“Трое дзяцей? Лёгка!” — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


“Трое дзяцей? Лёгка!”

19 сентября 2014 - Administrator
article1258.jpg

 У нашай краіне на сённяшні дзень назіраецца не вельмі радасная тэндэнцыя: дзяўчаты ўсё пазней і пазней выходзяць замуж і, адпаведна, пазней становяцца маці. Калі 20-30 гадоў назад асноўная маса жанчын нараджала першае дзіця ў 19-23 гады, то зараз – у 23-27 гадоў. Але ёсць 

прыемныя выключэнні. Знаёмцеся: маладая сям’я Ігара і Алены Міскевічаў з Косава. Яны сталі шматдзетнымі, гэта значыць, нарадзілі трэцяе дзіця, калі Ігару было 25, а Алене толькі 24 гады.


“Цяжарнасцю трэба ганарыцца – і я ганарылася”

Гісторыя знаёмства гэтай сімпатычнай пары ў цэлым стандартная: маладыя людзі разам вучыліся ў прафесійным ліцэі Івацэвічаў, знаёмымі былі, так бы мовіць, наглядна, а ўзаемныя пачуцці ўспыхнулі ў пераднавагоднія святы, калі сустракалі 2005 год. Ігар у касцюме Дзеда Мароза настолькі зачараваў сэрца 19-гадовай Алены, што яна і думаць больш ні пра каго не хацела. На яе шчасце, любоў да маладога сімпатычнага навучэнца прафліцэя не была безадказнай...


У тым узросце, у якім знаходзіліся Ігар і Алена, сучасная моладзь марыць пра вучобу ў ВНУ, пра адпачынкі-падарожжы, пра тое, каб “нагуляцца”, але нашы героі моцна кахалі адзін аднаго – і менш за ўсё думалі пра нешта іншае. У 2006 го-

дзе Алена зацяжарыла, але яе любага заклікалі служыць у армію. На вяселле (маладыя людзі вырашылі яго шырока не адзначаць, запрасілі толькі самых блізкіх) Ігара адпусцілі з арміі толькі на тры дні. 


– Я адчувала сябе шчаслівай, бо марыла пра мацярынства, – гаворыць Алена. – Тое, што не ў шлюбе зацяжарыла?.. Менш за ўсё мяне хвалявала меркаванне іншых людзей. Я ведала галоўнае: Ігар мяне кахае, ён у доме маёй мамы быў вельмі частым і жаданым госцем… І цяжарнасць я пераносіла лёгка, можа таму, што маладая. Праўда, напружвала стаўленне бацькоў Ігара да нашага шлюбу: першы час яны мяне “не бачылі”, а Ігара не разумелі: у яго ўсе родзічы паспяховыя людзі, з вышэйшай адукацыяй, а тут не паспеў уладкавацца ў жыцці – і ўжо муж і бацька. Але ўсё паступова стала на свае месцы: з радзільнага дома, калі з’явіўся на свет наш першынец сынок Данік, мяне забіраў свёкар Віктар Пятровіч (Ігар працягваў служыць). Ён, свёкар, з кожным днём усё ласкавей і ласкавей ставіўся да мяне, а пасля ўвогуле падарыў нам дом сваіх бацькоў у Косаве. Зараз ён душы не чуе ў сваіх унуках – сапраўдны мужчына і джэнтльмен…


Раней за ўсіх яна ўстае…

Але трэба было ўладкоўвацца ў жыцці, зарабляць… Сёння Ігар і Алена з цеплынёй і пяшчотным сумам успамінаюць першую зарплату мужа – 300 000 рублёў, – якую ён атрымаў у 2007 годзе, працуючы ў камерцыйнай установе Івацэвічаў і якую ўнёс у сямейны бюджэт. Грошы на той момант былі невялікія, але якая была радасць – вось яны, першыя “сямейныя” грошы. Пасля Ігар, электрык па адукацыі, стане атрымліваць другія сумы, бо трэба было, як кажуць, варушыцца: цераз два гады пасля нараджэння Даніка нарадзілася Соня, яшчэ цераз два гады, у 2011-м, – Насця. Ігар працаваў на аб’ектах будоўлі ў Мінску, пасля на два гады з’ехаў працаваць у Маскву. У пачатку бягучага года вярнуўся ў Косава, працаўладкаваўся тэхнікам-электрыкам на Косаўскі ўчастак Івацэвіцкіх электрасетак.


Стоп! Хвіліначку! Два гады работы ў Маскве?.. Але, прабачце, як упраўлялася з трыма дзецьмі на руках Алена? Сёння з адным дзіцём бацькі яго, а таксама бабулі і дзядулі носяцца як курыца з яйкам, а тут трое – адзін другога меншы – аказаліся на руках адной маладой жанчыны!

– Лёгка спраўлялася! І зусім не вешала нос! – упэўнена адказвае Алена. – Парадку не будзе тады, калі маці доўга спіць і прачынаецца разам з дзецьмі. А калі ты ўстанеш рана, першай, калі падрыхтуешся, то нішто не замінае табе “арганізаваць працэс” належным чынам. У маім выпадку старэйшых Даніка і Соню хутка дастаўляла ў дзіцячы садок, а сама бегла назад, бо дома Насця, якой паўгода… Муж прыкладна на адзін тыдзень у месяц вяртаўся да нас у Косава і ехаў у расійскую сталіцу зноў. Трэба адзначыць, што зарабляў Ігар там някепскія грошы, мы зрабілі шмат пакупак. Тым не меней, вырашылі, што трэба з гэтымі паездкамі заканчваць, і ў бягучым годзе ўдвох пайшлі працаваць – Ігар у раённыя электрасеткі, я – у магазін “Гаспадарчыя тавары” філіяла “Лотас” райспажыўтаварыства. Нашы дзеці ўжо “вялікія” – пайшлі па садках і школах… 


Як шматдзетная сям’я, Ігар і Алена Міскевічы маюць права на атрыманне льготных крэдытаў на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў або на атрыманне субсідыі. Гэтае права муж і жонка плануюць рэалізаваць у бліжэйшы час. Увогуле, маладыя людзі лічаць, што дзяржава дастойна падтрымлівае шматдзетныя сем’і, выдзяляе немалыя сумы грошай на нараджэнне дзіцяці і гэтак далей. І, канешне, не лічаць, што “загубілі сваю маладосць”, стаўшы шматдзетнымі ў тыя гады, калі многія юнакі і дзяўчаты яшчэ нават не стварылі свае сем’і!


– А мы жывём актыўна! У нас хапае сяброў, мы разам ходзім у лазню, арганізоўваем шашлыкі. Навучыліся смачна капціць рыбу – многім вельмі падабаецца, – заканчваюць свой аповед пра сямейнае жыццё Ігар і Алена. – А зараз, калі дзеці з кожным днём становяцца ўсё больш і больш самастойнымі (старэйшы Данік пайшоў ужо ў другі клас Косаўскай СШ), у нас, як кажуць, развязаны рукі... Як бачыце, мы пайшлі “супраць цячэння”: пакуль нашы равеснікі гулялі, мы вырашылі амаль усе сямейныя пытанні. Прычым у самым лёгкім для нараджэння дзяцей узросце. Правільна ў народзе кажуць: не кайся, рана ўстаўшы і рана ажаніўшыся…


А што скажа бацька?

– Мы з Аленай лёгка пераносім цяжкасці і складанасці жыцця шматдзетнай сям’і таму, што адказна ставіліся да самога факту нараджэння дзіцяці. У гэтым сэнсе не магу не пахваліць сваю любую жонку: яна кожную раніцу ўстае ў шэсць га-

дзін, рыхтуе ежу і рыхтуе ўсіх нас да новага дня. Мне з ёй лёгка, бо яна цудоўная маці і жонка, усюды паспявае; яна моцная характарам і воляй, пры гэтым адыходлівая, бо, здараецца, што мы і сварымся, і слоў непатрэбных нагаворым адзін другому. Але ў каго так не бывае? Хутка мірымся – і дружна жывем далей, выхоўваем дзяцей, радуемся жыццю. Мы ж яшчэ такія маладыя – хаця і шматдзетныя!


Аляксандр ГОРБАЧ.

Фота валерыя МІСКЕВІЧА 

і з архіва сям'і Міскевічаў.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий