З любоўю і павагай да жанчын — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


З любоўю і павагай да жанчын

9 марта 2018 - Administrator
article3807.jpg

 7 сакавіка ў Івацэвіцкім ГДК ладзіўся канцэрт, прысвечаны Дню жанчын. Гасцей мерапрыемства ў фае сустракала цудоўная выстаўка карцін Наталлі Гляд, выхавальніцы дзіцячага садка №6 г. Івацэвічы. Партрэты жанчын і дзяцей, выкананыя ў стылі графіці, “глядзелі” бы жывыя, і ў кожным позірку было сваё жыццё і свой настрой. Атмасферу вясны, кахання і жаночай прыгажосці стваралі самадзейныя артысты раёна, Івацэвіцкага ГДК, Івацэвіцкай Дзіцячай школы мастацтваў. У знак павагі да жанчын на сцэну былі вынесены кветкі ад старшыні райвыканкама Аляксандра Грыцука.


У сваім віншаванні Аляксандр Грыцук падкрэсліў ролю маці ў грамадстве, у сям’і, выказаў шчырую ўдзячнасць шматдзетным мамам, сем’яў якіх у раёне налічваецца 835, з якіх 119 мам узнагароджаны ордэнам Маці. Кіраўнік раёна пажадаў усім жанчынам, каб у дамах заўсёды былі любоў і дабрабыт, каб блізкія і родныя акружалі клопатам і ўвагай, а новая вясна прынесла радасць і ажыццяўленне жаданняў.

І вось ён, самы хвалюючы момант – на сцэну запрашаюцца шматдзетныя маці, якім уручаюцца ордэны Маці, грашовыя ўзнагароды і кветкі.

 

З кожнай з мам мы сустрэліся і яны падзяліліся ўражаннямі. Адзначу адразу, усе былі задаволены святам, дзякавалі за ўвагу, за клопат і за дастойную ўзнагароду. Ордэн як удзячнасць, узнагарода і пацвярджэнне прэстыжу мацярынства быў уручаны сямі шматдзетным мамам з нашага раёна.

 

Алена Віктараўна Багдановіч з Целяхан, якая працуе санітаркай у Целяханскай участковай бальніцы УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ”, але зараз знаходзіцца ў водпуску па доглядзе малодшай дачкі Таццяны, сказала, што дзеці – гэта святое, яны на першым месцы. Пасля страты сына, якому было б сёння 21, яна зразумела: нараджаць трэба колькі Бог ні пашле дзяцей. Пяцёра дзяцей, ад двух гадоў да 18, адчуваюць матчыну любоў і стараюцца маме дапамагчы ў любой справе, нават малодшая двухгадовая Танечка цягне венік, каб падмятаць і наводзіць парадак у доме, які сям’я пабудавала за чатыры гады. Муж Алены Віктараўны, Васіль Паўлавіч, працуе ў філіяле “Целяханы” ДП “Беларусьгандаль”, ён таксама са шматдзетнай сям’і. Старэйшы сын Багдановічаў, Уладзіслаў вучыцца ў алімпійскай школе рэзерву па скачках на батуце ў Гродне, Павел і дочкі Анастасія і Ангеліна – вучацца ў Целяханскай СШ.

 

Алена Васільеўна Груздова – хатняя гаспадыня, даглядае інваліда. Сям’я жыве ў Івацэвічах, муж Канстанцін працуе ў Івацэвіцкай ПМК-11. Алена Васільеўна шчаслівая, бо ў яе дзве двойні: Уладзіку і Эдзіку па 17 гадоў, Кацярыне і Таццяне – па 13 і малодшай Надзеі – 12. Для гэтай маці самае вялікае шчасце, калі дзеці не хварэюць.

 

Таццяна Уладзіміраўна Кароль, ураджэнка Івацэвічаў, якая працуе ў прыватным прадпрыемстве “РусВік” прадаўцом, але зараз знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе малодшага двухгадовага сына Ягоркі, кватэру атрымала як шматдзетная сям’я. Муж Аляксандр Мікалаевіч са шматдзетнай сям’і, з Квасевічаў. Таццяна ўпэўнена, што дзеці павінны атрымаць спачатку добрую адукацыю, а потым выходзіць замуж. Вось яна выйшла ў 18 і не паспела атрымаць вышэйшую адукацыю. Але старэйшыя дочкі на радасць маме вучацца: Кацярына – ва ўніверсітэце культуры, Паліна – будучы фатограф. Малодшыя Паліна і Мілана ходзяць у садок.

Ірына Васільеўна Пархута нарадзіла шасцёра дзяцей: Марыі – 8 гадоў, Ульяне – 6, Эмілі – 5, Ванюшы – 4, Ксеніі – 2, Ілоне – 7 месяцаў. Ірына Васільеўна працуе акушэркай Квасевіцкай амбулаторыі, але з 2004 года – увесь час дома. Муж Сяргей Мікалаевіч працуе жывёлаводам у ААТ “Квасевічы”, сям’я жыве ў в. Ёдчыкі. Яны атрымалі ўчастак для будаўніцтва дома ў Косаве… У невялікай гаспадарцы Пархутаў акрамя трусоў, коз і курэй ёсць і папугай. Сям’я вядзе актыўны лад жыцця, а бацька на рыбалку і ў грыбы бярэ і дзяўчат і сына.

 

Ганна Іванаўна Рэдзька – хатняя гаспадыня. Сям’я жыве ў в. Краі. Муж Васілій працуе ў ААТ “Горталь” слесарам, ён са шматдзетнай сям’і. Бацькі мужа таксама з Краёў, яны і дапамаглі сыну купіць у вёсцы дом. Марыя, Давід, Ілля, Ульяна, Ксенія, якой хутка будзе два гады, – з дзяцінства прывучаюцца да працы. Сям’я працалюбівая, таму ў хатняй гаспадарцы ёсць конь, каровы, куры, гусі, свінні… “Жыць у вёсцы добра – свежае паветра, цішыня, але і працы ўдосталь, паспявай толькі круціцца, – кажа Ганна Іванаўна. – Затое ёсць спадзяванне, што дзеці вырастуць сапраўднымі гаспадарамі, будуць ведаць цану працы і зямлі”.

 

Таццяна Іванаўна Селюжыцкая працуе ў дзіцячым садку ў в. Рэчкі. З мужам Віталіем Уладзіміравічам яны абодва родам з в. Рэчкі і абодва са шматдзетных сем’яў. Старэйшаму Уладу – хутка 18 гадоў, ён вучыцца ў Пінскім каледжы на зваршчыка і машынабудаўніка. Марк, Мікіта і Глеб – школьнікі, а адзінай дачушцы-пястушцы Сафіі – тры. Мама без праблем можа пакінуць малую на старэйшых дзяцей і не хвалявацца. Яны і бацьку памочнікі і ў хаце. Кожнага з дзяцей вылучае самастойнасць і адказнасць. Дом сям’я  атрымала ад бацькоў у спадчыну, але зрабіла там генеральную рэканструкцыю, правялі ўсе выгоды “падагналі” ўсё на свой густ. Таму вёску Таццяна Іванаўна з мужам нізавошта не прамяняюць на горад.

 

Узрушана была ганаровай місіяй паехаць на ўшанаванне шматдзетных мам у Мінск у Палац Незалежнасці Анжаліка Міронаўна Шабацька, інжынер па ахове працы ААТ “Валішча” Пінскага раёна, з Целяхан, якая з мужам выхоўвае пяцёра дзяцей і зараз знаходзіцца ў водпуску па доглядзе двухгадовай малодшай дачушкі Аляксандры. Ордэн з рук Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі – гэта  падзея, якая застанецца ў памяці на ўсё жыццё. “Адна справа бачыць Прэзідэнта па тэлебачанні і зусім іншае ўзрушэнне атрымаць з яго рук узнагароду”, – казала жанчына.

Ім, шматдзетным мамам нашага раёна, гонар і слава. І шчасце няхай ў гэтыя сем’і, дзе звіняць дзіцячыя галасы, лье праліўным дажджом.

Валянціна БОБРЫК, фота Валерыя Міскевіча.

Комментарии (0)
Добавить комментарий