“КОСМАС 535” - у івацэвіцкай бальніцы — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


“КОСМАС 535” - у івацэвіцкай бальніцы

5 марта 2015 - Administrator
article1551.jpg

 Новы лічбавы апарат прыехаў у нашу раённую бальніцу месяц таму. Акурат пасля завяршэння рамонту ў яшчэ адным будучым рэнтген-кабінеце. Якасны рамонт, абноўленая сістэма вентыляцыі, новая мэбля, сучасная камп’ютарная тэхніка, добраўпарадкаваная ардынатарская для ўрачоў-рэнтгенолагаў. Тут усё, што неабходна для паспяховай працы сучаснага рэнтген-кабінета.


На сродкі Міністэрства аховы здароўя быў набыты сам апарат коштам 640 мільёнаў рублёў, а на дадатковыя сродкі з раённага бюджэту, гэта яшчэ 960 мільёнаў рублёў, быў праведзены рамонт у памяшканнях новага кабінета і яго абсталяванне. Апарат ужо ўсталяваны, экзамен па яго эксплуатацыі нашымі медыкамі вытрыманы “на выдатна”. І пасля святочнага адкрыцця 3 сакавіка кабінет распачаў прыём людзей.
Але спачатку спынімся на адкрыцці кабінета. Ацаніць вынік агульнай працы прыйшлі старшыня райвыканкама Анатолій Ткачук, галоўны ўрач УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” Васілій Юзэфовіч, начальнік УП “Івацэвіцкая ПМК-23” Мікалай Лукашэвіч, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Аляксандр Ковыш, дырэктар УП “УКБ Івацэвіцкага раёна” Сяргей Саванчук, загадчык рэнтген-кабінета Васілій Цубер і іншыя прадстаўнікі ўстановы аховы здароўя.

У новым кабінеце прысутныя ўбачылі апарат, што называецца, “у працы”. За некалькі секунд здымак каленнага сустава пацыенткі з плоскапанэльнага лічбавага дэтэктара трапіў спачатку на камп’ютар лабаранта, а пасля  – на манітор урача. Яго высокую якасць лёгка ацаніць нават непрафесійным вокам.

Пасля з такой значнай падзеяй у раённай медыцыне ўрачоў павіншаваў старшыня райвыканкама Анатолій Ткачук.
– Канешне, грошы на апарат і добраўпарадкаванне кабінетаў затрачаныя немалыя, але, калі ўлічваць шэсцьдзесят тысяч здымкаў за год, зробленых у рэнтгеналагічным кабінеце і штодзённую працу па прынцыпу “абследаванне – вынік” у адзін дзень, то апраўданасць гэтай сумы становіцца відавочнай, – падкрэсліў старшыня райвыканкама. – Сучасны апарат дазволіць удасканаліць працу медыкаў і разгрузіць існуючы кабінет, зменшыць тым самым чэргі. Паляпшэнне якасці медыцынскага абслугоўвання, камфорт і зручнасць для людзей – галоўныя мэты гэтага праекта. Мы далі ў рукі медыкаў сучасную тэхніку, цяпер справа за імі, – адзначыў Анатолій Уладзіміравіч.

Але за любой справай найперш стаіць чалавечы клопат, добрая  гаспадарская рука. У гэтым сэнсе найноўшы лічбавы апарат – справа рук галоўнага ўрача УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” Васілія Юзэфовіча, які заўсёды з паразуменнем ставіцца да прапаноў сваіх супрацоўнікаў, а таксама загадчыка рэнтген-кабінета бальніцы Васілія Цубера, які і выступіў з ініцыятывай. Як паведаміў галоўны ўрач УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” Васілій Юзэфовіч, набыццё новага апарата – гэта ўжо другі крок да размеркавання чэргаў, зручнасці ўрачоў і наведвальнікаў рэнтген-кабінета. Два гады таму рашэннем кіраўніцтва ў стаматалагічнае аддзяленне УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” быў вывезены і ўстаноўлены дэнтальны стаматалагічны апарат. Цяпер такіх жа станоўчых вынікаў медыкі чакаюць і ад увядзення ў эксплуатацыю другога рэнтген-кабінета.

Безумоўна, адкрыццё такога сучаснага кабінета – важная падзея для раёна. Як важна і тое, што гэты апарат трапіў да нас першых у вобласці. Такі выказаны давер цяпер патрабуе пастаяннага пацверджання прафесіяналізмам нашых медыкаў.
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара і Валерыя МІСКЕВІЧА.
Комментарии (0)
Добавить комментарий