Паўвека разам — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Паўвека разам

17 января 2014 - Administrator
article820.jpg

Вяселле. Мабыць, гэту ўрачыстасць памятае кожны чалавек, асабліва момант рэгістрацыі шлюбу. Адсюль, з аддзела ЗАГС, пачынаецца дарога маладых у сямейнае жыццё. У гэты дзень у іх адрас гучаць самыя лепшыя пажаданні сямейнага шчасця, дзетак, дабрабыту, зычаць “храня закон любви святой дожить до свадьбы золотой”. А гады бягуць хуткаплыннай ракой, толькі паспявай адлічваць юбілеі сумеснага жыцця: драўлянае вяселле, ружовае, крыштальнае, фарфоравае, сярэбранае, жамчужнае, рубінавае і вось – залатое.

 

У суботу, 11 студзеня, у аддзеле ЗАГС Івацэвіцкага райвыканкама адбылася ўрачыстая рэгістрацыя залатога юбілею вяселля. Муж і жонка разам паўстагоддзя, яны ўжо даўно даказалі ўсім і сабе сваё ўзаемнае каханне, павагу і адданасць. І вось адчыняюцца дзверы залы ўрачыстасцей. Гучыць вясельны марш Мендэльсона. Пад руку заходзяць залатыя юбіляры – Рыгор Рыгоравіч і Алена Васільеўна Галаты, у абаіх на грудзях прышпілены белыя бутаньеркі, за імі дзеці і ўнукі, праўнучка, родныя і сябры.

Калі бацькі прысутнічаюць падчас рэгістрацыі шлюбу дзяцей, на іх вачах слёзы і радасці, і надзеі. А вось сёння слязінкі блішчэлі ў вачах дзяцей, слязінкі павагі і гонару за сваіх бацькоў.

Імёны залатых вясельных юбіляраў заносяцца ў кнігу Ганаровых гасцей аддзела ЗАГС, запрашаюць падысці і распісацца ў ёй не толькі саміх віноўнікаў урачыстасці, але і ганаровых сведак.

Затым юбілярам прапануюць стаць на вышываны ручнік – сімвал адзінай жыццёвай дарогі, а перад нагамі яго рассцілаюць унукі і праўнучка Таня. Алена Васільеўна і Рыгор Рыгоравіч абменьваюцца новымі залатымі заручальнымі пярсцёнкамі. На стале каравай і свечка – сімвал сямейнага ачага. Юбіляры запальваюць яе. Начальнік аддзела ЗАГС Наталля Аўрусевіч уручае ім дакумент – Ганаровае пасведчанне залатых юбіляраў. Юбіляры сыходзяць з ручніка.

– Гэта ваш першы крок у чарговыя пяцьдзясят гадоў сумеснага жыцця. А гэты ручнік няхай у далейшым рассцілаецца на вяселлях унукаў і праўнукаў як сімвал доўгага сямейнага жыцця – пажадала спецыяліст аддзела Таццяна Лось.

 

Віноўнікі ўрачыстасці запрашаюцца на юбілейны сямейны вальс. Звіняць бакалы з шампанскім і чуецца “горка”. Затым добрыя словы пажаданняў ад дзяцей і іх сем’яў, сяброў. Прыемна было пачуць словы ўдзячнасці за шматгадовую працу ад былога дырэктара ДБПМК-34 А. М. Пукалы, дзе Рыгор Рыгоравіч і Алена Васільеўна працавалі больш за 30 гадоў. Ён уручыў ім каштоўны падарунак.

Павіншавалі залатых юбіляраў і работнікі  Івацэвіцкага ГДК: ансамбль “Сяброўкі” падарыў песню з рэпертуару Алены Ваенгі “Жадаю”.

Фотаздымак на памяць. І ў добры шлях – у наступныя 50 год.

 

А пачыналася ўсё ў далёкім 1962 годзе. Беларуская дзяўчына з вёскі Старыя Пескі Бярозаўскага раёна Алена Суміч паехала вучыцца ў Палтаву, у вучылішча лёгкай прамысловасці. У гэты час тут жа праходзіў тэрміновую вайсковую службу Рыгор Галата. Ён быў родам з горада Нежына Чарнігаўскай вобласці. Па волі лёсу хлопцу і дзяўчыне наканавана было сустрэцца. Год сустракаліся, а потым вырашылі, што не змогуць жыць адзін без аднаго. Шлюб паміж 22-гадовымі Рыгорам і Аленай быў зарэгістраваны 30 снежня 1963 года аддзелам ЗАГС украінскага горада Нежына.

 

 Жыць не было дзе, і таму маладая сям’я пераязджае ў Беларусь, на радзіму Алены. У той час ішло будаўніцтва Бярозаўскай ГРЭС у Белаазёрску, вось і пайшлі туды маладыя шукаць сваю дарогу ў жыцці. Далі невялікі пакойчык у інтэрнаце. У 1965 годзе нарадзілася першая дачка Святлана.

 
У Івацэвічах адкрылася ПМК-28, і Рыгор і Алена ў 1968 годзе пераехалі жыць сюды, пачалі працаваць, ён – слесарам, яна – тынкоўшчыкам-маляром, пазней шмат гадоў працавала дыспетчарам. Маладой сям’і  далі кватэру ў новым пабудаваным доме. У 1971 годзе нарадзілася другая дачка – Наталля. Сям’я Галатаў заставалася працаваць на адным прадпрыемстве, адсюль пайшлі і на заслужаны адпачынак.

Гады ішлі, раслі дзеці, вучыліся, выходзілі замуж. З’явіліся ўнукі. Як у той песні Марка Бернэса “Будут внуки потом, все опять повторится сначала”. Зараз у іх чатыры ўнукі і праўнучка Танечка.

І вось ужо залаты юбілей сумеснага жыцця.


– У чым сакрэт сямейнага даўгалецця і шчасця? – пытаюся ў юбіляраў.

– Раз пачалі жыць разам, то трэба паважаць адзін аднаго, падтрымліваць, а калі патрэбна, то і пайсці на ўступкі. І гэтага правіла павінны прытрымлівацца абое, бо калі гэта будзе з аднаго боку, нічога не атрымаецца, цярпенне калі-небудзь скончыцца і сям’я распадзецца, – чую ў адказ.

– Сям’я нашых бацькоў з’яўляецца для нас прыкладам сямейнага жыцця і адносін, і мы таксама стараемся вучыць сваіх дзяцей так, як жылі яны, – расказваюць пра сваіх бацькоў дочкі Святлана і Наталля.

Дарэчы, усё мерапрыемства падрыхтавалі для бацькоў таксама яны са сваімі сем’ямі, да апошняга не папярэджваючы і нічога не расказваючы. Хацелі паднесці прыемны сюрпрыз. І гэта атрымалася.

Аляксандр ШЫЛА, фота аўтара.

Комментарии (0)
Добавить комментарий