Фотаконкурс “Родныя краявіды” ў Год малой радзімы — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Фотаконкурс “Родныя краявіды” ў Год малой радзімы

15 августа 2018 - Administrator
article4121.jpg

 Паважаныя жыхары раёна! У Год малой радзімы рэдакцыя раённай газеты “Івацэвіцкі веснік” прапануе сваім чытачам паўдзельнічаць у новым творчым праекце – фотаконкурсе “Родныя краявіды”.

Упэўнены, што ў кожнага з вас ёсць мілы сэрцу куточак роднага краю, у які вы ўлюбёны з дзяцінства і які сваім хараством радуе вока падарожніка. Мы прапануем адправіцца ў яркае падарожжа па родным мясцінам Івацэвіцкага краю разам. 

Дасылайце ў рэдакцыю фотаздымкі сваіх любімых родных краявідаў. Усе фотаздымкі будуць размяшчацца на сайце “ІВ” і афіцыйных групах “ІВ” у сацыяльных сетках. Знайсці спасылкі на групы ў “Укантакце”, “Аднакласніках”, “Фэйсбуку”, “Твітэры” і “Інстаграм” можна ў правым ніжнім вуглу сайта раённай газеты ivatsevichy.by, па хэштэгах #ивацевичи #ивацевичский_вестник ці запыту “Ивацевичский вестник” у адпаведнай сацыяльнай сетцы. Лепшыя творчыя работы будуць апублікаваны на старонках раённай газеты, а пераможцы фотаконкурсу будуць узнагароджаны падарункамі.
Фотаработы можна дасылаць на электронную пошту рэдакцыі vestnik@brest.by або  па адрасе: 225295 г. Івацэвічы, завулак Паштовы, 17 з паметкай “На конкурс “Родныя краявіды”. 

Памер фотаздымка павінен быць не менш за 8 Мп у лічбавым фармаце jpg або 10х15 – у папяровым фармаце.  Кожны аўтар можа даслаць на конкурс не больш за 5 творчых работ у любой з  намінацый (“Гарадскія пейзажы”, “Вёсачка мілая мая”, “Івацэвіцкі край  – край рэк і азёр”, “Лес – наша багацце”, “Краявіды Івацэвіччыны”), можна ўдзельнічаць у некалькіх намінацыях. Кожны фотаздымак павінен быць з подпісам пра тое месца, выява якога змешчана на фота. Вітаецца творчае суправаджэнне фотаработы (гэта можа зрабіць у празаічнай ці паэтычнай форме). 
Больш падрабязна з умовамі правядзення конкурсу можна пазнаёміцца на сайце  рэдакцыі   і ў сённяшнім нумары.
Чакаем вашых фотаздымкаў.
З павагай рэдакцыя “ІВ”.  

Палажэнне аб парадку правядзення творчага фотаконкурсу “Родныя краявіды”
1. Гэтым Палажэннем вызначаецца парадак правядзення творчага фотаконкурсу “Родная краявіды” (далей Конкурс).

2. Дадзены Конкурс праводзіцца ў мэтах:
• папулярызацыі ў грамадстве беражлівых адносін і любові да малой радзімы, беларускіх традыцый, здаровага ладу жыцця;
• фарміравання ўстаноўкі ў маладога пакалення на культурнае правядзенне вольнага часу, на здаровы лад жыцця;
• выхавання культуры паводзін на прыродзе;
• прапаганды духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання, умацавання традыцый і сямейных каштоўнасцей.

3. Арганізатарамі Конкурсу з'яўляюцца КУП "Рэдакцыя раённай газеты "Івацэвіцкі веснік" і праграма радыёвяшчання "Раённае радыёвяшчанне" сумесна з Івацэвіцкай РА "Беларускі саюз жанчын" і Івацэвіцкай РА РГА "Белая Русь".

4. Для падрыхтоўкі і правядзення Конкурсу фарміруецца арганізацыйны камітэт. Арганізацыйны камітэт
• фарміруе рабочую экспертную групу;
• фарміруе склад журы Конкурсу;
• вызначае намінацыі Конкурсу;
• вызначае парадак арганізацыі, правядзення, інфармацыйнай падтрымкі Конкурсу ў сродках масавай інфармацыі.

5. У конкурсе могуць прыняць удзел прафесійныя і непрафесійныя фатографы, жыхары і ўраджэнцы Івацэвіцкага раёна, незалежна ад узросту і прафесійнай дзейнасці.

6. Конкурс праводзіцца ў наступных намінацыях:
• "Гарадскія пейзажы";
• "Вёсачка мілая мая";
• "Івацэвіцкі край – край рэк і азёр";
• "Лес – наша багацце";
• "Краявіды Івацэвіччыны".

7. На конкурс прымаюцца фатаграфіі памерам не менш за 8 Мп у лічбавым выглядзе ў фармаце JPG альбо на фотапаперы ў мінімальным памеры 10х15 см і максімальным 19х27 см, якія раней нідзе не публікаваліся ў СМІ і не дэманстраваліся публічна іншым спосабам. Кожны ўдзельнік можа заяўляцца ў любой колькасці намінацый, але прадстаўляць не больш за 5 фотаработ у кожнай намінацыі. Фотаработы павінны быць без дэкаратыўнага афармлення (без рамак, паспарту, надпісаў) але мець суправаджальныя подпісы. Вітаецца творчае суправаджэнне фота ў выглядзе кароткага верша, празаічнай нататкі. Увага: у абавязковым парадку ў суправаджальным лісце ўказваецца поўнае імя аўтара, месца пражывання, узрост, кантактны тэлефон.
Матэрыялы могуць быць аформлены ў выглядзе архіва RAR або ZIP.

8. Матэрыялы на Конкурс падаюцца аўтарамі ў рэдакцыю на электронную пошту vestnik@brest.by або па адрасе: 225295 г. Івацэвічы, завулак Паштовы, 17 з пазнакай “На конкурс “Родныя краявіды”.

9. Удзельнікі Конкурсу гарантуюць сваё аўтарскае права на дасланыя працы. Удзельнікі Конкурсу нясуць адказнасць за парушэнне аўтарскіх правоў трэціх асоб.

10. Арганізатар мае права выкарыстоўваць дасланыя на фотаконкурс фатаграфіі наступнымі спосабамі без выплаты аўтарскага ўзнагароджання:
• дэманстраваць  фатаграфіі (публікаваць фатаграфіі ў СМІ, на плакатах, білбордах і іншых інфармацыйна-рэкламных матэрыялах, размяшчаць на інтэрнэт-рэсурсах, прысвечаных фотаконкурсу);
• дэманстраваць фатаграфіі на фотавыстаўках і іншых публічных мерапрыемствах;
• публікаваць фатаграфіі ў сродках масавай інфармацыі і размяшчаць іх на сайтах на не камерцыйнай аснове.

11. Матэрыялы на Конкурс прадстаўляюцца з 10 жніўня па 10 снежня 2018 года.

12. Папярэдні адбор прадстаўленых на Конкурс работ ажыццяўляе рабочая экспертная група.

13. Журы Конкурсу падводзіць вынікі Конкурсу і выносіць рашэнне аб пераможцах у кожнай намінацыі не пазней, як 15 снежня 2018 года.

14. Пераможцы Конкурсу ўзнагароджваюцца дыпломамі і каштоўнымі падарункамі ад арганізатараў.

15. Для ўзнагароджання пераможцаў Конкурсу іншыя дзяржаўныя і грамадскія арганізацыі, а таксама фізічныя асобы, якія пажадалі далучыцца да Арганізатараў Конкурсу, могуць самастойна ўстанаўліваць дадатковыя спецыяльныя прызы.

16. Урачыстая цырымонія ўшанавання пераможцаў Конкурсу і ўручэнне дыпломаў праводзіцца не пазней за 25 снежня 2018 года.

17. Усе творчыя работы, адабраныя рабочай экспертнай групай, будуць размяшчацца на сайце рэдакцыі, а лепшыя працы і працы пераможцаў будуць апублікаваныя на старонках газеты “Івацэвіцкі веснік.”
Комментарии (0)
Добавить комментарий