Гэтым запісам – 234 гады! — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Гэтым запісам – 234 гады!

17 июля 2018 - Administrator
article4083.jpg

 У такое цяжка паверыць, бо папера захавалася выдатна, кожны запіс чытаецца… Праўда, запісы зроблены на польскай мове з асобнымі ўстаўкамі на лацініцы, тым не менш, дасведчанаму чалавеку няцяжка пачытаць і перакласці тэкст.


Гэта ўнікальная знаходка – удача Сцяпана Пятровіча Куніцкага, настаўніка з в. Дабромысль. Ужо цягам некалькіх гадоў ён мэтаскіравана шукае ўсё, звязанае з гісторыяй сваёй вёскі і ваколіц.  І вось жа: хто шукае, той знаходзіць! Пра асобныя яго знаходкі мы ўжо пісалі, скарбонка іх поўніцца. І вось гэтая ўдача – царкоўная (метрычная) кніга, запісы якой датаваныя 1784 годам.
Гэта былі часы ўніі, і царква, зразумела, была ўніяцкая. Гэта старонка нашай гісторыі. І тым яна для нас каштоўная.

Уніяцкая царква была ў Дабромыслі,  размяшчалася яна, па сведчанні некаторых крыніц, на старых могілках. Новая праваслаўная царк-
ва была пабудавана ў ХІХ стагоддзі.
Такім чынам, Сцяпан Пятровіч адшукаў на сёння ці не адзіны дакумент, які мае адносіны да перыяду ўніяцтва ў нашым раёне і знахо-
дзіцца ў нас.
Царкоўная метрычная кніга – тое сапраўдны летапіс вёсак прыходу. Ад пачатку ў гэтай кнізе запісваліся пайменна ўсе гаспадары вёскі, колькасць членаў сям’і. А вось далей на старонках кнігі – жыццяпіс. Хто калі нарадзіўся, хто калі хрысціўся (і хто быў кумам з кумою), хто калі ажаніўся, хто калі памёр… Такім чынам, для тых, хто хоча скласці свой радавод ці даведацца пра сваіх прадзедаў, кніга робіцца адзіным сапраўдным дакументальным пацвярджэннем такіх звестак.

Унікальнасць кнігі пацвердзілі навукоўцы, ёй жыва зацікавіўся супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага архіва Рэспублікі Беларусь: тут маюць вялікае жаданне атрымаць фотакопію яе, бо тое насамрэч – каштоўнасць для ўсёй беларускай гісторыі.
Несумненна, гэтая метрычная кніга ўпрыгожыць музей любога ўзроўню, а не толькі той школьны, які старанна папаўняе сваімі знаходкамі нястомны руплівец гістарычнай нівы Сцяпан Куніцкі. Пажадаем яму далейшых плённых пошукаў і цікавых знаходак.
Валерый ГАПЕЕЎ.
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий