Наша агульная спадчына — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Наша агульная спадчына

5 февраля 2018 - Administrator
article3712.jpg

 Шматлюдна было ў нядзелю, 4 лютага, у мемарыяльным музеі-сядзібе імя Т. Касцюшкі  ў Марачоўшчыне. На традыцыйную ўрачыстасць на радзіму да нашага славутага земляка Тадэвуша Касцюшкі – нацыянальнага героя Польшчы і ЗША, ганаровага грамадзяніна Францыі – з нагоды 272-й гадавіны з дня нараджэння наведалася  кіраўніцтва Івацэвіцкага райвыканкама, прадстаўнікі дыпламатычных місій, шэраг грамадскіх арганізацый, мясцовыя жыхары.

 

Святочныя мерапрыемствы распачаліся са службы ў Косаўскім касцёле, а затым перамясціліся на тэрыторыю мемарыяльнага музея-сядзібы імя 
Т. Касцюшкі. Тут прайшла цырымонія ўскладання вянкоў і кветак да памятнага знака. Ад Івацэвіцкага раёна гэта зрабілі старшыня райвыканкама Аляксандр Грыцук і старшыня райсавета Аляксандр Сарока, кіраўніцтва Косаўскага гарсавета. Затым удзельнікі мерапрыемства накіраваліся ў музей-сядзібу Касцюшкі, пакоі якой літаральна не маглі змясціць усіх жадаючых.
 
– Болей за 20 000 турыстаў з Беларусі і з-за межаў Беларусі наведваецца штогод у гэтыя славутыя мясціны. Гэта нямала, але мы хацелі б бачыць іх яшчэ больш, – адзначыў у сваім выступленні перад прысутнымі старшыня Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандр Грыцук. – Шпаркімі тэмпамі побач ідзе аднаўленне палаца Пуслоўскіх, ужо адкрыта часовая экспазіцыя, хаця, канешне, на тое, каб поўнасцю завяршыць аднаўленне палаца, па-
трабуецца яшчэ 5-6 гадоў…
 
Слова бралі таксама Элізабет Льюіс, першы сакратар пасольства ЗША па пытаннях інфармацыі, культуры і адукацыі; Уладзімір Шчасны, былы старшыня Нацыянальнай камісіі ЮНЕСКА, пасол Беларусі па асобых даручэннях; Марэк Кшэсняк, старшыня Польскага фонду імя Т. Касцюшкі, іншыя госці… Пасля ў палацы Пуслоўскіх прайшла прэзентацыя выстаўкі “Тадэвуш Касцюшка: цана свабоды”, падрыхтаваная музеем Касцюшкі ў Кракаве. Урачыстае яе адкрыццё правёў Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Брэсце Пётр Казакевіч, прысутныя актыўна цікавіліся дадзенымі работамі. Музычнае суправаджэнне мерапрыемства ладзілася музычнымі калектывамі Косаўскай і Івацэвіцкай школ мастацтваў.
 
 
 
 
 
 
Аляксандр ГОРБАЧ, 
Валерый МІСКЕВІЧ (фота). 
Комментарии (0)
Добавить комментарий