Формула прыгажосці і вечнай маладосці… — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Формула прыгажосці і вечнай маладосці…

26 февраля 2018 - Administrator
article3769.jpg

  На базе УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” адкрыўся касметалагічны кабінет

На ўрачыстым адкрыцці кабінета галоўны ўрач УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” Васілій Юзэфовіч расказаў, што ідэя адкрыцця касметалагічнага кабінета выношвалася ўжо даўно, была праведзена вялікая работа па яе рэалізацыі. 
– Гэта зусім новы кірунак у дзейнасці бальніцы. Хочацца верыць, што ён будзе запатрабаваны сярод жыхароў нашага горада і раёна. Сродкі, дзякуючы якім з’явіўся гэты кабінет, пазабюджэтныя, спадзяюся, што ў хуткім часе прыбытак ад дзейнасці касметалагічнага кабінета дазволіць пашырыць спектр паслуг з улікам пажаданняў наведвальнікаў, ну а пакуль пачынаем з малога, – адзначыў ён. – Мы зрабілі ўсё, каб нашым наведвальнікам тут было камфортна. І ўжо зараз можна сказаць, што гэта вельмі значнае новаўвядзенне, якое абавязкова зменіць жыццё жанчын нашага раёна да лепшага. 

Аб зручнасці адкрыцця касметалагічнага кабінета для жыхароў раёна гаварыла і загадчыца паліклінікі Святлана Маціеўская. Яна адзначыла, што цяпер наведвальнікам, каб зрабіць пэўныя працэдуры, не трэба ехаць у Баранавічы, Брэст ці Мінск, а проста завітаць у Івацэвіцкую ЦРБ, дзе кваліфікаваны ўрач правядзе патрэбныя маніпуляцыі. Гэта эканоміць сілы і час, а яшчэ грошы. Бо цэны ў новым касметалагічным кабінеце вельмі даступныя ў параўнанні з іншымі ўстановамі такога характару. Яна выказала надзею на тое, што з адкрыццём касметалагічнага кабінета ўсё больш жанчын будуць знаходзіць час для сябе, клапаціцца аб сваёй прыгажосці і давяраць яе толькі прафесіяналам сваёй справы. 
Аб тым, што жанчыны павінны больш часу надаваць догляду за сваёй знешнасцю, разважала і загадчыца Івацэвіцкай цэнтральнай раённай аптэкі №9 Наталля Азарка, якая на імправізаваным стэндзе прадставіла асартымент лекавай касметыкі, якую можна набыць у аптэках раёна. 
Пад касметалагічны кабінет выдзелена памяшканне на першым паверсе паліклінікі, у якім маецца сучаснае абсталяванне. У калідоры – прэйскурант, дзе кожны наведвальнік можа пазнаёміцца з цэнамі на паслугі.

“Гаспадыняй” кабінета стала малады ўрач-дэрматавенеролаг Юлія Монцік (на здымку), якая скончыла Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт па спецыяльнасці “Дэрматавенералогія”, а на касметолага вывучылася ў Мінску і Маскве. Таксама тут будзе працаваць з наведвальнікамі медыцынская сястра Таццяна Баркоўская.

– Трэба адзначыць, што перш чым запісвацца на сур’ёзныя працэдуры, такія, напрыклад, як крыадэструкцыя новаўтварэнняў скуры, пацыент павінен наведаць кабінет урача-дэрматавенеролага. І ўжо з дыягназам і паказаннямі ўрача прыйсці ў касметалагічны кабінет. Кансультацыя такога спецыяліста бясплатная, калі ж вы прыхо-дзіце адразу ў касметалагічны кабінет за кансультацыяй, то за яе трэба будзе плаціць. Калі вам патрэбныя працэдуры па доглядзе – масаж, маскі і іншае, кансультацыя ўрача-дэрматавенеролага не патрэбная. 
У ліку прапанаваных працэдур у касметалагічным кабінеце – праграмы па доглядзе за рознымі тыпамі скуры твару, у тым ліку працэдура чысткі, разнастайныя маскі, у тым ліку для праблемнай і ўзроставай скуры, хімічныя пілінгі, крыамасаж і дарсанвалізацыя твару, выдаленне новаўтварэнняў з дапамогай вадкага азоту, пракол мочак вушных ракавін і іншае. Цэны, сапраўды, радуюць. За масаж твару ў сярэднім прыйдзецца аддаць ад 5 да 10 рублёў, лячэбныя і амаладжваючыя маскі каштуюць ад 10 да 14 рублёў, крыадэструкцыя дабраякасных  нова-
ўтварэнняў скуры вадкім азотам – ад 3,6 да 6,3 рублёў, праграмы карэкцыі недахопаў скуры твару – ад 10,8 да 18 рублёў, самыя дарагія працэдуры – пілінгі – каштуюць 23,6 рублёў. 

У дзень адкрыцця касметалагічны кабінет абслужыў сваю першую наведвальніцу Ніну Каральчук, якая паспрабавала на сабе праграму экспрэс-догляду за 30 хвілін.
– Вельмі прыемная працэдура. Так расслабляе! Поўнай рэлаксацыі спрыяе яшчэ і вельмі зручная і мяккая кушэтка. У мяне вельмі адчувальная скура, таму вырашыла паказацца касметолагу і паправіць сітуацыю, – расказала яна. – Эфект буду назіраць яшчэ, але ўжо тое, што з’явілася ў горадзе месца, дзе жанчынам можна прыемна правесці час з карысцю для здароўя – вельмі радуе. Яшчэ я атрымала вельмі значныя і каштоўныя парады па доглядзе за скурай твару ад прафесійнага касметолага, якія абавязкова вазьму на ўзбраенне.
Юлія Монцік падкрэсліла: вельмі важна штодня даглядаць сваю скуру. Гэта ўключае ў сябе абавязковае ачышчэнне, танізаванне, ўвільгатненне раніцай і жыўленне ўвечары. Але некаторыя працэдуры можа якасна правесці толькі касметолаг, так як ён выкарыстоўвае спецыяльныя глыбокапранікальныя сродкі і валодае неабходнымі навыкамі і методыкамі іх выкарыстання.

— Любая жанчына ў любым узросце імкнецца выглядаць прыгожа і падоўжыць сваю маладосць. І не сакрэт, што адзін са складнікаў прывабнага выгляду – гэта прыгожая і здаровая скура. І без сур'ёзнага догляду за ёй не абысціся. Прымаючы гэта пад увагу, я ў сваёй працы выкарыстоўваю толькі прафесійныя сродкі вядомых касметычных кампаній, кіруючыся індывідуальным падыходам да кліента і забяспечваючы камфорт і бяспеку працэдур. Імкнуся быць у курсе новых тэхналогій, пастаянна ў пошуку і вывучэнні новых сродкаў і метадаў па доглядзе скуры. Я атрымліваю задавальненне, гледзячы на задаволеных жанчын, якія пакідаюць з усмешкай гэты кабінет. Спадзяёмся, што ў будучым у нас будзе магчымасць прапанаваць нашым кліенткам і больш складаныя ін'екцыйныя працэдуры.

Для зручнасці наведвальнікаў, касавы апарат устаноўлены прама ў касметалагічным кабінеце, што вызваляе ад неабходнасці звяртацца ў бухгалтэрыю і дае магчымасць расплачвацца за працэдуры прама на месцы.  Касметалагічны кабінет пакуль працуе з 16.30 і, як гаворыцца, да апошняга кліента. У хуткім часе з’явіцца больш дакладны расклад, кабінет, магчыма, будзе працаваць па суботах. У планах ­– прапаноўваць наведвальнікам падарункавыя сертыфікаты, якія можна будзе набыць непасрэдна ў касметалагічным кабінеце.  Пагадзіцеся, гэта заўсёды прыемны і вельмі зручны падарунак на любое свята.

Райбальніца прапаноўвае ўсё больш сучасных паслуг. І, як адзначыла ўрач-дэрматавенеролаг, мяркуючы па тым, з якім спектрам і колькасцю пытанняў звяртаюцца да яе пацыенты, паслугі касметалагічнага кабінета, які адпавядае ўсім сучасным патрабаванням, будуць сапраўды папулярнымі. 
Ганна Ільяшэвіч, фота аўтара.
Комментарии (0)
Добавить комментарий