Папулярны Вайбер і нечаканыя пасткі — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Папулярны Вайбер і нечаканыя пасткі

26 января 2018 - Administrator
article3682.jpg

 Вайбер – гэта адносна новая сістэма камунікацыі, якая па сваёй папулярнасці перагнала Скайп. Устаноўлены ў сучасным тэлефоне, гэты дадатак дазваляе імгненна перапісвацца, дасылаць фотакарткі, толькі што знятыя, больш за тое – і невялікае відэа, толькі знятае, дый увогуле весці літаральна онлайн-трансляцыю: Вайбер дазваляе кантактаваць з субяседнікам у відэа рэжыме. Альбо і проста патэлефанаваць ды паразмаўляць, няважна, дзе знаходзіцца субяседнік, у якой краіне. Не трэба роўмінгу, абы каб было падключэнне да інтэрнэту. Да таго ж, Вайбер не складаны ў карыстанні. Усё гэта зрабіла гэты мэсенджэр  – так завуцца праграмы для імгненнага абмену паведамленнямі – надзвычай папулярным  сярод і нашых грамадзян. Наўрад ці той, хто карыстаецца сучасным тэлефонам, не мае усталяванага гэтага дадатку.


Але, калі кажуць, што, чым далей у лес, тым больш дроў, дык чым далей у інфармацыйныя тэхналогіі, тым больш магчымасцей аказацца падманутым, абдураным, абкрадзеным і нават увогуле скампраметаваным. 
…Вам раптам прыходзіць паведамленне ў Вайбер: “Тэрмінова патэлефануй! Гэта надзвычай важна для цябе!”. Зазвычай нумар тэлефона, з якога прыйшло паведамленне, вам невядомы. І добра, калі фотаздымак і логін вам невядомыя, тады больш падазрэнняў. Але ж ашуканцы іншы раз скарыстоўваюць вядомыя вам логіны знаёмых людзей (як яны іх атрымліваюць – іншая справа). І вось вы бачыце знаёмае імя, знаёмую фотакартку… нумар не знаёмы. Званіць?
Ні ў якім разе. За гэтым званком можа хавацца не толькі адносна бяскрыўдны спамер – рассылшчык рэкламы, але і ашуканец. Вы пазванілі – з рахунку зніклі грошы…

Яшчэ варыянт нечаканага паведамлення: “Ой, паглядзі, якое відэа пра цябе тут знялі!” – і далей спасылка. Націснуць на спасылку? Ну, цікава ж і трывожна нават: што за відэа са мной, хто зняў? А раптам нешта, што мяне кампраметуе?
Вы націскаеце і… Зноў жа, вынікі могуць быць розныя. Ад бяскрыўднай рэкламы, якая пачне валіцца вам у тэлефон, да сур’ёзнага віруса, які скра-
дзе ўсе вашыя паролі.
Тое ж тычыцца і паведамленняў ад нейкіх невядомых кампаній, якія радасна вам расказваюць, што вы раптам нешта недзе выйгралі. Калі нідзе не ўдзельнічалі, навошта спадзявацца на эфемерны выйгрыш? Тут жа відавочны разлік ашуканцаў на наш спадзеў, што багацце раптам зваліцца з неба, ніадкуль і за проста так…

Таму вельмі простыя правілы. У вас ёсць сетка абанентаў, паступова яны падключаюцца да Вайберу. І толькі ад іх прымайце званкі і рэагуйце на паведамленні. Калі нумар незнаёмы – ігнаруйце і выдаляйце. Нічога добрага ад невядомых людзей у інтэрнэце не атрымаеце. На жаль, такая наша сённяшняя рэальнасць.
І яшчэ аб адным не самым прыемным, звязаным з Вайберам.

Справа ў тым, што ён можа быць усталяваны не толькі на ваш тэлефон, але і на камп’ютар, планшэт… І, што самае істотнае: не абавязкова на ваш камп’ютар і на ваш планшэт. Тут рэальны прыклад.
Жыццё маладой сям’і не заладзілася ад пачатку: муж хутка звольніўся з працы (мала плацяць, патлумачыў ён), жонка адна ўтрымлівала абаіх, аплачвала жытло. Малады муж аказаўся яшчэ і вельмі раўнівым. Шукаць працу не надта спяшаўся. Праз год пара фактычна не існавала, жылі амаль паасобку, пра развод не размаўлялі нават – ён быў відавочны. Мужчына ў душы вар’яцеў: ён бачыў сваю віну, ён прывык да добрых грошай жонкі, смачнага стала і парадку ў быце.  Да таго ж, і жытло было не яго – жончына.

Але выгляду ён не паказваў, і час перад афіцыйным разводам жылі быццам мірна. Неяк ён тэлефануе жонцы з хатняга тэлефона (яшчэ ж жонка), просіць: зараз табе прыйдзе эсэмэска, там лічбы, ты скажы мне код. Тут у мяне заблакавалася сімка ў тэлефоне. Жонка згаджаецца, эсэмэска пры-
ходзіць. Яна надта не ўчытваецца ў тэкст,  дыктуе лічбы. Усё, далей жывуць звычайным жыццём у чаканні разводу. І разыходзяцца досыць мірна.
У жанчыны пачынаецца новае асабістае жыццё, яна сустракаецца з мужчынам. Той у іншым горадзе жыве. Абое карыстаюцца Вайберам. Вайберам карыстаецца жанчына актыўна са сваімі сяброўкамі. Часам абменьваюцца жанчыны досыць інтымнымі паведамленнямі, а то і фотаздымкамі.

І вось калі жыццё жанчыны набліжаецца да моманту другога шлюбу, яе малады чалавек атрымлівае кучу інфармацыі, якая малюе ягоную жанчыну ў самым чорным свеце.
Было многа слёзаў, тлумачэнняў і роздуму. Урэшце, выявілася: былы муж цягам шасці месяцаў меў доступ да яе Вайберу. Якім чынам? А вось тады, калі яна прадыктавала лічбы. Гэта ён усталяваў Вайбер нібыта ад яе імя на сваім планшэце і актывізаваў яго праз той самы код, які прыйшоў на тэлефон жонкі.
Такім чынам, ён меў поўны доступ да яе асабістай перапіскі ў Вайберы, больш за тое: мог ад яе імя слаць паведамленні (што і зрабіў пару разоў). Трэба сказаць, што такія яго дзеянні ўжо маюць крымінальны характар, але ж хіба можна параўнаць ягонае магчымае пакаранне законам з нанесенай маладой жанчыне маральнай траўмай?

Таму агульнае правіла карыстання сваім тэлефонам: ніколі не пакідаць яго без нагляду. Бо менавіта ў гэты час зламыснік можа адправіць вам эсэмэску аб актывізацыі Вайбера (ці іншага месенджэра) на ваш тэлефон, хутка глянуць код, а пасля і выдаліць эсэмэску, каб вы ні пра што не здагадаліся. Абавязкова ўсталюйце на сваім тэлефоне графічны сакрэтны ключ ці іншую блакіроўку, каб ніхто без вашага ведама не змог уключыць тэлефон і прачытаць там паведамленне ці эсэмэску.

І апошняе, як заўсёды, самае агульнае і самае простае: як мага менш давярайце свайму тэлефону розных сакрэтаў, а калі здарылася такое – выдаляйце як найхутчэй пасля прачытання.  Не захоўвайце ў Вайберы  фотаздымкі асабістага характару, копіі дакументаў. Увогуле, менш давярайце інтэрнэту...
Падрыхтаваў Валерый ГАПЕЕЎ.
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий