З новым домам! — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


З новым домам!

11 ноября 2014 - Administrator
article1334.jpg

 Некалькі тыдняў назад у гэтым прыгожым двухпавярховым доме на вуліцы Механізатараў у Івацэвічах, які абсталяваны новай мэбляй, сучаснай бытавой тэхнікай, загучалі дзіцячыя галасы: сям’я Сяргея і Святланы Горбачаў з Вішнёўкі, якая выхоўвае семярых прыёмных дзяцей, атрымала гэты дом. А 6-га лістапада прайшло яго ўрачыстае адкрыццё, на мерапрыемства прыйшло кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі зацікаўленых аддзелаў і службаў райвыканкама, устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў Івацэвічаў і раёна. 


–  Гэты дзень знамянальны для ўсіх жыхароў раёна, бо мы яшчэ раз згадваем, наколькі важная роля сям’і ў жыцці чалавека, асабліва дзяцей, якія маюць вострую неабходнасць адчуваць клопат, бацькоўскую пяшчоту, сямейнае цяпло, –  з такімі словамі звярнуўся да прысутных старшыня райвыканкама А. У. Ткачук. – Абарона мацярынства і правоў дзіцяці – прыярытэт нашай дзяржавы. Што тычыцца Івацэвіцкага раёна, то ў нас на сённяшні дзень створана 39 прыёмных сем’яў, у якіх выхоўваецца 52 дзіцяці, а таксама тры дзіцячыя дамы сямейнага тыпу…
Анатолій Ткачук ад раённага выканаўчага камітэта і ад раённага Савета дэпутатаў уручыў дзецям падарунак – камп’ютар. Таксама камп’ютар дзецям ад аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама падарыў М. М. Віннічак. Сімвалічны ключ бацькам-выхавальнікам уручыў начальнік УП “Івацэвіцкая ПМК-11” Л. І. Снарскі, менавіта ПМК-11, як кажуць, пад ключ узвяла гэты будынак… 

Слова ў адказ бярэ Святлана Горбач, пасля прыёмныя дзеці – Люда, Рома, Уладзік, Сяргей, Ксюша, Артур, Лера. Пераразаецца чырвоная стужка, прысутныя заходзяць у прыгожы, прасторны двухпавярховы дом, цікавяцца: як абсталяваны пакоі, ці якасная мэбля?.. Карацей, ці створаны ўмовы, каб прыёмныя дзеці маглі нармальна жыць і развівацца? Уражанні – проста цудоўныя. 

Падарункі ў гэты дзень дзеткам уручалі кіраўнікі і прадстаўнікі раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, ДУ “Івацэвіцкі ТЦСАН”, УП “Івацэвіцкая ПМК-11”, Івацэвіцкага райста, ААТ “Даманаўскі ВГК”, райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі,  УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ”, ЦБП №111 філіяла 802 ААТ “ААБ Беларусбанк” г. Івацэвічы, РКЦ №11 г. Івацэвічы ААТ “Белаграпрамбанк”, сацыяльна-педагагічнага цэнтра, ДУА “СШ №3 г. Івацэвічы”, дзіцячага садка “Каласок”… Зроблены вялікі крок да таго, каб зрабіць гэтых семярых дзяцей шчаслівымі, ахопленымі сямейным цяплом і пяшчотай.
Аляксандр ГОРБАЧ, 
Валерый МІСКЕВІЧ (фота).
Комментарии (0)
Добавить комментарий