Вадамер… дазваляе эканоміць — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Вадамер… дазваляе эканоміць

31 августа 2018 - Administrator
article4166.jpg

 У райгазету звярнулася жыхарка в. Выганашчы Аляксандра Паўлаўна Е. (прозвішча і падрабязны адрас ёсць у рэдакцыі), якая са слязьмі ў голасе расказала, што камунальнікі філіяла “Целяханскі” ў жніўні бягучага года ўзялі ў яе плату за ваду ў некалькі разоў большую, чым у папярэднія месяцы.


– Звычайна за ваду плачу 5-6 рублёў у месяц. У двор дома выведзены так званы “гусак”, на яго не ўстаноўлены вадамер, але гэтая сума 5-6 рублёў для мяне не такая значная, таму не задумвалася пра ўстаноўку лічыльніка. Але вось у жніўні прыйшоў разлік за ваду, і высветлілася, што заплаціць трэба… 23 рублі. Чаму такая вялікая сума? Калі б мяне папярэдзілі, што вада стане такой дарагой, то я ўстанавіла б лічыльнік… У філіяле “Целяханскі” тлумачаць так: летам палівачны сезон, таму “невадамерныя” карыстальнікі плацяць больш. Але чаму настолькі больш?
Чаму наша чытачка вымушана была заплаціць за ваду 23 рублі? Вось якое тлумачэнне дае Святлана Лагвіновіч, майстар абаненцкай службы філіяла “Целяханскі” ДУВП “Івацэвіцкая ЖКГ”:

– У двары дома Аляксандры Паўлаўны Е. маецца дваровая водаразборная калонка, на якой адсутнічае прыбор уліку халоднай вады. У адпаведнасці з рашэннем Брэсцкага аблвыканкама “Аб зацвярджэнні норм спажывання вады, якія належаць аплаце пры адсутнасці прыборнага ўліку вады” №442 ад 6.07.2004 года норма спажывання вады з водаразборных дваровых калонак і кранаў складае 50 літраў у суткі на аднаго жыхара, а таксама пры наяўнасці дамашніх жывёл (Аляксандра Паўлаўна Е. мае дзве каровы) – 30 літраў на галаву буйной рагатай жывёлы. Такім чынам, грамадзянцы Аляксандры Паўлаўне Е. налічэнне за водакарыстанне для дамашніх жывёл у залежнасці ад колькасці дзён у месяцы – 4,20 куб. м (30 дзён), а гэта 3 рублі 42 капейкі толькі за жывёлу, плюс за ваду для ўласных патрэб у месяц. 

Палівачны сезон устаноўлены з 15 мая да 31 ліпеня для тых грамадзян, хто не мае вадамера. Такіх карыстальнікаў у нас нямнога: да прыкладу, каля 2 900 абанентаў маюць лічыльнік на ваду, каля 30 – не. Аляксандры Паўлаўне Е. праве-
дзена налічэнне за паліў 0,5 соткі прысядзібнага ўчастка, што склала за ўвесь палівачны сезон 18 рублёў 91 капейку (23,35 кубаметра вады).  

На мой погляд, 23 рублі – не самая высокая сума, яна, магчыма, падаецца адчувальнай таму, што мы яе не разбівалі па частках, а ўзялі адным плацяжом. Камунальнікі філіяла “Целяханскі” паважаюць і даражаць кожным сваім абанентам, але, тым не меней, раім устанаўліваць лічыльнікі – спрэчных пытанняў будзе значна менш, тым болей, паўтаруся, каля 99 працэнтаў нашых абанентаў маюць вадамеры і толькі каля 1 працэнта ніяк “не адважацца” ўстанавіць яго. Хаця ёсць і такія, хто ўстанаўлівае вадамер толькі на палівачны сезон.
Падрыхтаваў Аляксандр ГОРБАЧ.        
Комментарии (0)
Добавить комментарий