“Плачу аліменты і… сумняваюся” — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


“Плачу аліменты і… сумняваюся”

13 февраля 2014 - Administrator
article873.jpg

З 1 студзеня 2013 года ў Беларусі ўступіў у сілу Закон “Аб дзяржаўнай дапамозе сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей”. Адным з асноўных пунктаў гэтага Закона стала адмена грашовай дапамогі маці-адзіночцы – раней такая жанчына атрымлівала больш значную суму дапамогі ад дзяржавы, чым “звычайная” маці; гэты “пункцік” нярэдка выкарыстоўвалі для абагачэння некаторыя сямейныя пары, якія дэ-юрэ не рэгістравалі шлюб, а дэ-факта жылі сямейным жыццём.


Такім чынам, вось ужо больш за год жанчыны, якія не знаходзяцца ў шлюбе і выхоўваюць самастойна дзіця, атрымліваюць дапамогу ў тым жа памеры, што і жанчыны, якія афіцыйна замужам. 

І адмена гэтай нормы не засталася незаўважанай у грамадстве. Як вынік, пачасціліся звароты ў суд з мэтай устанавіць бацькоўства і спагнаць аліменты на карысць дзіцяці. Даплаты маці-адзіночкі былі ў нейкай ступені стрымліваючым фактарам; такая жанчына мела стабільны даход ад дзяржавы, тым болей, нярэдка бацькам дзіцяці з’яўляўся чалавек, які вёў асацыяльны лад жыцця, з каго і спагнаць асабліва не было чаго.

Тым не меней, бацька ў дзіцяці ёсць! І чаму б не правесці працэдуру па ўстанаўленні бацькоўства і ў законным парадку не паспрабаваць спагнаць аліменты? І вось тут мы сутыкнуліся з нечаканай судовай калізіяй: нярэдка назіраецца сітуацыя, калі адзінокая жанчына імкнецца ўскласці аліменты на мужчыну, які… не з’яўляецца родным, біялагічным бацькам яе дзіцяці.

Вось жыццёвы выпадак, з якім давялося сутыкнуцца ў судзе Івацэвіцкага раёна. Распадаецца сям’я; былая жонка, з якой застаецца дзіця, “падае на аліменты”. Былы муж не аспрэчвае, плаціць прыкладна паўгода. Але вось маці гэтага маладога мужчыны звяртае ўвагу на наступнае: дзіцятка знешне зусім не падобна на тату, і пры гэтым яно вельмі падобна на таго мужчыну, з якім былая нявестка і зараз бавіць час, і, як высветлілася, цесна сябравала, калі яшчэ была ў шлюбе.


Былы муж моцна задумаўся – і падаў заяву ў суд аб аспрэчванні бацькоўства. Праводзіцца біялагічная экспертыза і высвятляецца: у гэтага дзіцяці, на карысць якога ўжо паўгода ідуць аліменты, сапраўды, зусім іншы бацька… У ходзе судовага пасяджэння жанчына прызналася, што былы муж, сапраўды, не з’яўляецца родным бацькам дзіцяці. Асабліва моцна нас здзівіў яе аргумент: ”Мне ж трэба было нейкім чынам гадаваць дзіця!”. Паважаная! Ваша дзіця павінен гадаваць і ўтрымліваць біялагічны родны бацька, бо ў кожнага дзіцяці ёсць сапраўдны бацька.

Чаму тут здзіўляцца, калі ў нас нядаўна ў падобнай сітуацыі высветлілася, што з двух дзяцей, на карысць якіх з былога мужа хацелі спагнаць аліменты, ніводнае не з’яўляецца родным мужу!..


Паўтаруся: адмена даплат для маці-адзіночак падштурхоўвае іх шукаць “легальныя” шляхі павелічэння даходаў. Нядаўна мы дапамагалі жанчыне шукаць бацькоў яе траім дзецям, бо, як высветлілася, усіх яна нарадзіла… ад розных мужчын. Калі ішла грашовая дапамога, жанчына нікога не турбавала. А калі дзяржава не згадзілася больш плаціць тое, што павінен плаціць законны бацька, жанчына пайшла ў суд.

Гэта, канешне, не забаронена. Але часам сутыкаешся з фактамі, калі жанчыны наўмысна ідуць на падман. Яшчэ нядаўні выпадак з практыкі суда Івацэвіцкага раёна. Муж і жонка добры дзясятак гадоў таму моцна пасварыліся; мужчына не скасаваў шлюб, паехаў на Расійскую Поўнач – на заробкі. Так, у Ханты-Мансійску ён сапраўды зарабляў велізарныя грошы. А вось жонка цераз некалькі гадоў пасля расставання нарадзіла дзіця. Але яе вельмі непакоіла, што муж (ён нават не ведаў, што жонка нарадзіла дзіця!) атрымлівае вялікія зарплаты і не ўзгадвае пра яе… У ходзе судовага пасяджэння прэтэнзіі жанчыны разваліліся як картачны домік. Яна, як кажуць, адкрытым тэкстам паведаміла нам, маўляў, ведаю: дзіця нарадзіла ад другога мужчыны… Але на якія грашовыя спагнанні яна можа разлічваць у такім выпадку?! Аліменты спаганяюцца на карысць дзіцяці! І спагнаць іх можна толькі з біялагічнага бацькі, а не з таго мужчыны, у каго вялікі заробак!   

Яшчэ адзін нюанс. Заканадаўства прадугледжвае, што ў адпаведнасці з Законам “Аб шлюбе і сям’і” муж (жонка) маюць абмежаваны тэрмін на ўстанаўленне бацькоўства – 1 год. Напрыклад, калі муж даведаўся, што плаціць аліменты на біялагічнае чужое дзіця, то толькі на працягу 12 месяцаў ён можа ў судовым парадку аспрэчыць бацькоўства. Калі прайшло больш за год, то дакументы ўжо не прымаюцца і аліменты прыйдзецца плаціць да паўналецця дзіцяці. Гэта павінны ўлічваць мужчыны, бо нярэдка па прычыне моцнай занятасці (паездкі на заробкі ў Расію, іншыя справы) яны адкладваюць вырашэнне пытання на пасля.


Устанаўленне сапраўднага бацькоўства можна вырашыць даволі проста. У Брэсце працуе спецыяльная лабараторыя судовых экспертыз, якая за пэўную суму грошай можа зрабіць адпаведнае заключэнне. Трэба толькі бацьку, маці і дзіцяці здаць аналіз сліны і крыві. Дарэчы, наколькі ведаю, некаторыя сямейныя пары, што жывуць дружна і гадуюць дзяцей, самастойна згаджаюцца правесці такую экспертызу. Чаму не? Звычайна мужчын вельмі супакойвае той факт, што аналіз з велізарнай дакладнасцю (99,99999999999… працэнта) пацвярджае бацькоўства. Калі дзіця чужое, то лічбы іншыя – 0,00000000001 працэнта верагоднасці. А нашым некаторым мужчынам такі спакой не пашкодзіць, бо вышэйзгаданыя выпадкі сведчаць: жанчыны нярэдка праяўляюць каварства…

Аляксандр КІРЫЛОВІЧ, старшыня суда Івацэвіцкага раёна,

Аляксандр ГОРБАЧ, супрацоўнік “ІВ”.

Комментарии (0)
Добавить комментарий