Як сустрэлі новы 2018 год? — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Як сустрэлі новы 2018 год?

3 января 2018 - Administrator
article3633.jpg

…Святлана Шаўлінская, вядучая першага ў Івацэвічах грамадскага гуляння “Лепшыя песні адыходзячага года”, вітала прысутных каля галоўнай елкі раёна прыкладна праз гадзіну пасля наступлення 2018 года. Некалькі сотняў маладых і немаладых мужчын і жанчын прымалі ўдзел у конкурсах, віктарынах, танцавалі і спявалі, атрымлівалі прызы і падарункі (наборы цукерак) і зарад добрага настрою на 2018 год, як і жадалі ім Дзед Мароз (Уладзімір Краўцоў) і Снягурка (Ганна Суханосік).

Шэраг культурных мерапрыемстваў прайшлі ў іншых населеных пунктах раёна.

 

Але пакуль большасць грамадзян раёна адпачывала, “не сумавалі” прадстаўнікі службаў, чый абавязак сачыць за нашай бяспекай, здароўем. Так, у навагоднія і паслянавагоднія дні зафіксаваны два пажары – у Зялёным Бары і Быцені. На шчасце, ніхто не пацярпеў, маёмасць пашкоджана таксама нямоцна, бо выратавальнікі адрэагавалі своечасова. Выратавальнікі займаліся і дэблакіроўкай людзей, якія знаходзіліся ў аўтамабілі, што пасля навагодніх святаў рухаўся транзітам па тэрыторыі нашага раёне па “старой” аўтамагістралі і трапіў у ДТЗ непадалёку ад вёскі Любішчыцы. У легкавіку знаходзіліся муж, жонка і двое дзяцей. Аперацыя па іх вызваленні з моцна пашкоджанай машыны прайшла паспяхова, хаця, як паведамляе Васіль Жур, начальнік АДАІ Івацэвіцкага РАУС, вадзіцель і дзіця 2016 года нараджэння атрымалі траўмы і трапілі на бальнічны ложак. У гэтыя навагоднія дні не затрыманы ніводны нецвярозы вадзіцель, хаця ДАІ працавала ва ўзмоцненым рэжыме, а вось “бяспраўнікаў” было затрымана некалькі чалавек.

 

Як паведамляе “ІВ” начальнік Івацэвіцкага РАУС Вадзім Пастаялка, у гэтыя дні зафіксавана менш, чым звычайна, выклікаў на сямейныя скандалы, хаця нямала было падманных выклікаў, калі моцна п’яныя людзі заяўляюць аб крымінальных здарэннях. Так, паступіў сігнал з Івацэвічаў аб згвалтаванні, але калі нарад міліцыі прыбыў у кватэру, то застаў “пацярпелую” ўшчэнт п’янай; яна нават не памятала, што выклікала міліцыю, а яе “гвалтаўнік” быў таксама амаль у непрытомным стане. 

 

***

Першым дзіцём, якое нарадзілася ў 2018-м годзе, як і год назад, стала дзяўчынка – яна нарадзілася ў ноч з 1-га на 2-е студзеня. Вага – 2 650 грамаў, бацькі нованароджанай з в. Няхачава.

Аляксандр ГОРБАЧ, Валерый МІСКЕВІЧ (фота).

Комментарии (0)
Добавить комментарий