Прывёз з заробкаў грошы і… ВІЧ-інфекцыю — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Прывёз з заробкаў грошы і… ВІЧ-інфекцыю

15 декабря 2017 - Administrator
article3613.jpg

 Статыстыка няўмольная: колькасць ВІЧ-інфіцыраваных у нашым раёне няўхільна павялічваецца. Калісьці мы былі ўражаны, што іх налічваецца 6 ці 10 чалавек, але ў мінулым годзе іх стала 17, а на канец адыходзячага 2017 года, як паведамляе “ІВ” Ірына Ковыш, загадчык аддзела эпідэміялогіі ДУ “Івацэвіцкі райЦГіЭ”, ужо 23 жыхары раёна знаходзіліся на дыспансерным уліку як ВІЧ-інфіцыраваныя.

Прычым асноўны шлях заражэння ВІЧ-інфекцыяй у нашым раёне – палавы. 

– Яшчэ 10-15 гадоў назад асноўнай катэгорыяй ВІЧ-інфіцыраваных былі шпрыцавыя наркаманы, але за апошнія гады сітуацыя змянілася значна, – гаворыць Ірына Ковыш. – Сумнае лідарства тут захапіў палавы шлях перадачы ВІЧ-інфекцыі. Гэта характэрна і для рэспублікі ў цэлым, і для нашага раёна. 

– Ірына Васільеўна, раскажыце пра тыповы для нашага раёна выпадак заражэння ВІЧ-інфекцыяй?
– Тыповая сітуацыя: мужчына ездзіць на заробкі за межы Беларусі, дзе дазваляе сабе распусту. Большая частка ВІЧ-інфіцыраваных заразілася менавіта там, найчасцей падчас выездаў на заробкі ў Расію. Разам з тым, у нашым раёне фіксуюцца так званыя мясцовыя шляхі перадачы – ад ВІЧ-інфіцыраванага хворага здароваму чалавеку. Так, мужчына паехаў на заробкі, заразіўся і, прыехаўшы, яшчэ і заразіў жонку. Уявіце, якое ўзрушэнне чакала жанчыну: даведацца аб здрадзе мужа і пры гэтым яшчэ аб тым, што муж прывёз невылечную хваробу… Ёсць і такая сітуацыя ў нашым раёне: муж ВІЧ-інфіцыраваны, жонка – не, яна ведае пра яго статус, але на развод не падае, бо ён працуе ў Расіі, прывозіць грошы ў сям’ю, яна матэрыяльна залежыць ад яго… Кожны выпадак не падобны на іншы. 
 
– Ці можна гаварыць, што ўсе жыхары раёна знаходзяцца пад кантролем, ведаюць – здаровыя яны ці не?
– На жаль, нельга так сказаць. Медыцынскі кантроль у абавязковым парадку тычыцца цяжарных (двойчы: пры пастаноўцы на ўлік і перад родамі), усіх медработнікаў, донараў, мужоў цяжарных, хто мае венерычныя захворванні, хварэе на гепатыт і г. д. Нядаўна ў нас зафіксавана наступная сітуацыя: муж хворы на ВІЧ, а яго цяжарная жонка – на шчасце! – не. 

– Пашчасціла, што і дзіця народзіцца здаровым…
– Медыцына ў гэтым сэнсе зрабіла вялікі крок наперад – і сёння ў Беларусі рызыка перадачы ВІЧ-інфекцыі ад маці дзіцяці не перавышае два працэнты. У мінулым верасні жанчына, жыхарка Івацэвіцкага раёна, якая з'яўляецца  ВІЧ-інфіцыраванай, нарадзіла дзіця. Медработнікі зрабілі ўсё неабходнае, каб дзіця нарадзілася здаровым. Першыя даследаванні на ВІЧ-інфекцыю паказалі, што ў дадзеным выпадку аналіз адмоўны.  

– Атрымліваецца, што не кожны палавы акт вядзе да заражэння. І яшчэ: чаму не прыцягваюць да крымінальнай адказнасці тых, хто вядзе неахайны лад жыцця, распаўсюджвае ВІЧ?
– Так, не кожны палавы акт вядзе да заражэння ВІЧ, але ці можа гэта заспакойваць? Канешне, не! Тут толькі адно выйсце: весці цнатлівы лад жыцця, бо заразіцца можна ў любы момант, прымяняць сродкі перасцярогі (прэзерватыў)… У нашым раёне не ўзбуджаліся крымінальныя справы за заражэнне ВІЧ-інфекцыяй, бо толькі пасля таго, як чалавек атрымаў статус ВІЧ-інфіцыраванага (гэтая інфармацыя ананімная), ён атрымлівае папярэджанне аб крымінальнай адказнасці за перадачу захворвання. Гэты чалавек абавязаны паведаміць свайму партнёру аб сваім статусе або ў абавязковым парадку выкарыстоўваць сродкі абароны (прэзерватыў). У рэспубліцы ўзбуджаліся крымінальныя справы па заяве мужа або жонкі, калі адзін з іх ведаў, што з’яўляецца ВІЧ-інфіцыраваным і не інфармаваў свайго партнёра аб сваім ВІЧ-статусе, не выкарыстоўваў сродкі абароны, у выніку чаго адбывалася перадача ВІЧ-інфекцыі, г. зн. заражэнне. Так, усе 23 ВІЧ-інфіцыраваныя жыхары нашага раёна далі распіску аб тым, што нясуць крымінальную адказнасць за распаўсюджванне ВІЧ-інфекцыі.

– Што параіце чалавеку, які не ўпэўнены ў сваім здароўі і падазрае ў сябе ВІЧ-інфекцыю?
– Абавязкова правядзіце абследаванне, не трэба баяцца – пры жаданні яго можна правесці ананімна, інфармацыя будзе строга канфідэнцыяльная. Лепш горкая праўда, чым салодкі самападман. Тым болей, дзяржава праводзіць лячэнне хворага на ВІЧ на бясплатнай аснове. Баіцеся абследавацца ў Івацэвічах? Можаце паехаць у Баранавічы, Пінск, Брэст… Такія абследаванні варта праводзіць, бо як сведчыць статыстыка, ледзь не кожны трэці з ліку ВІЧ-інфіцыраваных, даведаліся пра свой статус падчас канфідэнцыяльнага абследавання. Гэта значыць, што многія людзі жывуць і не ведаюць аб сваім захворванні. 

Памятайце: ВІЧ-інфекцыя – не прысуд. Калі чалавек своечасова абследаваўся, калі ён праводзіць лячэнне, то, дзякуючы прымяненню сучасных медпрэпаратаў, ён можа дзясяткі гадоў жыць звычайным жыццём. У нашым раёне ніхто не памёр у стадыі СНІДу... Важна давяраць, але і правяраць: не зашкодзіць, каб і маладажоны абследаваліся напярэдадні важнай падзеі ў сваім жыцці. Каб не пашкадаваць потым.         
Падрыхтаваў 
Аляксандр ГОРБАЧ.
Комментарии (0)
Добавить комментарий