Мы – грамадзяне Беларусі! — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Мы – грамадзяне Беларусі!

16 марта 2018 - Administrator
article3829.jpg

 Напярэдадні Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь стала лёсавызначальным 

скрыжаваннем трох віхлявых сцяжынак-істужак – Івацэвіччыны, Пружаншчыны і Бярозаўшчыны.

Дзверы будынка, трапіць у які выпадае даволі не кожнаму, гасцінна расчыніліся перад лепшымі юнакамі і дзяўчатамі раёнаў, каб у сценах авальнай залы ўручыць галоўны дакумент – пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Святочная нагода па традыцыі захавала дадзенае права за дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Івацэвіцкай і Бярозаўскай выбарчых акругах Анатоліем Уладзіміравічам Ткачуком і Леанідам Іванавічам Качынай.

Атрымаць свой першы дакумент ад дэпутата – вялікі гонар і адказнасць, якую юныя грамадзяне паабяцалі  апраўдаць, несучы па жыцці справядлівасць, руплівасць і чысціню сэрца. А Анатолій Уладзіміравіч, у сваю чаргу, шчыра хвалюючыся пра лёс Івацэвіччыны, звярнуўся да моладзі раёна, якой ужо ў хуткім часе будаваць наша будучае, з бацькоўскім наказам: “Вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца”, – які вытрымаў выпрабаванне часам і не падвёў ніводнае пакаленне юнакоў і дзяўчат, месца якіх сёння на перадавой дзяржаўных спраў.

Анатолій Уладзіміравіч правёў па паверхах будынка  дэлегацыю, якой пашчасціла пазнаёміцца з рабочым месцам дэпутата. Падлеткам пашанцавала пабываць апошні раз у авальнай зале ў тым выглядзе, у якім яна існуе сёння. Зусім хутка пачнецца рэканструкцыя залы, а зробленыя здымкі захаваюць і ўрачыстасць моманту, і шчырыя ўсмешкі радасці на тварах падлеткаў, і прыгажосць убранства памяшкання.
Наведванне Палаты было б няпоўным без экскурсіі па экспазіцыйнай зале, якую вельмі змястоўна і на адным дыханні  правёў намеснік начальніка інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення сакратарыята Палаты прадстаўнікоў Кірыл Праянінкоў.

Напрыканцы экскурсіі ўдзячная моладзь звярнулася да Анатолія Уладзіміравіча і ўручыла карціну, створаную ў сценах Дзіцячай школы мастацтваў г. Івацэвічы (аўтар – Лізавета Трухановіч, работа “Прыгажосць роднага краю”) і натхнёную непаўторнасцю краявідаў нашай малой радзімы. Сімвалічны падарунак у Год малой радзімы.

Падлеткі атрымалі яшчэ адзін падарунак дня – наведванне батутнага цэнтра. Моладзь, дэвіз якой – бясконцы рух, выкручвала “віражы”, рабіла сальта, гойсалася на канаце, адным словам, святкавала важную падзею жыцця. З задавальненнем за імі назіралі арганізатары дадзенага мерапрыемства ў рамках усебеларускай акцыі “Мы – грамадзяне Беларусі!” – выконваючы абавязкі першага сакратара Івацэвіцкага РК ГА “БРСМ” А. В. Гардзейка і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама І. В. Саюк.
Аляксандра Гардзейка.
Комментарии (0)
Добавить комментарий