Самыя трапныя вучні – у СШ №4 — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Самыя трапныя вучні – у СШ №4

16 ноября 2018 - Дарья Вдовина
article4288.jpg

Раённы камітэт ГА “БРСМ” правёў спаборніцтвы па лазертагу сярод навучэнцаў ліцэя, школ раёна і прафліцэя.  Сапраўдныя баталіі разгарнуліся на пляцоўцы ля “Гасцінага Двара” ў в. Няхачава. 

 

У спаборніцтвах прынялі ўдзел 10 каманд: СШ №4, СШ №3, СШ №1 г. Івацэвічы, ліцэя Івацэвіцкага раёна, Яглевіцкай і Стайкаўскай сярэдняй школы, а таксама ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці. Усяго больш за 70 удзельнікаў. Акрамя таго, што актывісты раённага камітэта ГА “БРСМ” – выдатныя вучні, яны, як высветлілася, яшчэ і трапныя стралкі. Адкрыццё, стартавы свісток і ўдзельнікі турніру сустрэліся ў захапляльным баі. Эмоцыі і драйв – усё было на гэтых спаборніцтвах, кожны імкнуўся да перамогі. Нават дзяўчынкі не баяліся “зброі” і паказвалі добрыя вынікі. 
 
Асноўная задача гэтага высокатэхналагічнага атракцыёна – патрапіць у гульцоў каманды-саперніка бяспечнымі лазернымі стрэламі са спецыяльнага аўтамата. Сапернік выступае ў якасці інтэрактыўнай мішэні, а пра “раненні” ўдзельніка сігналізуюць устаноўленыя на кожным датчыкі.
 
– Паколькі ў моладзі сёння вельмі папулярныя камп’ютарныя гульні, чаму б не выкарыстоўваць іх элементы для таго, каб уцягнуць дзяцей у актыўную дзейнасць, прывіваць навыкі здаровага ладу жыцця, спрыяць ваенна-патрыятычнаму выхаванню, – адзначыла выконваючая абавязкі першага сакратара райкама ГА “БРСМ” Вольга Белякова. – Галоўная перавага лазертагу – у яго бяспецы. Удзельнікам гульні не пагражаюць траўмы: лазерны прамень цалкам бясшкодны. 24 лістапада мы плануем правесці спаборніцтвы па пейнтболу для працуючай моладзі, каманды ўжо актыўна набіраюцца, але яшчэ ёсць шанец трапіць у іх склад. Заяўкі ад калектываў прымаюцца ў раённым камітэце ГА “БРСМ”, там жа можна даведацца ўсё падрабязнасці. 
 
Удзельнікі турніру на “ўсе сто” зарадзіліся энергіяй і пазітывам і засталіся вельмі задаволеныя гульнёй. У выніку напружанай барацьбы лепшымі аказаліся ўдзельнікі каманды СШ №4 г. Івацэвічы, “серабро” – у Яглевіцкай школы, трэцяе месца дасталася камандзе СШ №1 г. Івацэвічы.
 
Ганна Ільяшэвіч.
Комментарии (0)
Добавить комментарий