Віншаванні для самых любімых — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Віншаванні для самых любімых

16 октября 2018 - Дарья Вдовина
article4240.jpg

У мінулую пятніцу, 12 кастрычніка, у Івацэвіцкім гарадскім Доме культуры прайшлі ўрачыстасці, прысвечаныя самаму пяшчотнаму і душэўнаму святу – Дню маці. Усе словы, усе песні, якія гучалі ў гэты дзень, былі працятыя цёплымі і шчырымі пачуццямі да самай роднай з жанчын – матулі. Маці – выток усяго: і таго, што было, і таго, што яшчэ будзе, яна даруе нам жыццё і на працягу ўсяго нашага лёсу ідзе побач, а мацярынская любоў з’яўляецца для нас невычэрпнай крыніцай сілы і надзеі, да якой  мы звяртаемся ў радасныя і цяжкія моманты жыцця. Хочацца думаць, што ніводная матуля ў гэты кастрычніцкі сонечны дзень не засталася без святочных віншаванняў. Жанчын-маці ўшаноўвалі, напэўна,  у кожным працоўным калектыве, у школах і дзіцячых садках.

 

Па-асабліваму пяшчотна і цёпла было ў зале Івацэвіцкага гарадскога Дома культуры, дзе сабраліся жанчыны розных узростаў і прафесій, якім пашчасціла стаць мамай. Святочная атмасфера панавала ўжо ў фае. Жанчыны разглядалі выстаўку кранальных работ вучняў гурткоў “Лепка” і “Маляванне” ГДК, прытанцоўвалі пад запальныя мелодыі ў выкананні вучняў Дзіцячай школы мастацтваў, а таксама захапляліся выстаўкай аўтарскіх лялек Вольгі Радзюк. Ганаровыя месцы ў поўнай зале занялі прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва, якія ў гэты раз былі ўзнагароджаны ордэнам Маці.
 
Урачысты сход пачаўся з выступлення намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Велікасельца, які з цёплымі і шчырымі словамі віншаванняў звярнуўся да ўсіх матуль Івацэвіччыны, выказаўшы ім асаблівую падзяку і ўдзячнасць. 
 
– Мацярынства – самая галоўная місія жанчыны, ад якой залежыць будучыня краін і народаў ды і развіццё цывілізацыі. Якімі вырастуць дзеці, якую ролю будуць выконваць заўтра ў лёсе краіны, шмат у чым залежыць ад маці, якія робяць усё для таго, каб дзеці атрымалі добрую пуцёўку ў жыццё, сталі годнымі членамі нашага грамадства, – адзначыў Аляксандр Фёдаравіч. – Важнай задачай сацыяльнай палітыкі нашай дзяржавы з'яўляецца рэалізацыя Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі. У раёне за дзевяць месяцаў гэтага года нарадзілася 385 дзяцей, у раёне 843 шматдзетныя сям'і, штогод расце колькасць жанчын, якія ўзнагаро-
джаны ордэнам Маці. Словам “мама” мы называем не толькі тую жанчыну, якая падарыла жыццё, але і тую, якая выхавала, накіравала на правільны шлях. У раёне 26 прыёмных сем'яў, у якіх выхоўваецца 45 дзяцей, 38 апякунскіх сем'яў, дзе знайшлі бацькоўскае цяпло 55 дзяцей, таксама функцыянуюць чатыры дамы сямейнага тыпу, у якіх выхоўваюцца 26 дзяцей. Дзякуй за бескарыслівае служэнне абавязку мацярынства! Бо сапраўды, ніякія зямныя даброты не заменяць цяпла рук і дабрыню мацярынскага сэрца.
 
На сцэну былі запрошаны жанчыны, якія выхоўваюць пяць і болей дзяцей і указам Прэзідэнта ўзнагароджаны ордэнам Маці. Наталля Власавец, Марына Папчэня, пра якіх раёнка ўжо пісала раней, і Ірына Вашчыла (на здымку) – сапраўдныя гераіні свята, узнімаліся на сцэну, каб атрымаць падарункі, кветкі, зычлівыя словы і цёплыя апладысменты залы. Ірына Вашчыла прыйшла на ўручэнне ордэна Маці амаль з усёй сям’ёй, старэйшы сын не змог прыехаць, бо вучыцца ў Пінску. Жанчына прыняла з хваляваннем узнагароду, з цікавасцю сачылі за ўрачыстым момантам дзеці, муж, яе маці, адчувалася, што яны вельмі ганарацца матуляй. У сям’і Ірыны і Вячаслава гадуюцца пяцёра дзяцей: старэйшы 18-гадовы Раман вучыцца ў індустрыяльна-педагагічным каледжы ў Пінску, Ганна вучыцца ў сёмым класе сярэдняй школы №1 г. Івацэвічы, пяцікласнік Глеб, першакласнік Дзмітрый і самы малодшы – пяцігадовы Міхаіл. Маці кажа, што ў кожнага дзіцяці свае захапленні – старэйшы сын скончыў музыкальную школу, Ганна вельмі любіць танцаваць, Глеб гуляе ў футбол, Дзмітрый пакуль прывыкае да школы, а Міхаіл – да дзіцячага садка.
 
­­– У нас у сям’і няма слова “Я”. Ёсць слова “Мы”, – дзеліцца Ірына. – Якая б справа ні была, мы імкнёмся яе рабіць разам. Старэйшы сын вельмі дапамагае з малодшымі, і калі мужа папрашу ў чымсьці дапамагчы, ён заўсёды прыйдзе на дапамогу. У нас ёсць і яшчэ адзін верны памочнік – бабуля. Так і жывём, вялікай дружнай сям’ёю.  Канешне, гадаваць дзяцей нялёгка, але быць мамай – гэта вялікае шчасце. Пра ўсе цяжкасці адразу забываеш, калі цябе абдымаюць маленькія дзіцячыя ручкі, калі бачыш любыя ўсмешкі сваіх малых. Мы вельмі ўдзячны кіраўніцтву нашай краіны за высокую ўзнагароду, — адзначыла жанчына.  – Мы заўсёды адчуваем клопат дзяржавы, карыстаемся ільготамі, якія прадстаўляюцца мнагадзетным сем’ям. Дарэчы, дзякуючы дапамозе дзяржавы, мы пабудавалі дом, у якім жывем ужо шэсць гадоў.
 
Святочнае дзеянне пачалося з выхаду на сцэну самых маленькіх удзельнікаў урачыстасці ­– выступлення вакальнай групы дзіцячай школы мастацтваў сумесна з танцавальным калектывам гарадскога Дома культуры,  якія з першых хвілін паднялі настрой мамам і бабулям, якія сабраліся ў зале. Сказаць, што праграма была па-дамашняму цёплай і кранаючай – нічога не сказаць. Падчас святочнай праграмы жанчыны лагодна ўсміхаліся, крадком выціралі слёзы і спявалі разам з артыстамі ўсім добра вядомыя песні. Можна з упэўненасцю сказаць, свята прайшло на хвалі добрага настрою, у шчырай сардэчнай атмасферы.
 
Ганна ІЛЬЯШЭВІЧ, фота аўтара.
Комментарии (0)
Добавить комментарий