Дзяцінства Мані — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Дзяцінства Мані

13 июля 2018 - Administrator
article4084.jpg

 Нарадзілася мая бабуля Маня (хрышчоная як Марыя, аднак з дзяцінства і ўсё жыццё яе называлі не інакш, як Маня) у далёкім 1929 годзе ў вёсцы Азярцо ў сям’і дбайных гаспадароў Івана Антонавіча і Алены Васільеўны Дудзікаў. 


У сям’і на той час ужо быў хлопчык Пеця і дзяўчынка Верачка. Дзяўчынка, на жаль, памерла. Аднойчы, прыйшоўшы са школы, Верачка пачала скардзіцца, што ёй баліць галава. Ніякіх лекаў не было. Маці дала параду, каб дзяўчынка прылягла на печцы адпачыць. Пад ранак Верачкі не стала.
Пасля нарадзілася мая бабуля Маня.

Чацвёртым дзіцём быў хлопчык, якога назвалі Васілём. Ён таксама памёр, у трохгадовым узросце па невядомай прычыне.
Потым, праз шэсць гадоў пасля бабулінага нараджэння, з’явілася яшчэ адна дзяўчынка – Волечка. Сваю малодшую сястрычку і гадавала Маня. Якая з яе была нянька, добра ілюструе адзін успамін. Вясковых дзяцей прыцягвала, як магнітам, да сябе мясцовая лаўка. Вось Маня і пацягнула разам з сабой туды і Волечку: куды нянька, туды і лялька. А жанкі каля магазіна і пытаюцца:
– Чаму ж ты дзіця не памыла?
А другая жанчына ёй і адказала:
– Глянь, якая нянька сама мурзатая!

На той момант няньцы Мані было крыху больш за сем гадоў. Бацькам не было калі даглядаць за дзецьмі – вялізная гаспадарка: два кані, каровы,  шмат зямлі мелі...
Дзеці да працы прывучаліся змалку. З чатырох гадоў Маня пасвіла гусей, а з васьмі даверылі кароў. Цэлае лета трэба было пасці каровы, каб бацькі за гэта атрымалі пуд жыта. Пасвілі кароў за вёскай, бліз хутара з дзіўнай назвай Ямтыта. Памятала бабуля, як нарыхтоўвалі сена на зіму: маці везла іх з бацькам ва ўрочышча Старынка (бліз вёскі Козікі), пакідала іх там, яны з бацькам цераз балота дабіраліся да месца. Жылі там, можа, з тыдзень, спалі на капіцах.

Скончыла Маня 4 класы польскай школы (бабуля вельмі добра лічыла грошы, умела чытаць, чытала шмат, але пісаць не ўмела). Летам школьныя заняткі маглі праходзіць на лужку. Вучні сядалі вакол “пана настаўніка”, слухалі ўважліва. Калі адказ вучня быў няправільны, то ён выцягваў абедзве рукі ўперад – і настаўнік біў лінейкай па руках.
Аднойчы,  расказвала бабуля Маня, хадзілі яны з татам у заробкі да пана Юндзіла (яго вялізны дом, як тады здалося Мані, знаходзіцца і цяпер на тэрыторыі бальніцы Івацэвічаў). Аралі яны зямлю, пан заплаціў злотымі.
У 1939 годзе прыйшлі Саветы. 

Бацька Мані, Іван Дудзік, тры гады не ўступаў у калгас. Гаспадарка значна паменшала (прыйшлося аддаць у калгас). Сена вымушаны былі ехаць нарыхтоўваць яшчэ далей. Землі адышлі калгасам. Калі ад гаспадаркі амаль нічога не засталося (не тое што коней і кароў пазабіралі, нават усю збрую), Манін бацька здаўся – і запісаўся ў калгас. Пры савецкай уладзе ў хаце Івана Дудзіка знаходзіўся магазін, а сам Іван быў прадаўцом. Спрабаваў і сваю лаўку адкрыць, але не атрымалася. Дочкі згадвалі, што ў іх у сенцах стаялі бочкі з селядцамі.

Падчас вайны Маня і старэйшы брат Пеця захварэлі на тыф.  Помніць яна, як страшна бамбілі. За хатай была зямлянка, і ляжалі там хворыя дзеці разам з цёткай. Як выжылі, самі не ведаюць. Увесь час хацелася ўстаць, выйсці з зямлянкі на белы свет, але ад бяссілля падняцца было немагчыма. Калі хвароба адступіла, і дзеці выйшлі, на белы свет – спачатку ледзь стаялі на нагах...

У вайну вёску Азярцо мала што не спалілі. Немцаў, што былі ў вёсцы, раззлавалі начныя прыходы да мясцовых жыхароў партызан. Усіх жыхароў сагналі ў будынак школы, зачынілі дзверы, аблілі гаручкай. Уратаваліся выпадкова. Солтыс (стараста вёскі) пачаў прасіць за жанчын і дзяцей… Жыхароў выпусцілі, наказаўшы жанчынам, каб хуценька зносілі да школы яйкі, сала, усе харчы, што ёсць. Так выратаваліся жыхары вёскі Азярцо, а з імі і Дудзік Маня…
Юлія КАВАЛЁВА.
Комментарии (0)
Добавить комментарий