіх умовах былі прадстаўлены ганаровыя госці.

Да шаноўных ліцэістаў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Велікаселец звярнуўся са словамі віншавання з ганаровым званнем ліцэіст, якое абавязвае быць прыкладам у вучобе, паводзінах, адносінах, свядомасці. “Вы ведаеце, чаго сюды прыйшлі, ведаеце, чаго хочаце дасягнуць. Я буду рады, калі праз колькі гадоў прачытаю ці пачую, убачу па тэлебачанні ці каго пазнаю на фотаздымку, што гэта нашы івацэвіцкія ліцэісты. Хачу, каб мары спраўдзіліся. Поспехаў і ўсяго самага найлепшага”, – пажадаў ён.

У слове “ліцэй” шукалі ліцэісты старажытнагрэчаскія карані, звязвалі слова “ліцэй” з  успамінамі пра А. С. Пушкіна, пра царскасельскі ліцэй, дзе Пушкін сустрэў столькі праслаўленых людзей, дзе ён стаў вядомы, як паэт, дзе пазнаў святасць ліцэйскай дружбы… І івацэвіцкія ліцэісты ўрачыста давалі клятву быць дастойнымі братэрства ліцэістаў. 
“Друзья мои, прекрасен наш союз!
Он, как душа, неразделим и вечен –
Неколебим, свободен и беспечен
Срастался он под сенью дружных муз», 
– пісаў Пушкін у вершаваным прысвячэнні гадавіне ліцэя, і з вядучымі балю, якія казалі, што няма нічога больш каштоўнага за той час, калі набываюцца не толькі трывалыя веды, а і надзейныя сябры, нельга было не пагадзіцца. 

Даніну павагі аддавалі ў свята самым цудоўным настаўнікам. Класнымі кіраўнікамі ўрачыста прысвечаных у ліцэісты 10-класнікаў сёлета сталі Алена Уладзіміраўна Самасюк, Святлана Васільеўна Шакурава, Людміла Мікалаеўна Бурвін. Дзякуючы такім настаўнікам, ліцэй застаецца бліскучай старонкай у гісторыі і сённяшнім дні раёна. Класныя кіраўнікі атрымалі стужкі з фірменнымі значкамі ліцэістаў для сваіх падапечных, якія не купіш ні ў якім магазіне, а трэба заслужыць імкненнем да ведаў. І яны заслужылі гэтае ганаровае права, здаўшы паспяхова экзамены пры паступленні ў ліцэй. 

З асаблівым гонарам, яскрава і непераўзыдзена выступаў кожны клас, пацвярджаючы дэвіз ліцэістаў, пазначаны і  на значку ліцэіста: “Свабода. Самастойнасць. Супрацоўніцтва”. Выступалі “зоркі” ліцэя.
Ліцэі заўсёды былі самым галоўным аплотам выхавання сапраўднага грамадзяніна сваёй Айчыны. Няхай і ліцэй Івацэвіцкага раёна захоўвае гэтую цудоўную традыцыю, а баль застанецца такой жа значнай старонкай у жыцці сённяшніх ліцэістаў. Яны – будучая эліта нашай сінявокай зямлі, ім рабіць цудоўным гэты свет. Віват, ліцэй, віват!
Валянціна БОБРЫК. Фота аўтара.