Па-беларуску, па-вясковаму — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Па-беларуску, па-вясковаму

14 сентября 2018 - Administrator
article4184.jpg

жывуць пераможцы абласнога этапа праекта “Уладар сяла”

У рамках абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2018" у горадзе Высокае Камянецкага раёна 8 верасня адбыўся абласны этап сямейнага сельскагаспадарчага праекта "Уладар сяла", у якім ад Івацэвіцкага раёна брала ўдзел шматдзетная сям'я Аляксандра і Таццяны Касцюк з аг. Вулька-Аброўская. Як ужо паведамляла раёнка, сям’я заняла першае месца (у конкурсе спаборнічала ўсяго 13 сем’яў) і будзе прадстаўляць вобласць на рэспубліканскім этапе. Сёння, як і абяцалі, мы пазнаёмім нашых чытачоў з гэтай цудоўнай сям’ёй і раскажам, як праходзіў абласны этап праекта. 

 

На першы погляд сям’я Касцюк (на здымку) – самая звычайная. У паўсядзённым жыцці Аляксандр працуе грузчыкам у ААТ "Івацэвічдрэў",  Таццяна па прафесіі мадэльер-канструктар, а зараз знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3-х гадоў. За шэсць гадоў сямейнага жыцця маладая сям’я папоўнілася: у бацькоў падрастаюць надзейныя памочнікі – сын Косця і дзве дачушкі – Насця і Каця. 

Маладыя бацькі  Аляксандр і Таццяна беражліва захоўваюць цяпло сямейнага ачага, падтрымліваюць і дапамагаюць  адзін аднаму, разам выхоўваюць і бязмерна любяць сваіх дзяцей. А яшчэ трымаюць немаленькае сялянскае падвор'е – цяля, парасят, птушку  і іншую хатнюю жыўнасць. Як аказалася, сям’я Касцюк вельмі творчая, і гэта было відаць падчас абласнога этапа праекта “Уладар сяла”.
У першым конкурсе  праекта «Вітаем па-беларуску» сям'я Касцюк прадставіла сваю «візітную картку». Аляксандр і Таццяна распавялі пра свае сямейныя традыцыі, праявілі артыстызм, арыгінальнасць і творчы падыход.

У наступным  конкурсе  «Па дровы» ім прыйшлося  распілоўваць палена даўжынёй  два метры. Таксама Аляксандр рассек  палена сякерай на неабходную колькасць частак, каб скласці слова  «Сям'я». У гэтым конкурсе Касцюкі паказалі, што яны хуткія, дружныя, смелыя і ўважлівыя. Канстанцін і Анастасія вельмі падтрымлівалі і хварэлі за бацькоў.
Далей быў конкурс «Сялянскія прысмакі», у якім  сям'я прэзентавала прыгатаваныя стравы, якія вельмі спадабаліся членам журы не толькі  на смак, стравы вылучаліся  акуратнасцю і знешнім выглядам.

У ходзе конкурсу «Выстаўка дасягненняў сямейнай гаспадаркі» сям'я прадэманстравала свае дасягненні ў працы, вучобе, правяла выстаўку-прэзентацыю  прадметаў сямейнай творчасці (вязанне, вышыванне, шыццё, лепка, маляванне, гульня з дзецьмі, выпечка, і г.д.).
Падчас  конкурсу «Лепшы сельскі падворак» членам журы быў прадстаўлены фотаальбом, а ў “Вясковай эстафеце” Аляксандр і Таццяна аказаліся самымі спрытнымі: занялі першае месца і ўзнагароджаны спецыяльнай граматай.

Цікавым быў наступны конкурс – «Эмблема сям'і». З цеста за пэўны час неабходна было хутка і цікава зрабіць сваімі рукамі і прэзентаваць эмблему сваёй сям'і. І з гэтай задачай наша  сям'я справілася без усялякіх цяжкасцей. Рэцэпт сямейнага шчасця сям'і Касцюк вельмі просты: ўмець кахаць, паважаць, абараняць адзін аднаго,  а калі спатрэбіцца, то і дараваць. А яшчэ – шанаваць простыя чалавечыя ўзаемаадносіны і ганарыцца сваёй сям'ёй.  Жыць проста, з адкрытым сэрцам і душой. Па-беларуску, па-вясковаму. У завяршальным конкурсе прынялі ўдзел усе члены сям'і.
Па выніках усіх конкурсаў сям'я Касцюк заняла першае месца і была ўзнагароджана граматай і каштоўным падарункам. Другое месца падзялілі сем’і з Баранавіцкага і Пінскага раёнаў, трэцяе у сям’і са Столінскага раёна.

Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Івацэвіцкага райвыканкама, раённы камітэт ГА “БРСМ” шчыра віншуюць Аляксандру і Таццяну з заслужанай перамогай,  дзякуюць за такое цудоўнае выступленне і жадаюць поспехаў у наступным этапе праекта. 
Вольга Белякова, в.а. першага сакратара РК ГА “БРСМ”, фота аўтара.

 
Комментарии (0)
Добавить комментарий