Храму Святога прападобнага Антонія Вялікага г. Косава – 150 гадоў — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Храму Святога прападобнага Антонія Вялікага г. Косава – 150 гадоў

6 февраля 2018 - Administrator
article3718.jpg

 Свята-Антоніеўскі храм г. Косава з’яўляецца матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь. У дзень памяці Святога прападобнага Антонія Вялікага, у гонар якога Косаўская праваслаўная царква асвечана, 30 студзеня з’яўляецца прастольным святам храма. А сёлета для Косаўскага храма не проста дзень нараджэння, а юбілей – 150 гадоў з дня будаўніцтва.


У 1868 годзе царква была пабудавана ў цэнтры горада на месцы папярэдняга храма, сведчаць гістарычныя крыніцы. Сёння гэта помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю і знаходзіцца ў Косаве па вул. Вясёлай. “Кампазіцыя храма ўключае ў сябе дзвюх’ярусную чацвярыковую званіцу, прамавугольныя ў плане трапезную, папярэчны асноўны аб’ём і апсіду. Званіца пакрыта гранёным сферычным купалам з ліхтаром і макаўкай у завяршэнні. Галоўны ўваход выкананы ў выглядзе арачнага праёму і аформлены двухскатным дахам на дзвюх калонах. У 1924 годзе, – захаваліся звесткі, – прэасвяшчэннейшым Аляксандрам, епіскапам Палескім і Пінскім быў выдадзены антымінс Косаўскаму храму”.

Храм дзейнічае. У ім праводзяцца рэгулярна службы, ён з’яўляецца месцам паломніцтва шматлікіх веруючых  з усёй Беларусі. Настаяцель храма айцец Алексій Кіхалевіч хваляваўся ў чаканні прыезду на юбілей царквы архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага прэасвяшчэннейшага Стэфана, які ў саслужэнні святарства Івацэвіцкага благачыння на чале з протаіерэем Грыгорыем Піліпчуком вёў Божую літургію. Раздзяліць радасць свята касаўчан прыехалі прыхаджане Івацэвічаў, Івацэвіцкага і Бярозаўскага раёнаў. Не засталася гэтая падзея па-за ўвагай мясцовай улады. Выконваючы абавязкі старшыні Косаўскага гарсавета Леанід Юдчыц таксама быў тут з жыхарамі Косава і гасцямі горада.

І як гэта часта бывае па промысле Божаму, напярэдадні гэтага важнага для касаўчан свята з аўтарам радкоў падзялілася ўражаннямі ад служб у гэтым невялічкім ціхім храме адна івацэвіцкая прыхаджанка: “Я пабывала ў сваім жыцці ў многіх храмах і ў многіх паломніцкіх паездках, а не так даўно адкрыла для сябе Свята-Антоніеўскую царкву ў Косаве. І тут мне ўсё да душы. Не ведаю, чаму, але мяне цягне ў Косаўскі храм. І толькі нядаўна стала вядома, чаму. Тут вянчаліся мае бабулі і дзядулі па лініі маёй маці і бацькі. Я знайшла копію вянчальнага запісу 1924 года, хрышчэння маці і бацькі. Думаю, і бабуля нас, трох унукаў, там хрысціла. Па промысле Бога, нічога не ведаючы аб гэтым, я з мужам паехала туды вянчацца”… Уяўляеце?! Нягледзячы на тое, што ў савецкі час гэтая пара маладых людзей былі камсамольцамі, як усе мы, Бог паклікаў іх і праз дзесяцігоддзі “скітанняў” па Саюзе вярнуў на радзіму, павянчаў у храме-“калысцы” і толькі тады адкрыў свой промысел.

“Паўтара стагоддзя царкве. Дай Божа здароўя і Божай дапамогі людзям, якія захавалі храм у мінулых традыцыях. Сто гадоў назад яна была поўная людзей, у прыходзе нараджалася многа дзяцей, царква не зачынялася пры Саветах, а ў Вялікую Айчынную бацюшка Васіль колькі ўратаваў людзей ад смерці, рызыкуючы сваім жыццём”… – абмяркоўвалі падзею прыхаджане. 
Косава – дзіўны горад. Сёння ён лічыцца адным з самых маленькіх у Беларусі, але ў ім захаваліся ўнікальныя помнікі архітэктуры: палац Пуслоўскіх, сядзіба Тадэвуша Касцюшкі, Свята-Антоніеўская царква, драўляная Успенская царква і касцёл. Сёння ў горадзе пражывае 2388 чалавек, а ў гады росквіту колькасць насельніцтва не перавышала чатырох тысяч жыхароў. Упершыню горад упамінаецца ў 1494 годзе як валоданне маршалка Вялікага княства Літоўскага Івана Храптовіча па мянушцы Літавор. Гэта ён у той год: “у той час, калі ад брата нашага караля яго міласці Аляксандра, Слонім трымаў, выпрасіў сабе ў яго міласці зямлю пустаўшчыну, званаю Косаўшчынай”. Мястэчка расло павольна, доўга застаючыся ў цяні ад буйных суседзяў. Але неўпрыкмет стала цэнтрам цэлага рэгіёну, з якім, як піша Алесь Зайка, аўтар кнігі “Населеныя пункты Івацэвіччыны”, “…кожная з вёсак была звязана дарогай. Казалі нават, Косава – як сонца, а промні яго – дарогі-шляхі да вёсачак”.

У хуткім часе кароль Жыгімонт I Стары выдаў указ, які дазваляў праводзіць у Косаве гандлёвыя кірмашы. Найбольшага росквіту горад дасягнуў пры новых уладальніках – магнатах Пуслоўскіх, якія набылі гэтыя землі ў другой палове 18 стагоддзя і пабудавалі на іх Косаўскі палац у 1850 годзе. Крыху пазней,  у 1868 годзе, у Косаве была пабудавана Свята-Антоніеўская мураваная царква, а праз 10 гадоў мураваны касцёл. Косава ў гэтыя гады мела дзве царквы, касцёл, чатыры яўрэйскія малітоўныя дамы, школу, пошту, валасную і мяшчанскую ўправу, аптэку, паравы млын, суконную фабрыку, завод па вырабе скур, 10 піцейных дамоў, базар. У адной вярсце ад Косава быў бровар, соладавы завод, конны млын. І пражывала ў мястэчку 2725 чалавек. 

Косава развівалася і ў наступныя гады, а перад Вялікай Айчыннай вайной  тут пражывала ўжо 3708 жыхароў, мелася некалькі гасцініц, рэстаранаў, быў народны дом, пошта, тэлеграф, бібліятэка, бальніца, аптэка, ветлячэбніца, фотасалон, сямігадовая школа, яўрэйская вучэльня, лазня, безліч гандлёвых кропак, і кожны чацвер на гандлёвай плошчы ладзіўся кірмаш, аб чым ведалі людзі з вакольных вёсак. Паміж Косавам і Няхачавам, піша Алесь Зайка, курсіраваў аўтобус. 

…Духам гісторыі і старажытных легенд прасякнуты кожны куточак Косава. І пропаведзь архіепіскапа Стэфана у дзень 150-годдзя Косаўскага храма была надзвычай цёплай і душэўнай. Ён расказаў аб заснавальніку хрысціянскага манаства – прападобным Антонію Вялікім, які быў з роду багатай егіпецкай сям’і, а стаў пустэльнікам пасля смерці бацькоў. Ён выканаў на справе складаную евангельскую запаведзь: “Калі хочаш быць дасканалым, ідзі, прадай маёнтак твой і раздай жабракам, і будзеш мець скарб на Небе, і ідзі ўслед за Мной”. Усё жыццё Вялікі Антоній раўніва служыў Богу і дасягнуў вялікіх духоўных вышынь, застаючыся пакорлівым. Яшчэ пры жыцці яго называлі Вялікім, а пасля смерці – прападобным і святым. І ўсім, хто знаходзіўся ў храме, уладыка Стэфан жадаў моцы духа і веры сапраўднай. Каб кожны нёс у свой дом радасць прастольнага свята і ўзрастаў у міры і добрых справах. 
 

У гонар свята настаяцель храма айцец Алексій і яго матушка Галіна, якія служаць у Косаўскім храме 33 гады, былі ўзнагароджаны з рук архіепіскапа “За труды во славу Божию" ордэнамі. Бацюшка – ордэнам Святога праведнага мучаніка Макарыя, а матушка – ордэнам Святой праведнай Іуліаніі, дзевы, княжны Альшанскай.
Аб адным толькі балела душа: нягледзячы на тое, што людзей было поўна ў храме, хацелася б бачыць больш моладзі. І нам, старэйшаму пакаленню цяпер трэба многа маліцца, каб маладым захацелася ў храм, каб не выраслі яны раўнадушнымі да сваіх гістарычных каранёў. 
Валянціна БОБРЫК,  
фота аўтара.
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий