Група выхаднога дня – для бацькоў — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Група выхаднога дня – для бацькоў

11 ноября 2014 - Administrator
article1335.jpg

 Новыя паслугі і формы дашкольнай адукацыі ў ДУА “Яслі-сад №6 г. Івацэвічы” шукаюць і ўкараняюць актыўна. У адным з першых з дзіцячых садоў тут адкрылася новая форма работы з бацькамі – “Мацярынская школа”,  пасля група вячэрняга прабывання дзяцей, а месяц таму яслі-сад прапанаваў зусім новую для раёна форму дашкольнай адукацыі – групу выхаднога дня. 


– Падобны вопыт удала прыжыўся ў многіх вялікіх гарадах, – расказвае загадчыца ўстановы адукацыі Алена Сарока. – Аднак перш чым уводзіць новую паслугу ў райцэнтры, шчыра кажучы, страхаваліся, праводзілі анкетаванне бацькоў. Жадаючых скарыстацца дзіцячым садам на выхадных знайшлося нямала, і мы прапануем бацькам пакінуць дзіця ў надзейных руках. Потым мы пайшлі яшчэ далей і прапанавалі паслугу бацькам усіх дашкалят горада. На днях да нас ужо звярнулася адна матуля з ДУА “Яслі-сад №1 г. Івацэвічы”, аднак, насуперак нашым чаканням, вялікага наплыву бацькоў пакуль няма.

І ў гэтым няма нічога дзіўнага, як і ўсё новае, гэта паслуга выклікае больш пытанняў, чым адказаў. Па-першае, не ўсе яшчэ ведаюць пра гэта, а па-другое, многім бацькам не зразумела, як можна трапіць у групу і чым, а галоўнае, з кім дзеці будуць займацца гэты час. Дык вось, трапіць у групу можна, напісаўшы заяву і заключыўшы дагавор з установай адукацыі. Група выхаднога дня працуе кожную суботу з 9.00 да 12.00 гадзін і прымае дзяцей 2-6 гадоў. Паслуга будзе платнай, кожны час у групе каштуе 10 тысяч рублёў, так, за адну суботу вы заплаціце ўсяго 30 тысяч рублёў. 
На працягу гэтага часу кіраўнік групы педагог-псіхолаг Святлана Пугачова прапануе выхаванцам развіваючыя заняткі, цікавыя гульні і гутаркі. Таму гэты час для вашых дзяцей пройдзе хутка, а галоўнае – пазнавальна. Калі ў вас яшчэ засталіся нейкія пытанні, то ўсю неабходную інфармацыю вы можаце атрымаць па тэлефоне 2-27-36.
Наталля ГЕРБЕДЗЬ.
Комментарии (0)
Добавить комментарий