За нявестамі і жаніхамі – у Івацэвіцкі раён — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


За нявестамі і жаніхамі – у Івацэвіцкі раён

13 июля 2018 - Administrator
article4061.jpg
Як расказала начальнік аддзела ЗАГС Наталля Аўрусевіч, часцей за ўсё за другой паловай у Івацэвіцкі раён прыязджаюць грама-
дзяне Расіі і Украіны. За першае паўгоддзе ў аддзеле ЗАГС Івацэвіцкага райвыканкама было зарэгістравана 12 шлюбаў з замежнымі грамадзянамі з Расіі, Украіны, Таджыкістана, Казахстана. Нагадаем, у мінулыя гады ў Івацэвіцкім раёне бралі шлюб жаніхі і нявесты з Эстоніі, Грузіі, ЗША, Азербайджана, Турцыі. 

Таксама Наталля Аўрусевіч адзначыла, што прасочваецца тэндэнцыя да павелічэння ўзросту тых, хто вырашыў узаконіць свае адносіны штампам у пашпарце.
– Шлюбы, можна сказаць, «пасталелі». Зараз маладыя людзі больш свядома падыходзяць да стварэння сям’і, –  расказала яна. – Дарэчы, сярэдні ўзрост мужчын, якія вырашылі ўступіць у шлюб, – 30 гадоў, жанчын – 27. Людзі ўжо атрымалі адукацыю, вырашылі пытанні з працаўладкаваннем, а ў некаторых выпадках – і з жыллём. За першае паўгоддзе ў аддзеле ЗАГС Івацэвіцкага райвыканкама было зарэгістравана 137 шлюбаў. На жаль, гэта на 19 меней, чым за адпаведны перыяд мінулага года. Адна нявеста была непаўналетняй, самаму маладому жаніху толькі споўнілася 18. Ва ўзросце пасля 50 рэгістравалі шлюбы два жаніхі і тры нявесты. Але ёсць іншая станоўчая тэндэнцыя – дзяцей у раёне стала нараджацца больш. За шэсць месяцаў бягучага года зарэгістравана нараджэнне 245 дзяцей. На свет з’явілася 120 хлопчыкаў і 125 дзяўчынак. Сярэдні ўзрост матуль – 28 гадоў. 

Самае папулярныя імёны, якімі ў першым паўгоддзі 2018 года называлі дзяўчынак – Сафія, Паліна, Мілана, Валерыя, Дар’я, Марыя, Анастасія, Ксенія, Ульяна (у мінулым годзе таксама лідзіравалі Сафіі, Ганны, Паліны, Анастасіі, Дар’і, Варвары). Сыноў часцей за ўсё называлі Арцёмамі, Максімамі, Мацвеямі, Раманамі, Яраславамі, Данііламі (у мінулым годзе першынство было за Максімамі, Аляксандрамі, Іванамі, Мікітамі). 
Сярод звыклых імёнаў сустракаюцца і экзатычныя. Так дзяўчынак называлі: Разалія, Эвеліна, Земіра, Агнія, Глафіра; хлопчыкаў: Марк, Карым, Даніэль, Давід, Назар. 

У першым паўгоддзі 2018 года зарэгістравана 430 смерцяў, гэта на адну болей, чым за адпаведны перыяд мінулага года. Сярэдні ўзрост памерлых склаў для мужчын 66 гадоў, для жанчын – 79.
Падрыхтавала Ганна Ільяшэвіч. 
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий