Першыя маленькія ў 2015-м — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Першыя маленькія ў 2015-м

5 января 2015 - Administrator
article1429.jpg

Самыя лепшыя і дарагія падарункі ў гэты Новы год пад ёлкай “знайшлі” тры жанчыны нашага раёна. Яны ў першыя дні 2015 года сталі матулямі. У дваіх нованароджаных хлопчыкаў  і адной дзяўчынкі самае доўгачаканае свята Дня нараджэння будзе супадаць са святамі чароўнымі навагоднімі.

 

Так, 1 студзеня ўсю асалоду мацярынства адчула жыхарка Івацэвічаў Наталля Пашкевіч, першынец у сям’і, нованароджаная дачка аказалася сапраўднай багатыркай і важыць чатыры кілаграмы. Вось дык сапраўды “важкі” падарунак на святы! У гэты ж дзень другім дзіцём, сыночкам вагай ў два кілаграмы 800 грамаў, папоўнілася сям’я Мастыка з аг. Воля. Са сваім хлопчыкам матуля пазнаёмілася а дзевятай гадзіне вечара першага дня Новага года.

 

Шчаслівай і знакавай стала лічба 2 для Алены Пясецкай: у ноч з першага на другое студзеня ў дзве гадзіны дваццаць хвілін яна нарадзіла другое дзіця – здаровага, моцнага сыночка вагай ў 4 кілаграмы 100 грамаў.

Матулі яшчэ не вызначыліся з імёнамі нованароджаных, дата нараджэння – святочная, таму і падыход да выбару імя патрэбен асаблівы.

 

Такім чынам, гэты год сустрэў нас багата – усяго за паўтара дня (інфармацыя была ўзята 2-га студзеня ў 12.00) наш раён узбагаціўся на тры жыхары. Няхай леташняю лічбу ў 407 родаў у радзільным аддзяленні УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” у разы перавысіць лічба гэтага года. Тым больш, што ў 2015 годзе пачалі дзейнічаць шэраг праектаў па падтрымцы сямей, якія выхоўваюць двух і больш дзяцей. Такія сем’і могуць разлічваць цяпер на ільготны крэдыт на будаўніцтва жылля або на сямейны капітал у памеры дзесяці тысяч долараў пры нараджэнні трэцяга і наступных дзяцей.

Наталля ГЕРБЕДЗЬ.

Комментарии (0)
Добавить комментарий