Абяцанне, якое дапамагае жыць — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Абяцанне, якое дапамагае жыць

article1137.jpg

Усё хутчэй нас пакідаюць нашы бабулі і дзядулі, і менш застаецца часу спытаць у іх, якім было жыццё 40 або 50 гадоў таму. А яшчэ больш гэтым часам даражыць сям’я Ганны Канстанцінаўны Івановіч з вёскі Халап’я, бо на днях іх маці, бабуля і прабабуля адзначыла сваё 95-годдзе. Жанчына памятае, як жылі беларусы пры Польшчы, як сустракалі вайну і як “падымалі” краіну пасля яе. Таму для сям’і яна бясцэнны скарб, носьбіт сапраўднай гісторыі, прыклад самаадданасці і выключнага патрыятызму.

Са шчырымі віншаваннямі, падарункамі і песнямі да юбіляршы ў гэты дзень традыцыйна завіталі  Алена Цыбульская, загадчыца аўтаклуба аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, дырэктар Любішчыцкага СДК Святлана Ятчэня і мастацкі кіраўнік Людміла Палонская. Жанчына сустрэла гасцей добрай навіной: сёння ў  яе нарадзілася сёмая праўнучка! Малая Анюта стала лепшым падарункам для прабабулі.

Пазней, за святочным сталом Ганна Канстанцінаўна ўзгадае, як у 1922 годзе яе сям’я вярнулася з Расіі ў Халап’ю. Тут яна скончыла польскую школу і арганізавала гурток па хатняй гаспадарцы, тут сустрэла і вайну. З той пары жанчына пакінула родную вёску толькі аднойчы, калі яе забралі на прымусовыя работы ў Германію. А пасля Перамогі яна амаль пешшу дабіралася дадому… Але дарога даўжынёй у пятнаццаць дзён з Вольфэна да Брэста паказалася Ганне Канстанцінаўне невялікім выпрабаваннем у параўнанні з вайной.

Потым у цяжкія пасляваенныя гады жанчына сустрэла мужа Аляксандра Васільевіча, з якім пражыла амаль 50 гадоў і вырасціла двух сыноў і дачку. За плячыма – праца на метэаралагічнай станцыі, а пасля у раддоме.

Пытаюся ў яе:

– Ганна Канстанцінаўна, Вы жылі ў такі розны час, ведалі шмат людзей, перажылі столькі падзей. Скажыце, а калі жылося найлепей?

– Можа вы здзівіцеся, калі я скажу, што чалавек, які любіць працу і верыць у Бога, заўсёды жыве добра. У любы час цаніліся людзі працавітыя і чэсныя. І я так жыла, а сёння бачыце, якая вялікая і дружная ў мяне сям’я!

 

І сапраўды, акрамя дзяцей, павіншаваць бабулю з Мінска, Масквы, Уладзівастоку прыехалі восем унукаў і шэсць праўнучак (акрамя нованароджанай Ганначкі). 

 

– Наша мама для нас – сапраўдны прыклад выключнага жыццялюбства і працавітасці, – кажа дачка Таццяна. – Яна і сёння сама даглядае агарод, вяжа, збірае травы для лячэння і кожную раніцу робіць зарадку! Каля яе нават сорамна скардзіцца на жыццё.

Ганна Канстанцінаўна ўвогуле можа дазволіць сабе нічым не займацца, цяпер аб ёй павінны клапаціцца дзеці і дзяржава, але яна, не звяртаючы ўвагі на лічбы ў пашпарце, кожны дзень знаходзіць сабе ўсё новыя і новыя справы. Жанчына перадае свой унікальны вопыт іншым пакаленням. І напэўна нам, маладым, значна прасцей глядзець у будучае, азіраючыся на такое мінулае…

Адыходзячы, Алена Цыбульская ўспомніла, як пяць гадоў назад Ганна Канстанцінаўна паабяцала ёй абавязкова дажыць да наступнага юбілею і яшчэ раз сустрэцца. Яна стрымала абяцанне і дала новае…

Наталля Гербедзь.

Рейтинг: 0 Голосов: 0 1480 просмотров
Комментарии (0)
Добавить комментарий