Даведацца пра будучую прафесію больш — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Даведацца пра будучую прафесію больш

article3947.jpg

Ва УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ”  прайшоў дзень адчыненых дзвярэй для будучых абітурыентаў вышэйшых і сярэдне-спецыяльных медыцын-
скіх устаноў.  У канферэнц-зале бальніцы сабралася больш за два дзясяткі вучняў выпускных класаў, якія мараць звязаць сваю будучыню з медыцынай.

З цеплынёй прысутных вітаў галоўны ўрач УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ”   Васілій Юзэфовіч.

– У медыцыну не прыходзяць староннія людзі, вы павінны выбіраць будучую прафесію сэрцам, – адзначыў ён. – Прафесія ўрача, мабыць, адна з самых высакародных. І лепшае гэтаму пацвярджэнне – добрыя словы ўдзячных пацыентаў. Трэба разумець, што шлях у медыцыну не просты, трэба валодаць шматлікімі якасцямі, каб стаць медыцынскім работнікам, галоўная з якіх – міласэрнасць, без яе ніхто не зможа пабудаваць паспяховую кар'еру і, што важна, заваяваць давер пацыентаў.

Таксама Васілій Юзэфовіч расказаў школьнікам пра структуру медыцынскай сістэмы Івацэвіцкага раёна, больш падрабязна расказаў пра цэнтральную раённую бальніцу, пра яе тэхнічнае аснашчэнне. Ён завастрыў увагу на тым, што штогод сюды на працу прыязджаюць маладыя спецыялісты і вялікі працэнт ад гэтай колькасці застаецца працаваць далей. А гэта значыць, што раённая медыцынская сістэма папаўняецца кваліфікаванымі кадрамі, якія аддана працуюць на карысць насельніцтва. Таксама Васілій Юзэфовіч закрануў тэму выдачы мэтавых накіраванняў. Так, перш за ўсё будзе ўзяты ў разлік сярэдні бал атэстата абітурыента. Галоўны ўрач нагадаў, што мэтавыя накіраванні – гэта не толькі бонусы пры паступленні, але і адказнасць. Выпускнікам сярэдне-спецыяльных навучальных устаноў давядзецца адпрацоўваць у Івацэвіцкім раёне, вышэйшых устаноў – у Брэсцкай вобласці, але прыярытэтам таксама з’яўляецца месца пражывання. Пасля заканчэння каледжу адпрацаваць прыйдзецца не менш за 3 года, пасля ўніверсітэту – 5 гадоў. Таму будучым студэнтам трэба ўзважыць усе “за” і “супраць”, зрабіць выбар і быць яму верным, каб у будучым не ўзнікла непрыемных сітуацый.

Пра спецыфіку сваёй работы расказала загадчыца аддзела эпідэміялогіі ДУ “Івацэвіцкі райЦГіЭ” Ірына Ковыш, якая таксама запрашала студэнтаў разгледзець гэтую медыцынскую ўстанову як будучае месца сваёй працы. Старшыня прафсаюзнага камітэта Вячаслаў Жагальскі расказаў пра актыўнае жыццё медыцынскіх работнікаў, пра культурныя, спартыўныя і іншыя мерапрыемствы, у якіх штогод яны прымаюць удзел. На дне адчыненых дзвярэй прысутнічалі таксама прадстаўнікі УА “Слонімскі медыцынскі каледж” і “Пінскі медыцынскі каледж”. Яны расказалі прысутным пра спецыяльнасці, якія можна набыць у гэтых каледжах, умовы прыёму, а таксама пра забяспечанасць навучэнцаў месцамі ў інтэрнаце, памер стыпендый, перспектывы працаўладкавання і магчымасці для абітурыентаў праявіць сябе ў грамадскім жыцці. Таксама перад школьнікамі выступілі маладыя спецыялісты: урач агульнай практыкі Уладзімір Сімончык, урач-анколаг Вольга Алейнік і фельчар выязной брыгады хуткай медыцынскай дапамогі Максім Хвясько, – якія зусім нядаўна самі былі студэнтамі медыцынскіх устаноў. Кожны з іх расказаў пра свой шлях у медыцыну. У кожнага ён быў свой, але ўсе яны сышліся на меркаванні, што да сваёй мэты трэба ісці нягледзячы ні на што.

– Такая форма работы з абітурыентамі новая для нас. Але ўжо сёння можна сказаць, што вельмі зручная.  Бо ў адным месцы кожны вучань ці яго бацькі змаглі атрымаць кансультацыю па пытаннях паступлення ў медыцынскія ўстановы, пагутарыць з прадстаўнікамі медустаноў і зрабіць правільны выбар. Добра, што выпускнікі падыходзяць да выбару прафесіі асэнсавана, з вялікай адказнасцю. І хто ведае, можа, праз некалькі гадоў, мы будзем ганарыцца называць некаторых з прысутных сёння сваімі калегамі.

А ў завяршэнні сустрэчы навучэнцаў чакала экскурсія па райбальніцы, дзе ім расказалі пра спецыфіку работы медыцынскіх работнікаў, паказалі некаторыя памяшканні, у тым ліку лабараторыю з сучасным абсталяваннем і аддзяленне гемадыялізу.

Ганна Ільяшэвіч,

фота аўтара.

Комментарии (0)
Добавить комментарий