Алкагольныя атручэнні: за 2017 год наш раён страціў 19 — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Алкагольныя атручэнні: за 2017 год наш раён страціў 19

8 февраля 2018 - Administrator
article3724.jpg

 На старонках раённай газеты мы ўжо звярталі ўвагу, што на высокім узроўні ў Івацэвіцкім раёне застаецца смяротнасць людзей, якія памерлі ад алкагольнага атручэння. Гінуць ад “перадозы” і маладыя, і ўжо сталыя мужчыны. Афіцыйна ў 2017-м годзе зафіксавана 19 лятальных канцоў (18 мужчын і адна жанчына), прычынай смерці якіх патолагаанатамам названа алкагольнае атручэнне.


Вось узрост нашых грамадзян, каго моцныя напоі ў мінулым годзе накіравалі на той свет: ва ўзросце ад 20 да 30 гадоў – адзін чалавек, ад 30 да 40 – тры, ад 40 да 50 гадоў – дзевяць чалавек, ад 50 да 65 – шэсць. Самы малады – 25-гадовы мужчына з адной з вёсак Целяханшчыны, самыя вялікаўзроставыя – мужчына ва ўзросце 65 гадоў, жанчына – 60 гадоў. 

– Спадзяёмся, што гэты паказчык прымусіць задумацца нашых грамадзян: старадаўні выраз “Веселие есть питие” ў рэальнасці выглядае недарэчным, бо гэтая звычка – ужываць алкаголь – вельмі часта нясе не вяселле, а гора, – кажа Вадзім ЛІШКО, начальнік Івацэвіцкага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.

Раённая газета ўжо звяртала ўвагу на тое, што культура спажывання алкагольных напояў у многіх нашых грамадзян, мякка кажучы, кульгае. Вось асноўныя правілы, якія трэба памятаць і на якія звяртае ўвагу Ксенія Фядосік, урач-нарколаг УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ”:
– Ап’яненне да 1,5 праміле лічыцца лёгкай ступенню ап’янення, ад 1,5 да 2,5 – сярэдняя ступень, ад 2,5 да 3,5 – цяжкая ступень ап’янення. Пасля 3,5 праміле – алкагольная кома, якая можа прывесці да лятальнага зыходу. 
Рэзкае павелічэнне этанола ў крыві можа прывесці да каранарнай смерці. Людзі паміраюць і па наступнай прычыне: моцная інтаксікацыя вядзе да таго, што спрацоўвае рвотны рэфлекс і чалавек памірае ад таго, што захліснуўся рвотнымі масамі. Той, хто мае алкагольную залежнасць, рана ці позна сутыкнецца з цырозам печані… Алкагольны псіхоз, белая гарачка – рана ці позна з гэтым сутыкнецца кожны, хто злоўжывае моцнымі напоямі. У стане алкагольнага ап’янення чалавек не адчувае холад і нярэдка атрымлівае холадавыя траўмы, а  то і памірае.
Падрыхтаваў Аляксандр ГОРБАЧ.  
Комментарии (0)
Добавить комментарий