“Шчаслівы вечар”: хвіліна славы сям’і Курлыгіных — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


“Шчаслівы вечар”: хвіліна славы сям’і Курлыгіных

15 января 2018 - Administrator
article3652.jpg

 На мінулым тыдні па ўсім раёне абмяркоўвалі галоўную навіну – Сяргей і Юлія Курлыгіны з аграгарадка Быцень разам з сынамі Міхаілам, Іллёй і Арсеніем у суботу будуць прымаць удзел у тэлевізійным шоу “Шчаслівы вечар”, што паказваюць на тэлеканале “Беларусь 1”. Была наладжана цэлая агітацыйная кампанія –  вяскоўцы абзваньвалі родных і сяброў па ўсёй Беларусі, прасілі прагаласаваць за аднавяскоўцаў, у магазінах Быценшчыны кожнаму наведвальніку раздавалі лістоўкі, дзе заклікалі галасаваць за землякоў, раёнка таксама пісала пра Юлію і Сяргея, каб кожны жадаючы змог падтрымаць творчую сям’ю. І, як аказалася, усе намаганні прайшлі не дарма. Бо сям’я Курлыгіных кранула сваім талентам не толькі прафесійнае журы, але і тэлегледачоў і па выніках галасавання атрымала першае месца!  


Непасрэдна ў дзень запісу праграмы карэспандэнт “ІВ” наведаў “Белтэлерадыёкампанію”, каб падтрымаць Юлію і Сяргея, а таксама пабачыць на ўласныя вочы здымачны працэс і расказаць чытачам, як ствараецца праграма “Шчаслівы вечар”.
Сямейнае шоу талентаў “Шчаслівы вечар” – новы праект на беларускім тэлебачанні, які пачаў выходзіць у свет з верасня 2017 года. Акцэнт праекта — на беларускай сям'і і яе творчых здольнасцях. Самыя таленавітыя ўдзельнікі праграмы атрымліваюць не толькі сваю «хвіліну славы», але і карысныя прызы – бытавую тэхніку. Прыняць удзел у шоу “Шчаслівы вечар” можа любая сям'я. Для гэтага неабходна ў дзень эфіру сабраць 10 кодавых лічбаў і першымі паведаміць іх у парадку з'яўлення на экране па нумары тэлефона, які назавуць вядучыя праграмы Артур Шуляк і Марыя Багатыр.  Як адзначаюць арганізатары, “Шчаслівы вечар” – гэта не проста шоў талентаў. Гэта жыццё беларускай сям'і, расказанае ў кожным выпуску праекта: кранальныя гісторыі, любоў і падтрымка, згуртаванасць, сямейныя каштоўнасці, добрыя традыцыі. Калі хочаце, “Шчаслівы вечар” – гэта гімн кожнай беларускай сям'і. І зусім не абавязкова валодаць вакальнымі, харэаграфічнымі або артыстычнымі дадзенымі для творчага нумара. У студыі можна распавесці аб сваёй сям'і, успомніць звязаныя з ёй цікавыя і смешныя гісторыі, паказаць тое, што ў вас атрымліваецца лепш за ўсіх, падзяліцца парадамі і нават рэцэптамі. 

Да кожнай сям'і-удзельніцы прымацоўваюць “зорнага” куратара, які не толькі дапамагае падрыхтаваць выступленне, але і вучыць спраўляцца з хваляваннем, каб упэўнена адчуваць сябе на сцэне. Ацэньвае творчыя нумары канкурсантаў прафесійнае журы – зоркі эстрады, знакамітыя медыйныя персоны. У гэты раз сярод іх аказаліся саліст групы “ATLANTICA” Алекс Дэвід, аглядальнік рэдакцыі “Сельская газета” Таццяна Бізюк, тэлевядучая, пасол добрай волі “ЮНЭЙДС” Святлана Бароўская. Але вырашальнае слова за тэлегледачамі, якія могуць галасаваць па тэлефоне і смс-паведамленнях. 

Сям’я Курлыгіных прыехала ў Мінск напярэдадні запісу шоу, каб ужо з раніцы быць на здымачнай пляцоўцы і няспешна рыхтавацца да выступлення. Пакуль Юліі рабілі макіяж у грымёрнай, мы з Сяргеем пачынаем размову: 
– Каму прыйшла ідэя паўдзельнічаць у праекце? 
– На гэтае пытанне адным сказам не адкажаш. Трэба пачаць з таго, што мы з жонкай заўсёды актыўна ўдзельнічаем у самадзейнасці. Вось на Новы Год разам з жыхарамі Быцені рыхтавалі навагоднюю ноч. Лічым, што свята трэба ствараць самім. Таму, дзе святочная мітусня – там і мы, – расказаў Сяргей Курлыгін. – Ідэю паўдзельнічаць у шоу нам падала Вольга Разумейчык, якая працуе ў сельвыканкаме. Кажа, абавязкова паўдзельнічайце, вы ж творчыя людзі, праславіце Быценшчыну, прывязеце сюды святочны феерверк. Мы загарэліся гэтай ідэяй. 

Пачалі глядзець усе выпускі. Але, як аказалася, дазваніцца на студыю не так уж і проста. Першы раз мы сабралі не поўны код, астатнія разы дазваніваліся не ў ліку першых. Але напярэдадні Новага Года вырашылі яшчэ раз “паспрабаваць” шчасця. Усей сям’ёй глядзелі эфір, запісвалі лічбы, складалі код. Прыйшлося нават выстраіць цэлую сістэму разлікаў, каб ведаць у якую хвіліну лепш званіць. І здарыўся навагодні цуд – адразу ж дазваніліся. Нас запрасілі на эфір. Была такая радасць!
Тут да нашай размовы далучылася Юлія, якую грымёры ўжо падрыхтавалі да здымкаў “візіткі”. 
– Побач са мной грыміравалі вядучую “Времечка”, аказалася такая прастая жанчына.  Я нават адчула сябе сапраўднай зоркай тэлебачання! Нас тут сустрэлі вельмі ветліва, усе расказалі, у настаўнікі нам назначылі малыдых і вясёлых выканаўцаў, поп-фольк групу “Лялькі Карпарэйшн”. Я спадзяюся, што мы натхнім іншыя сем’і на ўдзел у гэтым шоу. Будзем разам праслаўляць нашу Івацэвіччыну, тым больш, так цікава паглядзець на тэлевезійнае закуліссе!,– расказала Юлія. 

Забягу наперад і скажу, што здымачны працэс праграмы – цікавы, але шматступенчаты, а таму складаны і стамляючы, бо доўжыцца цэлы дзень. Мы адпраўляемся ў студыю на здымкі “візіткі”. Сяргей – родам са Смаленску, былы ваенны, зараз на пенсіі, у Юліі бухгалтарская, паварская і гандлёвая адукацыя, але на працягу ўжо чатырох гадоў яна прысвячае ўвесь час сям’і. Сыны – Міхаіл, Ілля і Арсеній – займаюцца праграміраваніем і маляваннем, кожную суботу разам ходзяць на трэніроўкі па футболе. Аб гэтым у “візітцы” і расказала тэлегледачам вядучая праграмы Марыя Багатыр. 

Тэма перадачы, у якой прымалі ўдзел Курлыгіны – стары Новы год, трэба было раскрыць яе ў сваёй “візітцы”. Хлопцы апрануліся каляднікамі – бабуляй, дзядуляй і казой, вывучылі “калядкі”, Юлія спякла ў рускай печы пірагі, плюшкі, таксама сям’я Курлыгіных прывезла на праграму каляднае гаданне па зерню. 

Пасля гэтага пачаліся рэпетыцыі канкурсантаў з зорнымі настаўнікамі. Удзельнікі группы “Лялькі Карпарэйшнз” далі Сяргею і Юліі каштоўныя нарады: як трымацца на сцэне, як рухацца, як узаемадзейнічаць адзін з адным падчас выступу.
– Калі нам расказалі пра тэму перадачы, мы сталі ўсёй сям’ёй думаць, які ж нумар паказаць на суд усёй краіны. Нам пашчасціла, у сувязі з навагоднімі святамі у нас было больш часу, каб падрыхтавацца да выступлення. Звычайна на падрыхтоўку даецца тыдзень, у нас было амаль два, – адзначылі Юлія і Сяргей. – Вырашылі спыніцца на добра ўсім вядомай “Песні аб добрым настроі” з савецкага кінафільму “Карнавальная ноч”. Рэпеціравалі доўга, усе ж такі хочацца перамагчы. Але вырашылі, што галоўны пасыл нашага выступу – данесці свой настрой да кожнага члена журы, гледачоў і тэлегледачоў.

І, трэба сказаць, што з гэтай місіяй сям’я Курлыгіных справілася на “выдатна”. Яны выканалі яскравы і пазітыўны нумар і падаравалі ўсім прысутным усмешкі і добры настрой. 
Член журы Таццяна Бізюк падкрэсліла, што за кулісамі Юлія і Сяргей хваляваліся, але на сцэне гэтага не было. Алекс Дэвід адзначыў, што нашыя землякі ўразілі яго сваім артыстызмам і пазітывам.
Акрамя сям’і Курлыгіных з сынамі, у чарговым праекце «Шчаслівы вечар», які быў паказаны на тэлеканале «Беларусь-1» у мінулую суботу, 13 студзеня, прынялі ўдзел і яшчэ дзве унікальныя сям'і – Шыцікавы з Магілёва, якія выканалі песню “Чунга-Чанга” і Дзямко з Лепеля, якія прадставілі на суд журы і тэлегледачоў фальклорны нумар “Жаніцьба Цярэшкі”. 

 І кожны нумар быў па-свойму прывабны. Але, па ўмовах праекта, пераможцаў тэлешоу выбірала не толькі журы, але і ўвесь народ. Былі названыя тэлефоны і абвешчана 10-хвіліннае галасаванне. І, як аказалася, большасць галасоў тэлегледачоў набралі менавіта прадстаўнікі нашага раёна – сям'я Курлыгіных, якія і былі названыя пераможцамі. На памяць аб сваім «Шчаслівым вечары» з тэлеканалам «Беларусь-1» яны атрымалі каштоўны падарунак – халадзільнік. Але на гэтым падарункі не скончыліся, у хуткім часе прадстаўнікі тэлевізійнага шоу “Шчаслівы вечар” наведаюць аграгарадок Быцень, дзе ўсіх жыхароў будзе чакаць маляўнічы салют у гонар сям’і пераможцаў.
 
Калі здымкі праграмы скончыліся, а эмоцыі пераможцаў крыху пацішэлі – сям’я Курлыгіных прызналася, што гэтая перамога не была б магчымай без іх аднавяскоўцаў, якія актыўна дапамагалі рыхтавацца на праграмы. Таму яны дзякуюць кожнаму, хто аддаў свой голас за іх, і запрашаюць усіх жадаючых на святочны салют у Быцень.
Ганна Ільяшэвіч, фота аўтара. 
Комментарии (0)
Добавить комментарий