Ціхае сямейнае… няшчасце — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Ціхае сямейнае… няшчасце

29 августа 2014 - Administrator
article1220.jpg

 Што за шырмай сямейнага дабрабыту?

Алега і Наталлю я, здаецца, ведаў някепска. У маіх вачах яны былі шчаслівая сямейная пара, якая пабудавала кааператыў – двухпакаёвую кватэру ў Івацэвічах, выхоўвае сына. Зрэдку мы адпачывалі сем’ямі – і я заўсёды быў прыемна ўражаны трапным і тонкім гумарам Алега, які мог развесяліць любую кампанію. Праўда, Алег мог трохі “перабраць” спіртнога, але з кім не бывае… Ён дзесьці працуе на будоўлі ў Мінску, яна – у дзіцячым садку ў Івацэвічах. Звычайная сям’я. Тым больш нечаканым стаў для мяне зварот Наталлі з просьбай пракансультаваць “…па цяжкім сямейным пытанні”.
 
– Ты пішаш на праваахоўныя тэмы, таму я хачу, каб ты адназначна патлумачыў: ці могуць мяне прыцягнуць да адказнасці, калі мой муж… накладзе на сябе рукі? – спытала, як кажуць, у лоб Наталля.
– Як… накладзе рукі? Хто? Алег? Не разумею? Ты што гаворыш такое? – блытана стаў барматаць я. 
– Зараз патлумачу, – з сумнай усмешкай працягнула Наталля. – Ты, канешне, лічыш нашу сям’ю амаль што ідэальнай… Адкрыю табе сакрэт – гэта толькі шырма. Няма ні кахання, ні шчасця. Ужо даўно няма. Алег… для яго наша кватэра ў Івацэвічах – месца “каб адляжацца” – не болей, бо асноўныя падзеі яго жыцця разгортваюцца там, у Мінску. Ён заблытаўся ў сваіх палюбоўніцах, якія тэлефануюць, не саромеючыся, нават мне, ён пры гэтым моцна “пасябраваў” са шклянкай і стаў піць. Але калі я паведаміла, што падам на развод, то ў адказ пачула пагрозу: “Калі ты так зробіш, я палезу ў пятлю, павешуся. Але ва ўсіх запісках, усім знаёмым паведамлю – гэта ты вінаватая ў маёй смерці! Цябе будуць судзіць за тое, што давяла мяне да самазабойства”… Атрымліваецца, не магу яго нават пакінуць! Але я не хачу яго нават бачыць – п’яніцу і бабніка…
 
Я слухаў і не верыў уласным вушам… Дык вось якое яно насамрэч ціхае сямейнае шчасце Алега і Наталлі! Што я мог сказаць ёй? Тое, што ў нашым раёне, наколькі ведаю, ніводнага чалавека не асудзілі за тое, што ён давёў другога да самазабойства. А факт падачы на развод ніяк не можа служыць падставай для давядзення.
 
Цярпець нельга выгнаць
Дзе тая мяжа, да якой жанчына можа трываць мужа-п’яніцу? Адназначнага адказу няма; кожная жанчына дае нашаму брату, мужчыне, сваю колькасць спроб. Расказвае Алена С., жыхарка Івацэвічаў:
– Мы з маім былым мужам Мішам ажаніліся прыкладна 15 гадоў таму. Я зацяжарыла, цераз год нарадзіла дачку. Ці было каханне? Не магу сказаць, каб я яго кахала, але на той мой узрост амаль усе аднакласніцы выйшлі замуж. Мне было… няёмка ха-
дзіць “старой дзевай”. Хаця Міша… увогуле, не разумею: навошта ён ажаніўся? Мы зусім розныя лю-
дзі, жылі “паралельна”, ён ніколі не спяшаўся дадому, пасля работы з сябрамі “квасіў” у нейкіх гаражах… Стаў неахайным, вечна няголены, пракураны; яго вытурылі з аднаго месца работы, пасля з другога. Не жыў – плыў па цячэнні. 
 
Ды ў мяне не такі характар, каб доўга трываць. Выгнала Мішу і нават выкінула яго рэчы. Больш я замуж не выходзіла, мужчыны ў маім жыцці то з’яўляюцца, то знікаюць, але здольнага на сур’ёзныя адносіны не сустракала. Міша, кажуць, распіўся страшна, выглядае, нібы бомж. Хадзілі чуткі, што ён нават памёр… У прынцыпе, мне усё роўна – дзе ён і з кім. Мужчына павінен быць моцным...
Вольга замужам каля 25 гадоў. На старце іх сямейнага жыцця яе муж Анатоль меў, здаецца, някепскія перспектывы, працаваў педагогам у адной з устаноў Івацэвічаў. Але… зноў-такі гарэлка. 
 
– Як ён мог піць і скрываць сваё ціхае п’янства! – бядуе і здзіўляецца Вольга. – Бутэлькі пустыя, паўпустыя і поўныя я знаходзіла ў самых нечаканых месцах у нашай кватэры. Я прасіла, сварылася… Анатоль ціха співаўся, хаця ў цвярозым стане крычаў на мяне, што я істэрычка, перабольшваю, што, маўляў, усе п’юць, а яго, Анатоля, на рабоце ніхто п’яным не “засёк”.
 
Для яго стала поўнай нечаканасцю, калі ў хуткім часе дырэктар школы выклікаў яго ў свой кабінет і сказаў адкрытым тэкстам: “Ад вас пахне алкаголем! Я не стану праводзіць медыцынскі агляд, але ў наступны раз я вас выганю з установы”. Цераз тыдзень мой Анатоль ужо быў звольнены. Ён працаваў грузчыкам, качагарам… Стаў ездзіць у Расію на заробкі, часцей за ўсё беспаспяхова… Фактычна сям’ю забяспечваю я, нада мной смяюцца сяброўкі: чаго ты не прагоніш гэтага алкаша? Але… агульныя дзеці, бацькі яго з вёскі нам дапамагаюць. Неяк сорамна бу-
дзе перад імі падаваць на развод. Відаць, такая мая доля…
 
Два выпадкі, але як па-рознаму жанчыны абышліся, абыходзяцца са сваімі мужамі. Для многіх жанчын учынак Алены – дастойны, аўтарытэтны. Я хацеў бы толькі спытаць у такіх жанчын: вы хацелі б, каб ваш сын ажаніўся на такой жанчыне, як Алена, ці на такой, як Вольга?
 
Як не зламацца моцнаму мужчыне?
Жыццёвае назіранне: для большасці жанчын слабасць мужчыны прыраўноўваецца да подласці мужчыны. Неверагодна, але большасць жанчын, увогуле, не бачаць ніякай розніцы паміж гэтымі насамрэч зусім рознымі якасцямі чалавека.
Слабасць мужчыны могуць прыняць і дараваць толькі маці.
 
Р. быў жанаты, разам з былой жонкай Тамарай выхоўваў двух дзяцей, яны пабудавалі кватэру, купілі легкавік. Але… Р. стаў заўважаць, што жонка часта бавіць час з сяброўкамі, і ў той кампаніі часта з’яўляецца мужчына, які аказвае Тамары знакі ўвагі. Р. зрабіў заўвагу жонцы, але тая ўжо нічога не бачыла, акрамя свайго новага “залётніка”. Яго Тамара, статная, высокая і прыгожая, рэзка змянілася, стала другой – не той Тамарай, якой яе ведаў і любіў Р. І вось аднойчы ён убачыў, як жонка сядае ў “мэрседэс” таго мужчыны.  
 
Р., як кажуць, зламаўся. Сваё гора гэты ціхі, сарамлівы мужчына стаў тапіць у гарэлцы. Толькі ўсё гэта хутка скончылася: Тамара выклікала міліцыю і, увогуле, папярэдзіла, што падобныя выхадкі прывядуць яго ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Што было далей? Ад безвыходнасці Р. стаў яшчэ больш піць, жонка падала на развод. І пайшло, пакацілася …
Я добра ведаю Р., мы з ім падтрымліваем адносіны. Ён зламаўся таму, што не знайшлося цёплага слова ў жонкі Тамары, якая ўсяго, што ёй трэба, дасягнула ў жыцці. Муж замінаў яе новаму шчасцю. І  яна выдаліла яго з жыцця. Ну, а тое, які стрэс перажыў сам Р., яго маці ў вёсцы, – каго гэта цікавіць?.. Для большасці жанчын Р. – слабак. 
 
Гэта самы горшы эпітэт для мужчыны, які можа гучаць з вуснаў жанчыны.
Я толькі забыў параіць Р., каб ён яшчэ раней паклаў перад былой жонкай Тамарай рускую народную казку – вядомую казку, у канцы якой жанчына, што ірвалася ўхапіць ад жыцця ўсё і амаль затаптала пры гэтым мужа, засталася ля разбітага карыта.
…Беражыце мужчын! Мы – не жалезныя!
Аляксандр ГОРБАЧ.
Комментарии (1)
Добавить комментарий RSS-лента RSS-лента комментариев