Пешаходны пераход будзе ўдасканалены — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Пешаходны пераход будзе ўдасканалены

27 июля 2018 - Administrator
article4086.jpg
Жыхар г. Івацэвічы Л. У. Раковіч, які пражывае па вул. Дэпутацкай, звярнуўся ў рэдакцыю “ІВ” з наступнай праблемай: “Я пенсіянер, жыву ў Івацэвічах, а мае сваякі ў Яглевічах. Таму часта даводзіцца бываць у вёсцы. Транспарт у мяне самы танны і надзейны – веласіпед. Еду з паўночнага мікрараёна праз увесь горад, то па праезнай частцы дарогі, то па тратуары, пераадольваючы шматлікія перашкоды ў выглядзе бардзюра. Трэба сказаць, што гэта не так проста ў пажылым узросце.

Але самы складаны і небяспечны адрэзак шляху – гэта пешаходны пераход праз “алімпійку”. Тут трэба перасячы шэсць палос для руху транспарту. Усё б яшчэ не так страшна, каб не трэба было паднімаць веласіпед з паклажай на раздзяляльную паласу, а потым спускаць з яе. Яшчэ больш складана для тых, хто на ровары, або на калясцы перавозіць дзяцей, не гаворачы пра інвалідаў. Зрабіць невялікі і плаўны скос у месцы бардзюра не складана і нядорага. А яшчэ было б нядрэнна, каб у гэтым месцы ўстанавілі жоўты мігаючы святлафор, які здалёк папярэдзіць вадзіцеляў аб небяспечным пераходзе.
Рух на гэтым пераходзе інтэнсіўны і ў будні, і ў выхадныя, і ў святочныя дні таму, што ў вёсцы пабудавана прыгожая царква, і многія вернікі з горада наведваюць яе.
Не ведаю мясцовых дэпутатаў гэтага ўчастка, але яны маглі б пасадзейнічаць у вырашэнні гэтага пытання".

Перш чым звярнуцца ў адпаведныя інстанцыі, мы выехалі на месца – да пешаходнага перахода праз “алімпійку” каля Яглевічаў. Яшчэ здалёк убачылі, што жанчына з веласіпедам у руках ледзь не подбегам пераходзіць пешаходны пераход. Праз некаторы час да пешаходнага пераходу сталі пад’язджаць і падыходзіць новыя пешаходы. У большасці ў руках веласіпеды, у каго – з грузам, у каго –  без. Першая субяседніца выказалася, што пераход небяспечны. Іншы раз прыходзіцца доўга стаяць, бо легкавікі ляцяць на хуткасці 100 кіламетраў у гадзіну, і нават калі здаецца, што аўтамабіль яшчэ далёка, ён набліжаецца за лічаныя секунды. З веласіпедам трэба хутка пераадольваць пешаходны пераход, але яго на бардзюр на раздзяляльнай паласе трэба ўзнімаць, а потым спускаць. Гэта патрабуе часу, і іншы раз вельмі страшна.

Канстанцін Уладзіміравіч з Яглевічаў дадаў, што невялічкі пандус аблягчыў бы пераход, бо ім карыстаюцца сельскія людзі, якія вязуць з горада мяхі з камбікормам, едуць з дзецьмі.
Любоў Аляксандраўна, таксама жыхарка Яглевічаў, якая рухалася з дачкой і веласіпедам у руках, на раме якога віселі дзве сумкі, казала, што правільна зроблены пераход з зігзагам пасярэдзіне, каб веласіпедысты не пераязджалі яго, а рухаліся па правілах – пераходзілі. Толькі цяжка веласіпед паднімаць на гэты зігзаг, трэба час і сіла, уважлівасць, каб не стаць ахвярай, бо мала хто з вадзіцеляў прыпыняецца каля пешаходнага пераходу... 

Паспрабавалі перайсці "алімпійку" і мы. Скажу шчыра, страшнавата, бо трэба ўлічваць хуткасны рэжым руху аўтамабіляў і шырыню шасці палос. А бардзюр сапраўды высокі.
Мы звярнуліся да начальніка ДЭУ-23 Аляксандра Слясарчыка з пытаннем удасканалення пешаходнага пераходу праз “алімпійку” каля Яглевічаў. Аляксандр Міхайлавіч выслухаў і адказаў, што пераход зроблены ў адпаведнасці з нарматыўнымі актамі, ён асвятляецца ў цёмны час сутак, але бяспека людзей – гэта самае галоўнае. У бліжэйшы час, магчыма, на наступным тыдні, для зручнасці людзей на гэтым пераходзе будзе зроблены невялікі пандус з абодвух бакоў бардзюра. 

Хочацца дадаць, што вельмі прыемна, калі да думкі людзей кіраўніцтва прыслухоўваецца і пра іх бяспеку і зручнасць на дарозе праяўляецца клопат.
Падрыхтавала Валянціна БОБРЫК. 
Фота Валерыя Міскевіча.
 
Комментарии (1)
Добавить комментарий RSS-лента RSS-лента комментариев