Прыклад аптымізму і мужнасці — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Прыклад аптымізму і мужнасці

1 марта 2018 - Administrator
article3785.jpg

 Цудоўная нагода для ўрачыстага сходу з’явілася ў членаў Івацэвіцкай раённай арганізацыі інвалідаў па зроку: па выніках работы за 2017 год арганізацыя заняла першае месца ў Брэсцкай вобласці і ўзнагароджана пераходным Кубкам. Праходзіў урачысты сход у Івацэвіцкім ГДК у мінулы аўторак, 27 лютага. У яго рабоце бралі ўдзел намеснік старшыні Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандр Велікаселец і дырэктар ДУ “Івацэвіцкі ТЦСАН” Дзяніс Пакалюк, а непасрэдна Івану Каленіку, кіраўніку раённай арганізацыі інвалідаў па зроку, Кубак уручыла Ірына Юрэня, старшыня Брэсцкага абласнога таварыства інвалідаў па зроку.


– Вы прыемна здзіўляеце згуртаванасцю, працуеце заўсёды ў складзе каманды і гэтым выгадна вылучаецеся на ўзроўні ўсёй Брэсцкай вобласці, бо такіх актыўных мужчын і жанчын яшчэ пашукаць трэба, – з такімі словамі звярнулася да ўдзельнікаў мерапрыемства Ірына Юрэня. – Культурна-масавая, спартыўная, рэабілітацыйная работа – усё ў вашай арганізацыі вядзецца сістэмна, на пастаяннай аснове. Вылучаецеся па шэрагу іншых пазіцый – закупцы цеплатэхнічных сродкаў і выдачы іх інвалідам, па прыцягненні спонсарскай дапамогі...

Ірына Юрэня ўручыла Івану Каленіку пераходны Кубак (на здымку), адзначыўшы, што Івацэвіцкая раённая арганізацыя занесена на Дошку гонару цэнтральнага праўлення ў Мінску. Поспехі дасягнуты, дзякуючы актыўнай дзейнасці членаў арганізацыі, многія з якіх у гэты дзень былі адзначаны, атрымалі граматы і падарункі. Гэтых дасягненняў не было б і без дапамогі кіраўніцтва раёна. Таму ў гэты дзень падзякі і падарункі былі ўручаны Аляксандру Велікасельцу і Дзянісу Пакалюку.   

Іван Каленік прадэманстраваў прысутным сучасную акустычную сістэму, якую раённая арганізацыя інвалідаў па зроку набыла, дзякуючы дапамозе спонсараў з нашага раёна і кіраўніцтва абласнога аб’яднання. Так, прадпрымальнік з Івацэвічаў Таццяна Альховік выдзеліла на набыццё сістэмы 700 рублёў – упершыню інваліды па зроку атрымалі такую значную дапамогу. Спонсарамі таксама сталі фермеры Г. С. Дамашэвіч і Т. М. Камяк, прадпрымальнікі С. Ф. Мяцечка, В. К. Талочка. “Мы шмат выступаем з канцэртамі, нядаўна ездзілі на Гродзеншчыну, дзе прыемна здзівілі гледачоў, а з новай апаратурай станем яшчэ больш сучаснымі музыкамі,” – рэзюмаваў Іван Каленік.

Было прыемна даведацца, што інваліды па зроку нашага раёна ідуць, як кажуць, у нагу з часам: тут праводзіцца навучанне інвалідаў рабоце на смартфоне, каб яны маглі самастойна аплач-ваць паслугі (найперш камунальныя з дапамогай інтэрнэт-банкінгу), укараняюцца электронныя кульбы, дазатары ўзроўню вадкасці... Жыццё на месцы не стаіць, сродкаў рэабілітацыі становіцца ўсё болей, і вельмі радуе, што інваліды па зроку жывуць і мысляць сучасна. 
Аляксандр ГОРБАЧ (фота аўтара).   
Комментарии (0)
Добавить комментарий