Шматдзетная сям'я – гэта здорава! — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Шматдзетная сям'я – гэта здорава!

20 мая 2014 - Administrator
article1065.jpg

 Сапраўдны бенефіс для гледачоў і для журы арганізавалі ў мінулы чацвер, 15 мая, у Івацэвіцкім ГДК шматдзетныя сем’і нашага раёна. У гэты дзень тут праходзіў раённы агляд-конкурс “Лепшая шматдзетная сям’я Івацэвіцкага раёна-2014”, удзел у якім бралі дзевяць сямей – Сяргея і Валянціны Басалаяў са Святой Волі, Леаніда і Антаніны Вайцешыкаў з Яглевічаў, Аляксандра і Людмілы Івановых з Целяхан, Паўла і Вольгі Катоў з Рэчак, Ігара і Алены Міскевічаў з Косава, Ігара і Марыны Радзюкоў з Панкоў, Расціслава і Таццяны Рэдзька з Аброва, Віктара і Таццяны Трафімчыкаў са Стаек, Віктара і Ірыны Шляжкаў з Горталя. Асабліва прыемна было бачыць, што на сцэне ў гэты дзень “гаспадарылі” іх дзеці, было больш чым відавочна – кожны з гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак у поўнай ступені ахоплены ўвагай бацькоў; гэтыя сем’і па-сапраўднаму паўнавартасныя, шчаслівыя.


Мерапрыемства пачалося з прывітальнага слова начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах мола-
дзі райвыканкама, члена журы Святланы Завадскай. У нашым раёне каля 700 шматдзетных сем’яў, звярнула ўвагу Святлана Васільеўна, дзяржава робіць многае для такіх сем’яў, але, канешне, толькі каханне, шчырая любоў да дзяцей і разуменне важнасці захавання сямейнага ачага можа зрабіць цалкам шчаслівымі гэтых людзей.

І на сцэне, сапраўды, у гэты дзень мы ўбачылі менавіта шчаслівых людзей, а таксама вытанчаных, разнастайна таленавітых, якія цудоўна праявілі сябе ва ўсіх трох намінацыях – “Мастацтва быць сям’ёй”, “Мая краіна – мая сям’я”, “Сямейны кулінарны шэдэўр”.
На сцэне Віктар і Таццяна Трафімчыкі са Стаек і іх тры дачушкі – Вікторыя, Лізавета, Ксенія. Кадры слайд-фільма сведчаць: тата і мама стварылі цудоўную атмасферу ў гэтай сям’і. “Якія вы дружныя, прыгожыя, працавітыя, акуратныя!” – хацелася ўсклікнуць кожнаму члену журы. Прыемна здзівіла сям’я Вайцешыкаў з Яглевічаў. Чатыры сыночкі і любая апошняя дачка – якое рэдкае спалучэнне! Выхаванне дзяцей у гэтай сям’і вядзецца цераз працу: якія цудоўныя работы выставіла сям’я Вайцешыкаў у фае ГДК! Можна не сумнявацца: вырастуць чатыры сыны сапраўднымі мужчынамі – умелымі і талковымі. Міжволі напрошвалася думка: толькі ў шматдзетных сем’ях вырастаюць належным чынам выхаваныя дзеці. Сямейнае шчасце літаральна вітала ў зале ГДК, калі на сцэну ўздымаліся сем’і Радзюкоў, Шляжкаў, Катоў, Басалаяў, Рэдзька. Вытанчана, цікава расказаў пра станаўленне сваёй сям’і Аляксандр Іваноў. Яны з жонкай Людмілай, якой толькі 30 гадоў, ужо нарадзілі шэсць дзяцей. Аляксандр настолькі цікава і захапляльна расказаў пра гістарычнае і біялагічнае багацце роднай Целяханшчыны, што нікому не падалося дзіўным тое, што яго Людміла, выйшаўшы замуж, пераехала да мужа ў Целяханы з Брэста.

Уздымаўся настрой, калі на сцэну ўздымаліся Ігар і Алена Міскевічы з Косава. Ім толькі 27-28 гадоў, але яны выхоўваюць сына і дзвюх дачушак... У нашым грамадстве бытуе ўстойлівы стэрэатып, што шматдзетныя сем’і – гэта абавязкова стомленыя і “прыбітыя” грузам праблем людзі. Але гледзячы на Ігара і Алену – прыгожых, сімпатычных маладых людзей – зусім не адчувалася, што гэтая сямейная пара адчувае сябе горш, чым, напрыклад, іх равеснікі з ліку тых, хто яшчэ так і не стварыў сям’ю. 
Праўду кажуць: у шматдзетных сем’ях дзеці вырастаюць дружнымі, стараннымі, працавітымі. Гэтае жыццёвае назіранне атрымлівала раз за разам сваё пацвярджэнне, калі на сцэну ўсходзіла тая ці іншая сям’я. Тут і працоўнае выхаванне, і спартыўныя дасягненні, і музычныя таленты. Так, адзін з сыноў сям’і Рэдзька з Аброва, Сава, яшчэ школьнік, а ўжо мае 28 розных грамат і падзяк!

У ходзе апошняга конкурсу “Сямейны кулінарны шэдэўр” кожнаму члену журы, а таксама гледачам і балельшчыкам заставалася толькі вохкаць і ахаць – якія тарты, караваі, салаты! На жаль, перадаць цераз радкі публікацыі багацце фантазіі нашых гаспадынь проста немагчыма. Той выпадак, калі аўтару публікацыі, які, дарэчы, быў членам журы, застаецца толькі ўсклікнуць: гэта трэба бачыць! 
Кожная сям’я ў падрыхтоўку да конкурсу ўклала часцінку сваёй душы, таму галасаванне і вызначэнне лепшай сям’і для журы стала вельмі няпростай задачай. Але галоўнае, што без узнагарод і падарункаў не застаўся ў гэты дзень ніхто з удзельнікаў. А пераможцамі сталі: сям’я Віктара і Ірыны Шляжкаў з Горталя – трэцяе месца, сям’я Расціслава і Таццяны Рэдзька з Аброва – другое, сям’я Віктара і Таццяны Трафімчыкаў са Стаек – першае месца!
Віншуем і дзякуем за ўдзел усім удзельнікам агляду-конкурсу, які стаў сапраўдным святам, стварыў святочны настрой усім прысутным і ў чарговы раз падкрэсліў: шматдзетная сям’я – гэта здорава!
Аляксандр ГОРБАЧ  (фота аўтара). 
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий