Шлюб – на доўгую памяць, — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Шлюб – на доўгую памяць,

3 августа 2018 - Administrator
article4096.jpg

  або Як маладыя здзівілі сваіх гасцей

Моладзь сёння крэатыўная, скажуць многія. А да радасці нашай, трэба дадаць, яна яшчэ і добрая. 
Усхвалявана паведаміла аб незвычайнай рэгістрацыі шлюбу, якая адбылася ў Целяханах 28 ліпеня, кіруючы справамі Целяханскага сельвыканкама Алена Кайль і хваляванне перадала і аўтару радкоў – цудоўна, як цудоўна зрабілі маладыя, якія сваіх гасцей, запрошаных на рэгістрацыю шлюбу, папярэдзілі, каб кветак ім не дарылі, а замест іх віншавалі дзіцячымі цацкамі. 

Хтосьці з гасцей на такое запрашэнне маладых здзівіўся, хтосьці падтрымаў прапанову, бо кветкі сёння не танныя, а хто падумаў, што маладыя, можа, рыхтуюцца стаць бацькамі… Але Аляксандр Папека і Дзіяна Пушыла (на здымку ўверсе) усіх супакоілі, што сюрпрыз дабрачынны. Гасцей прыйшло многа, чалавек 50, і калі яны віншавалі маладых, то дарылі ім мячы, машынкі, лялькі, наборы для пясочніцы, лега… замест букетаў.

Гэтую гару цацак маладыя пасля вяселля завезлі і падарылі Пінскаму дому дзіцяці, чым расчулілі і там увесь персанал.
Няхай гэты шчымлівы факт стане прыкладам для сучаснай моладзі, а бацькам, якія выгадавалі такіх чуллівых дзяцей, што злучыліся ў сямейную пару, – нізкі паклон. Сям’я, якая пачынаецца з дабрыні і міласэрнасці, мае вялікі шанец пранесці каханне праз усё жыццё, бо гэты пачатак застанецца ў памяці назаўсёды і будзе тым мацуючым звяном, якое аб’ядноўвае дваіх у адно.
Валянціна БОБРЫК.
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий