74 гады таму: пасёлак з дзясяткам вуліц… — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


74 гады таму: пасёлак з дзясяткам вуліц…

23 февраля 2018 - Administrator
article3766.jpg

 Знаходка была наколькі нечаканай, нагэтулькі і прыемнай: аўтару гэтых радкоў літаральна падарылі магчымасць “скачаць” з сеціва фотаздымкі. Незвычайныя і ўражлівыя. З іх, па частках, сабраўся адзін – вось той, частку якога вы бачыце на гэтай старонцы.


Гэта – рабочы пасёлак Івацэвічы. Дата: 11 ліпеня 1944 года. Гэта дзень вызвалення горада, ранне. Здымкі горада з вышыні былі зробленыя нямецкім самалётам. Навошта гітлераўцы рабілі гэта, калі Чырвоная армія ішла ў наступленне на Івацэвічы, невядома. Але на сёння гэта адзіная магчымасць пабачыць нам, якімі былі Івацэвічы ў той час…

Што-нішто патлумачым. Пад літарай “А” пазначана тэрыторыя чыгуначнай станцыі. Пад лічбай 1 – будынак абслугоўвання (вакзал), 2 – чыгуначныя стрэлкі, 3 – лабаз (склад для зерня, мукі ці іншага). Як бачна, вакзал раней знаходзіўся на другім баку чыгуначных пуцей.
Літарай “В”, як вы здагадаліся пэўна, пазначана тэрыторыя лесазавода, на якой былі склады, бо на карце так і напісана – “захоўванне матэрыялаў”. “С” – гэта сённяшні спіртзавод. 
Амаль што не змяніліся нашы галоўныя вуліцы, якія далі пачатак гораду. Галоўная вуліца – частка Варшаўскага тракту – вуліца Леніна, на той час – Шасейная. Яна перасякаецца з цяперашняй Клютко, тады – вуліца 1 мая (прыводзім назвы да 1939 года).

Добра бачная сённяшняя вуліца Савецкая, раней яна называла вуліца 3 мая, доўгі час яна была галоўнай у горадзе, на ёй праводзіліся дэманстрацыі. Там, дзе сённяшні сквер і помнік загінуўшым воінам, бачна пляцоўка з фігурнымі дарожкамі.
Ад будынка лабаза, цяперашняга вакзала, да Шасейнай ідзе вуліца Касцюшкі – цяперашняя Паштовая. Амаль паралельна з Савецкай праходзіць вуліца, якая мела цікавую назву – Няцэлая. Гэта сённяшняя Камсамольская.
Вуліцы, у якую літаральна упіраюцца сённяшняя Савецкая і Камсамольская, цяпер існуе часткова (вул. Базарная) – тут знаходзіцца наша плошча ля райвыканкама.

Як бачна на здымку, жылых дамоў на гэтых вуліцах нямнога – асноўная частка насельніцтва жыла наводдаль – на карце у верхнім левым куце. Гэта так званы раён “Прага”. Відаць вуліцу Чарткова – тады яна была Косаўская, вызваленую – тады Сянькевіча, яшчэ амаль не забудавана сённяшняя Брэсцкая – тады Траўгота.
На былой Шасейнай добра відаць адзін вялікі будынак,  пазначаны лічбай 4 – гэта праваслаўная царква. Вось і ўсе нашы Івацэвічы на той, 1944 год. Тады ў іх пражывала крыху больш за тысячу чалавек, гэта быў менавіта рабочы пасёлак. 

У 1945 годзе рабочы пасёлак Івацэвічы становіцца райцэнтрам. А ў 1947 годзе Указам Прэзідыума вярхоўнага Савета БССР атрымлівае статус гарадскога пасёлка.
У 1962 годзе Івацэвіцкі раён быў аб’яднаны з Бярозаўскім, статус райцэнтра Івацэвічы згубілі, але ў 1965 Івацэвіцкі раён быў адноўлены. 
У 1966 годзе Івацэвічы атрымліваюць статус горада. На той год у Івацэвічах пражывала каля сямі тысяч чалавек.
Падрыхтаваў Валерый ГАПЕЕЎ.
Комментарии (1)
Добавить комментарий RSS-лента RSS-лента комментариев