Пытанні можна вырашаць на месцы… — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Пытанні можна вырашаць на месцы…

30 января 2018 - Administrator
article3698.jpg

 У рэдакцыю звярнуўся пенсіянер з в. Заполле (Быценскае) Міхаіл Н. Сутнасць яго звароту ў наступным: цяпер гандлёвае абслугоўванне вёскі ажыццяўляецца аўталаўкай. Спыняецца яна ў вёсцы ў такім месцы, да якога пенсіянеру не вельмі блізка (па яго словах, метраў 300-400). Да таго ж, ён інвалід 2 групы. Папрасіў ён прадаўца, каб у наступны раз прыпыніўся ля яго дома, яму адмовілі, маўляў, пункты гандлю ўзгодненыя былі раней, нельга парушаць парадак. А ён баіцца, што не паспее дайсці, выходзіць заранёў, даводзіцца чакаць, а там толькі лавачка стаіць, калі непагадзь, дык няма дзе схавацца…


Пасля нашага звароту ў Быценскі сельвыканкам стала ясна наступнае: у гэтым сельсавеце толькі вёскі Заполле, Прыбарава і часткова Вуглы абслугоўваюцца аўталаўкай. Невялікі маршрут дазваляе магазіну на калёсах строга прытрымлівацца графіка, скаргаў людзей на спазненні не было. Месца спынення аўталаўкі ўзгаднялася з жыхарамі вёсак. Канечне, ля кожнай хаты спыніцца аўтамагазін не можа: каб прадаць нават бохан хлеба і пакет малака, неабходна выканаць шэраг дзеянняў, а гэта час. Да таго ж, будзем казаць шчыра, ёсць разуменне справядлівасці: калі ля аднаго жыхара машына пачала спыняцца – няхай так і паўсюль робіць, выкажацца нехта пасля.

Але ж выйсце ёсць, і яно зусім не складанае. Старшыня Быценскага сельвыканкама Алена Грынчык патлумачыла:
– Калі старому чалавеку цяжка самому выканаць нейкую работу, у тым ліку падысці да аўталаўкі і купіць неабходныя прадукты, ён можа звярнуцца да нас, каб такую дапамогу яму аказваў сацыяльны работнік. Не такая вялікая будзе плата за такую паслугу, тым больш, кожная з паслуг можа аплачвацца асобна. Складзецца дагавор на сацыяльнае абслугоўванне, у нас у Заполлі ёсць сацыяльны работнік. Не бачу ніякай праблемы тут.
А вось з абустройствам месца гандлю аўталаўкай складаней, тым не меней, трэба яго вырашаць – абарона ад ападкаў людзям патрэбная…
Падрыхтаваў Валерый ГАПЕЕЎ.
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий