Памяць: сакавік 1943-га — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Памяць: сакавік 1943-га

14 марта 2018 - Administrator
article3813.jpg

Вайна паступова адыходзіць у мінулае, становіцца старонкай у падручніку. Але нас вельмі хвалююць кадры гэтай кінахронікі. Напэўна, няма ў нас ніводнай сям’і, куды б не зазірнула вайна. Вайна – страшная з’ява ў жыцці кожнага народа. Яна жахлівая тым, што яе сляды надоўга, назаўсёды застаюцца ў памяці людской, асабліва калі яна ўрэзалася ў дзіцячую душу, чыстую, пяшчотную, трапяткую. Так і жывуць з болем у сэрцы, з жудаснымі ўспамінамі тыя, каму падчас вайны было 5-10 гадоў, тыя, хто застаўся сіротамі, хто зведаў жах бамбёжак, хто рады быў чэрствай скарыначцы хлеба.

Сакавік 1943-га прынёс боль, горач, страту, забойствы мірных людзей, дзетак…

Многія вёсачкі напаткаў лёс Хатыні. На тэрыторыі Жытлінскага сельсавета – вёскі Зыбайлы і Зацішша.


16 сакавіка карнікі ўварваліся ў вёсачку Зыбайлы. Гітлераўцы не маглі дараваць вёсцы і яе жыхарам сувязь з партызанамі. Учынілі дзікую расправу. Загінула 260 мірных жыхароў. Адных – карнікі растралялі, другіх – спалілі жывымі ў агні. Як памяць аб загінуўшых, узнялося вёска з попелу і руін. Пасярод яе ёсць брацкая магіла, пастаўлена стэла. Помнік заклікае жывых да пільнасці, напамінае аб захаванні міру на зямлі ў імя будучыні і шчасця дзяцей.

Вёска Зацішша знаходзілася за паўкіламетра на поўдзень ад Сярадава. Ішоў сакавік 1943 года, былі Саракі, было прадвесне… У народзе кажуць, што на гэта свята  з выраю прылятае сорак выраяў, неба абуджаюць сорак жаўранкаў, з сарака галінак пачынае сарока віць сабе гняздо. Але зусім не свята чакала ў той дзень зацішанцаў. Раніцай на досвітку ў вёску ўварваліся карнікі. Яны сагналі ў пуню ўсіх жыхароў Зацішша разам з дзецьмі і падпалілі яе. Людскі енк і плач ускалыхнулі лясное наваколле, зліліся ў адзін цяжкі стогн.


Не дажылі жыхары Зыбайлаў і Зацішша да другога веснавога свята – Дабравешчання. На Дабравешчанне з выраю вяртаюцца на Радзіму буслы.

Буслы 1943 года не сустрэлі тых, каму неслі на сваіх крылах новую вясну і новае жыццё.

На месцы былой вёсцы Зацішша расце лес, дзе-нідзе засталіся здзічэлыя яблыні, грушы і вішні. Вусны ў Зацішша заўсёды маўклівыя, але ў сэрцы, калі прыслухацца, увесь час гучыць малітва. У памяць аб загінуўшых земляках у вёсцы Сярадава пастаўлены абеліск.


Даўно ужо зацягнуліся раны на целе зямлі беларускай, не пазнаць сёння тых мясцін, дзе ішлі баі, месціліся партызанскія атрады, даўно зраўняліся, пазарасталі акопы… Але смыляць раны, не маюць душэўнага спакою, тыя хто спазнаў ваеннае ліхалецце.

Усё вёска пад крыжом,

У вялікай магіле.

У адной, дзе ў сакавіку – 43-га

Іх палажылі.

На душы цяжкі камень –

Гэты цяжар не стрэсці.

І ў сэрцы і ў памяці

Год сорак трэці…

Валянціна Кронда.

Комментарии (0)
Добавить комментарий