Цудадзейная сіла аквааэробікі — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Цудадзейная сіла аквааэробікі

10 марта 2015 - Administrator
article1561.jpg

 Каля 100 жанчын з Івацэвічаў і раёна займаюцца ў клубе па аквааэробіцы


Напачатку бягучага года кіраўніцтва вучэбна-спартыўнай установы “ДЮСШ Івацэвіцкага раёна” размясціла аб’яву аб тым, што на базе плавальнага басейна фарміруюцца групы для заняткаў аквааэробікай. Але яны самі не чакалі, што прапанова будзе мець настолькі шалёны поспех: паступіла болей за 200 зваротаў ад жанчын з Івацэвічаў і раёна. І нават ад аднаго мужчыны – усе яны пажадалі актыўна заняцца гэтым надзвычай карысным відам водных заняткаў. У рэшце рэшт сфарміраваны пяць груп, у кожнай з іх каля 20 жанчын, якія па 2-3 разы на тыдзень наведваюцца ў плавальны басейн. Заняткі праводзіць кваліфікаваны трэнер-выкладчык Юлія Петрушэвіч.
– Не магу сказаць, што моцна здзіўлена такой цікавасцю да аквааэробікі – усё ж такі для жанчыны вельмі важна выглядаць падцягнутай, бадзёрай, стройнай і прыгожай. Мяне найбольш здзівіла іншае: вельмі актыўна пайшлі жанчыны сярэдняга і нават пенсійнага ўзросту, займаюцца нават жанчыны, каму больш за 60 гадоў. І іх актыўнасці і жаданню могуць пазайздросціць і маладыя.

– Юлія, а ці ёсць абмежаванні для заняткаў  у вадзе?
– Аквааэробікай могуць займацца людзі любога ўзросту, з рознай ступенню фізічнага развіцця, нават хто мае захворванні пазваночніка, суставаў, аднаўляецца пасля траўмы, мае праблемы з лішняй вагой – усім пойдуць на карысць заняткі. Яна не мае проціпаказанняў, пры гэтым за гадзіну заняткаў можна зрасходаваць да 700 ккал. Гэта цудоўная нагрузка для жадаючых пахудзець: кардыёпрактыкаванні, інтэнсіўныя скачкі і махі, бег, выкарыстанне спецыяльных прыстасаванняў (спецыяльныя гантэлі, нудлы) – усё гэта толькі паляпшае гнуткасць, работу сэрца і суставаў, “спальвае” лішні тлушч. Траўміравацца ў вадзе немагчыма, затое мышцы і суставы можна загрузіць дастаткова моцна, тут і масаж вады, і загартоўка – усё ў комплексе. Сярод тых, хто займаецца, нямала і стройных, худзенькіх дзяўчат, якія жадаюць прапрацаваць мышцы і суставы, каб заставацца ў добрай форме.

– Калі казаць больш канкрэтна, то на якія групы мышцаў найбольш прыпадае нагрузка падчас заняткаў аквааэробікай?
– Найперш, на брушныя мышцы, на мышцы ягадзіц, бёдраў. Заняткі аквааэробікай дазваляюць жанчыне “знайсці талію”. Менавіта гэтыя мышцы атрымліваюць максімальную нагрузку, хаця загружаецца і плечавы пояс, іншыя групы мышц, але не так інтэнсіўна.

– Любыя трэніроўкі патрабуюць цярпення: стаць стройнай за адзін вечар немагчыма. Тым не меней, як хутка можа з’явіцца эфект ад заняткаў аквааэробікай?
– Ужо пасля першых заняткаў можна адчуць паляпшэнне настрою, прыліў бадзёрасці. Гэта я бачу па сваіх жанчынах, якія стомленымі, але з такім добрым настроем пакідаюць плавальны басейн. Расказваюць пасля, што адразу паляпшаецца сон, павышаецца ўзровень жыццёвай энергіі – карысць відавочная. 

Як і ў любым іншым відзе спорту можна разлічваць на добры вынік, калі займацца не меней двух разоў у тыдзень на працягу як мінімум трох месяцаў. Большасць жанчын, канешне, асабліва непакоіць лішняя вага, але калі займацца ў такім рэжыме, то жаданы вынік прый-
дзе абавязкова.  
Падрыхтаваў Аляксандр ГОРБАЧ,фота аўтара.

Комментарии (0)
Добавить комментарий