Прафесіяналы сваёй справы — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Прафесіяналы сваёй справы

18 января 2018 - Administrator
article3661.jpg

 Сёння, 19 студзеня, сваё прафесійнае свята адзначаюць выратавальнікі раёна. У большасці сваёй  людзі сціплыя па натуры, але адважныя і рашучыя ў самыя адказныя моманты. Менавіта да іх, да выратавальнікаў, мы звяртаемся па дапамогу ў  цяжкія хвіліны жыцця. На іх рахунку сотні выратаваных жыццяў на пажарах, падчас ліквідацыі дарожна-транспартных здарэнняў, пошукавых мерапрыемстваў у лесе, на вадаёмах... Пры любой надзвычайнай сітуацыі мы, не задумваючыся, набіраем усім вядомы нумар 101 з упэўненасцю, што праз некалькі хвілін побач будуць яны – выратавальнікі. І, здаецца, невыпадкова прафесійнае свята гэтых мужных людзей супадае з вялікім праваслаўным святам – Вадохрышчам.

Прафесіяналы. Вось так коратка, адным словам, сказаў пра сваіх падначаленых Дзяніс  Кузняцоў, начальнік пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Івацэвіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, які сёлета ўзнагароджаны  Граматай Івацэвіцкага раённага выканаўчага камітэта  за дасягнутыя высокія паказчыкі ў службовай дзейнасці. На гэтай пасадзе Дзяніс Васільевіч з мая 2015 года, а стаж службы ў падраздзяленні амаль восем гадоў. У прафесію, можна сказаць, прыйшоў мэтанакіравана. 

На здымку (злева направа): выдатна нясуць службу выратавальнікі пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Івацэвіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыяй – вадзіцель Дзмітрый Кот, старшы пажарны Юрый Кастусік, вадзіцель Юрый Буян, камандзір аддзялення Мікалай Кавальчук, вадзіцель Сяргей Краўчэня і начальнік ПАВЧ-1 Дзяніс Кузняцоў.

Ён – адзін з выпускнікоў профільнага класа МНС ліцэя Івацэвіцкага раёна, той самай знакамітай дзявятцы ліцэістаў, якія мэтанакіравана вырашылі злучыць сваё жыццё з прафесіяй выратавальніка.  Дзянісу Васільевічу пашчасціла пасля заканчэння Камандна -інжынернага  інстытута МНС несці службу ў родным раёне. І робіць ён гэта ўзорна.
– Наш калектыў – адна дружная каманда, – гаворыць Дзяніс Кузняцоў. – Кожны да аўтаматызму ведае свае абавязкі і нясе  службу добрасумленна, з пачуццём адказнасці. Інакш нельга, бо права на памылку не маем – на кану жыцці і дабрабыт людзей. 

Па словах Дзяніса Кузняцова, у апошні час вельмі многа выездаў ажыццяўляецца на ліквідацыю дарожна-транспартных здарэнняў. Дарэчы, аўтамабіль хуткага рэагавання, які абсталяваны неабходнай прафесійнай тэхнікай, найчасцей задзейнічаны ў гэтых мэтах. Толькі за мінулы год супрацоўнікам пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Івацэвіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыяй прыйшлося дэблакіраваць пасля ДТЗ  пяць чалавек.  Ужо ў гэтым годзе дапамога нашых выратавальнікаў спатрэбілася падчас ліквідацыі нядаўняга ДТЗ непадалёку ад Любішчыц на 132  км аўтадарогі Р-2 Стаўбцы-Івацэвічы-Кобрын, калі выратавальнікам падраздзялення прыйшлося вызваляць са змятага аўтамабіля вадзіцеля. 

– Кожны раз, калі выязджаем па вызаве,  не ведаем, што нас чакае. Усе сітуацыі не падобныя адна на адну, – гаворыць Дзяніс Кузняцоў. – Вось, напрыклад, выпадак з ДТЗ у канцы жніўня  мінулага года, калі на Чэмялоўскім перакрыжаванні аўтамабіль, у якім знаходзіўся бацька і двое дзяцей уехаў у машыну, якая перавозіла жывёл. І сітуацыя ўскладнялася тым, што прыцэп з жыўнасцю якая там рухалася, практычна ў любы момант мог абваліцца на машыну, з якой неабходна было вызваліць людзей. Дзякуй кіраўніцтву Івацэвіцкай ЖКГ і СВУ “Даманава” РВУП “Брэстаблгаз” –  
з падмогай  да нас аператыўна падключыліся работнікі гэтых прадпрыемстваў, прадставіўшы неабходны транспарт.

– У нашай прафесіі выпадковых людзей не бывае, – упэўнены Раман Саладоўнік, намеснік начальніка па аператыўна-тактычнай рабоце райаддзела па НС. – Усе нашы супрацоўнікі адпавядаюць займаемым пасадам,  нясуць службу добрасумленна і якасна. Пра супрацоўнікаў  пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 магу сказаць адназначна – прафесіяналы з вялікай літары. Хачу павіншаваць калег з  прафесійным святам. Жадаю здароўя,  сямейнага дабрабыту і, канешне, паменш надзвычайных сітуацый.
Дзяніс КАРПАЎ, фота Валерыя МІСКЕВІЧА.
 
На здымку (злева направа): выдатна нясуць службу выратавальнікі пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Івацэвіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыяй – вадзіцель Дзмітрый Кот, старшы пажарны Юрый Кастусік, вадзіцель Юрый Буян, камандзір аддзялення Мікалай Кавальчук, вадзіцель Сяргей Краўчэня і начальнік ПАВЧ-1 Дзяніс Кузняцоў.

 

 
Комментарии (0)
Добавить комментарий